Яны робяць пляны, якія ўлічваюць магчымае ўзмацненьне напружаньня ў гандлі з ЗША і тое, што ЭЗ давядзецца несьці большую нагрузку ў палітычнай і фінансавай падтрымцы Ўкраіны.
Акрамя таго, Трамп раней аддаваў перавагу супрацоўніцтву са сваімі саюзьнікамі ў рэгіёне — такімі, як прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан — а не з Эўразьвязам у цэлым.
У размовах з чыноўнікамі ў Брусэлі гэтай раніцай пераважна панаваў змрочны настрой, але пры гэтым былі і праявы аптымізму. Яны ўжо маюць досьвед узаемадзеяньня з Трампам, і ў нейкім сэнсе Эўразьвяз наблізіўся да палітычных падыходаў кандыдата ад Рэспубліканскай партыі. Палітыка ЭЗ датычна міграцыі цяпер нашмат больш жорсткая, і хоць Эўразьвяз і спадзяецца на ўгоды аб вольным гандлі з рознымі рэгіёнамі сьвету, аб'яднаньне 27 эўрапейскіх краінаў робіцца ўсё больш пратэкцыянісцкім.
Некаторыя эўрапейскія дыпляматы лічаць, што больш жорсткая пазыцыя Эўразьвязу наконт Кітаю можа паспрыяць добраму пачатку новай фазы трансатлянтычнага супрацоўніцтва — у тым выпадку, калі эканомікі краінаў ЭЗ, арыентаваныя на экспарт, змогуць дазволіць сабе страты ад патэнцыйных крокаў Кітаю ў гандлі.
У NATO — абарончым альянсе, зь якога Трамп у 2018 годзе пагражаў выйсьці — настрой не выглядае настолькі панічным.
Хоць Трамп і працягваў ставіць пад сумнеў Артыкул 5 Дамовы аб стварэньні NATO, які прадугледжвае ўзаемную вайсковую дапамогу ў выпадку нападу на любога з чальцоў Альянсу, шмат хто з афіцыйных асобаў NATO лічыць, што Трамп больш сканцэнтраваны на праблемах у адносінах з Эўразьвязам. Акрамя таго, кажуць яны, пераважная большасьць чальцоў Альянсу цяпер ужо выдаткоўвае патрэбныя 2 працэнты ВУП на абарону, і яны ахвоча прызнаюць, што на гэта паўплываў ранейшы ціск з боку Трампа. Акрамя таго, кажуць аптымісты, новы генэральны сакратар NATO Марк Рутэ – адзін зь нямногіх эўрапейцаў, да якіх прыслухоўваецца новы прэзыдэнт ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп вяртаецца на пасаду прэзыдэнта ЗШАУ размовах з прадстаўнікам і ЭЗ, і NATO мяне ўразілі дзьве рэчы. Па-першае, цяпер менш вядома пра атачэньне Трампа. Калі яго абралі ў 2016 годзе, у ягонай адміністрацыі былі рэспубліканцы, зь якімі эўрапейцы адчувалі сябе гатовымі мець справы: да прыкладу, Рэкс Тылерсан, Джым Мэтыс і Джон Болтан. Гэтым разам эўрапейцы пачуваюцца больш трывожна — да прыкладу, іх непакоіць ізаляцыянізм будучага віцэ-прэзыдэнта Дж. Д. Вэнса.
Па-другое, ёсьць ясны падзел на Захад і Ўсход. Тыя афіцыйныя асобы з краінаў Заходняй Эўропы, зь якімі я размаўляў, прынамсі звонку, вельмі змрочна глядзяць на пэрспэктывы прэзыдэнцтва Трампа.
Але ў размовах з палітыкамі і афіцыйнымі асобамі з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы можна адчуць надзею і нават узрушанасьць. Выглядае, што яны лепш успрымаюць бізнэс-падыход, на якім грунтуецца палітыка Трампа, і лічаць, што ягоная меркаваная непрадказальнасьць можа быць добрым фактарам у стасунках з Пэкінам, Масквой і Тэгеранам.
У любым выпадку Злучаныя Штаты і Эўропа ўжо нейкі час узаемна аддаляюцца, бо кожная з адміністрацый у Вашынгтоне ўсё больш пераарыентоўваецца на Ціхаакіянскі рэгіён. І разрыў паміж ЗША і Эўропай, хутчэй за ўсё, будзе толькі павялічвацца ў будучыні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што казаў Дональд Трамп пра БеларусьПрэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.