«ПіК Свабоды». Чым можа зьдзівіць Дональд Трамп? Ацэнка паліталягіні Шмацінай

Дональд Трамп, Камала Гарыс, Кацярына Шмаціна, каляж

Якой можа быць формула міру ва Ўкраіне паводле Трампа? Ці знойдзецца ў гэтай формуле месца для Беларусі? Наколькі магчыма, што Трамп заключыць угоду з Лукашэнкам, і якой можа быць гэтая ўгода?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае паліталагіня, дасьледчыца Вірджынскага політэхнічнага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне Кацярына Шмаціна.

— Пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах стаў экс-прэзыдэнт Дональд Трамп. Якія наступствы будзе мець яго вяртаньне ў Белы дом?

Нагадаю некаторыя пункты беларуска-амэрыканскіх адносінаў у часы папярэдняга прэзыдэнцтва Трампа.

  • Візыты ў Беларусь самых высокапастаўленых вашынгтонскіх чыноўнікаў за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі — Болтана і Пампэо.
  • Папярэджаньне Болтана супраць збліжэньня Беларусі з Кітаем.
  • Упершыню з 2008 году прызначэньне амбасадаркі ЗША ў Беларусь.
  • Набыцьцё Беларусьсю амэрыканскай нафты.
  • Пратэсты 2020 году і першыя амэрыканскія санкцыі ў сувязі зь імі.
  • Тэлефанаваньне Пампэо Лукашэнку, вынікам чаго стала вызваленьне палітвязьня Віталя Шклярава.

Зусім не відавочна, што новая палітыка Трампа будзе працягам ранейшай — надта моцна зьмянілася сытуацыя ў Беларусі і ў сьвеце. Але што з тагачаснай палітыкі ўсё ж можна экстрапаляваць на будучыню?

— Пачну з апошняга. Шкляраў мае амэрыканскае грамадзянства, і перамовы вяліся аб вызваленьні амэрыканскага грамадзяніна. Да таго ж яго жонка — амэрыканская дыпляматка. І заява па выніках той размовы Пампэо з Лукашэнкам сьцьвярджала, што тагачасны прэзыдэнт Трамп не пацярпіць перасьледу амэрыканскага грамадзяніна. Ніякіх словаў пра падтрымку беларускага пратэсту ў гэтай заяве не было. Вашынгтон тады, па сутнасьці, ігнараваў маштабныя пратэсты 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што казаў Дональд Трамп пра Беларусь

— Але я ўжо прыгадаў, што першыя санкцыі, якія былі ўведзеныя ЗША за брутальнае здушэньне пратэстаў, былі ўведзеныя менавіта пры прэзыдэнту Трампу.

— Так. Але тыя першыя санкцыі даволі слабыя, тады ішла размова адно пра пэрсанальныя санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў, датычных да фальсыфікацыі выбараў і падаўленьня пратэстаў. Наўрад ці такія санкцыі былі надта балючыя для беларускіх уладаў. Што тычыцца нармалізацыі адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю да 2020 году, гэта быў час, калі Лукашэнка пасьпяхова прадаваў сябе як донара рэгіянальнай стабільнасьці. І тады была прастора для нармалізацыі — праз паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны. Візыты высокіх прадстаўнікоў Вашынгтону Болтана і Пампэо мелі на мэце збалянсаваць уплыў Кітаю ў рэгіёне. Гэта рабілася ня дзеля таго, каб умацаваць незалежнасьць Беларусі. Хоць такія заявы тады і рабіліся.

— Ці стане мэтай палітыкі новай адміністрацыі ЗША вывядзеньне дыктатарскай Беларусі з арбітаў Расеі і Кітаю?

— Я ня бачу для гэтага падставаў з улікам расейскай агрэсіі і таго, наколькі пасьпяхова Масква займаецца ядзерным шантажом Захаду. Такім чынам Крэмль стварае ў пэўных амэрыканскіх палітычных колах уражаньне, што вайна ва Ўкраіне — гэта рэгіянальны канфлікт, які не закранае інтарэсы ЗША.

— Палітычны аналітык Арцём Шрайбман днямі выказаў меркаваньне, што новая адміністрацыя Трампа можа прадэманстраваць у стасунках зь Менскам большую гнуткасьць, чым папярэдніца. Абмен вязьняў на экспарт тэхналёгіяў ці на адкрыцьцё балтыйскага калідора для беларускіх калійных угнаеньняў: на думку Шрайбмана, угоды такога кшталту — гэта тое, чаму аддае перавагу Трамп. Такія ўгоды магчымыя?

— Так. Але якія наступствы гэта будзе мець для беларускага дэмакратычнага руху і для пэрспэктывы дэмакратычных пераменаў у Беларусі? Аніякіх. Сумна, што барацьба дэмакратычных сілаў і беларускага народу на працягу апошніх гадоў прыйшла да пункту, калі мы чакаем, што Лукашэнка вызваліць палітвязьняў, а мы папросім Захад прызнаць выбары 2025 году. На іх ён сам сябе пераабярэ, і мы зноў трапім у вечны цыкль адлігаў і замаразкаў. Вернемся да таго, з чаго пачыналі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго Лукашэнку чакаць ад Трампа. Аналіз Карбалевіча

— Кацярына, гэта вашая палітычная пазыцыя. Яе падзяляюць многія палітыкі дэмсілаў. Але ёсьць палітыкі дэмсілаў, якія такую палітыку не падзяляюць: напрыклад, Андрэй Ягораў, Іван Краўцоў, Аляксандар Кныровіч. Яны лічаць, што вызваленьне соцень палітвязьняў стала б кардынальнай зьменай сытуацыі ў краіне. Але мы абмяркоўваем пазыцыі не беларускіх палітыкаў і аналітыкаў, а пазыцыю Трампа. Яму была б цікавая такая ўгода?

— Я лічу, што гуманітарныя перамовы аб вызваленьні палітвязьняў магчымыя. І людзей трэба ратаваць, калі ёсьць такія магчымасьці. Але ў любой амэрыканскай адміністрацыі вельмі абмежаваны інтарэс да таго, каб істотна спрыяць мірнаму трансфэру ўлады ў Беларусі. Калі дэмакратычныя сілы Беларусі змогуць «прадаць» адміністрацыі Трампа ідэю нейкай угоды з Лукашэнкам і пакажуць, якая ў гэтым будзе рэпутацыйная выгада для Белага дому, то такія перамовы магчымыя. Але я б адзначыла, што для пераважнай большасьці полісімэйкераў Беларусь — гэта частка Расеі. А ў такім разе які сэнс у перамовах зь Менскам?

Якая можа быць формула міру ва Ўкраіне паводле Трампа і якое будзе месца Беларусі ў гэтай формуле — пра гэта глядзіце відэа гутаркі з Кацярынай Шмацінай.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.