Падлік галасоў у ЗША паказвае, што рэспубліканец Дональд Трамп, праўдападобна, зноў стане гаспадаром у Белым доме.
У выпадку пацьверджаньня сваёй перамогі Трамп стане толькі другім прэзыдэнтам у гісторыі ЗША, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
Дональд Трамп у час свайго першага прыходу на прэзыдэнцкую пасаду ў 2017 годзе не ўдзяляў Беларусі вялікай увагі. Пра гэта сьведчыць малая колькасьць ягоных заяў пра Беларусь.
Канец першай кадэнцыі Трампа прыпаў на 2020 год, калі ў Беларусі, акурат у час выбарчай кампаніі ў ЗША, разгарнуліся пратэсты супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Дзяржаўным сакратаром ЗША тады быў Майк Пампэо. У выданьні Foreign Policy крытыкавалі тагачасныя ўлады за вельмі стрыманую рэакцыю на фальшаваньне Лукашэнкам выбараў, гвалт сілавікоў і агульнанацыянальныя пратэсты ў Беларусі.
12 жніўня 2020 году, праз тры дні пасьля галасаваньня ў Беларусі і жорсткага задушэньня вулічных пратэстаў, Пампэо, зьвяртаючыся да парлямэнту Чэхіі ў Празе, гаварыў пра «дасягненьне бясьпекі ў Эўропе», 20 разоў згадаўшы Кітай і ніводнага разу адкрыта Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў дзяржсакратару ЗША аб «нацыянальным дыялёгу». Зьявіліся падрабязнасьці размовы17 жніўня 2020 году, назаўтра пасьля самага масавага вулічнага пратэсту ў гісторыі Беларусі, кадры якога абляцелі ўвесь сьвет, сам Дональд Трамп адзначыў, што ў Беларусі склалася «жудасная сытуацыя». Прадстаўнік адміністрацыі Трампа на ўмовах ананімнасьці ў той самы дзень сказаў Reuters, што ўлады Беларусі на тле шматтысячных пратэстаў «больш ня могуць ігнараваць такіх сыгналаў пра дэмакратыю».
На наступны дзень Трамп заявіў, што падзеі ў Беларусі не ствараюць уражаньня, што ў краіне шмат дэмакратыі, і падкрэсьліў мірны характар беларускіх пратэстаў. Да таго і пасьля Трамп меў на ўвазе становішча Беларусі толькі ў кантэксьце адносінаў з Расеяй.
«Мне падабаецца бачыць дэмакратыю. Але, здаецца, у Беларусі цяпер ня надта шмат дэмакратыі. Безумоўна, гэта вельмі вялікае шэсьце, і здаецца, гэта мірнае шэсьце», — сказаў Трамп у той дзень.
Да сказанага амэрыканскі прэзыдэнт тады дадаў толькі тое, што перамовы з Расеяй пра становішча ў рэгіёне пройдуць у «адпаведны час».
Ужо ў верасьні 2020 году пачаліся першыя кантакты амэрыканскай адміністрацыі са Сьвятланай Ціханоўскай. А ў кастрычніку адбылася тэлефонная гутарка Лукашэнкі з Пампэо, вынікам якой стала вызваленьне зь беларускай турмы палітвязьня, амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паранаідальна шукаў маскоўскі, амэрыканскі сьлед». Новыя дэталі ад Шклярава пра сустрэчу Лукашэнкі з палітвязьнямі ў «Амэрыканцы»Таксама адміністрацыя Трампа замарожвала фінансаваньне інструмэнтаў для барацьбы з цэнзурай. Тады, акрамя Беларусі, адмысловая амэрыканская кампанія Open Technology Fund працавала яшчэ і з дэмакратычнымі дзеячамі Ганконгу.
Атрымаўшы тое апавяшчэньне пра замарожваньне грашовай падтрымкі, прэзыдэнтка фонду Лора Канінгем адзначыла:
«Было проста жудасна сказаць, што ў нас няма рэсурсаў, каб дапамагчы вам. Мы ня здолелі забясьпечыць тую дадатковую падтрымку, якую маглі б зрабіць звычайна».
Пры гэтым якраз пры адміністрацыі Трампа ў ЗША прынялі два пакеты санкцыяў (2 кастрычніка і 23 сьнежня 2020 г.) адносна Беларусі за фальсыфікацыю выбараў 2020 году і гвалт супраць пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць беларусам, калі Трамп ізноў стане прэзыдэнтамПрэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.