10 гадоў за 1 грам наркотыку
14-гадовую школьніцу з Горадні асудзілі на 10 гадоў выхаваўчай калёніі. Паводле абвінавачаньня, яна зрабіла закладкі наркотыку клефэдрону вагой каля аднаго грама. Сюжэт пра гэта паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі ў канцы кастрычніка. Дзяўчына, паводле афіцыйнай вэрсіі, дзейнічала ў складзе групы цягам «кароткага часу».
Як расказалі ў відэа, падлеткі знаходзілі аб’явы пра нелегальны заробак у сеціве. Зь імі зьвязваўся куратар. Падлеткі павінны былі забіраць наркотыкі, расфасоўваць і распаўсюджваць іх праз закладкі. Як расказала прадстаўніца інспэкцыі ў справах непаўналетніх, гэта былі дзеці з пасьпяховых сем’яў, самі яны наркотыкаў не ўжывалі. У сюжэце адзначылі, што ўсім затрыманым падлеткам пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў зьняволеньня.
Сёлета ў траўні падобная гісторыя адбылася ў Пінску. 16-гадовага навучэнца асудзілі на 10 гадоў калёніі за наркотыкі. Паводле абвінавачаньня, ён таксама рабіў закладкі з псыхатропаў. Пры затрыманьні пры ім знайшлі 155 грамаў псыхатропнага рэчыва.
Паводле закону, крымінальная адказнасьць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў (да іх адносяць і абарачэньне наркотыкаў) падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасьці з 14 гадоў.
Антынаркатычнае заканадаўства ў Беларусі вельмі жорсткае. За распаўсюд наркотыкаў можна атрымаць ад 5 да 25 гадоў зьняволеньня. У 2017 годзе паўстаў рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня пакараньня за «наркатычныя» злачынствы.
Псыхоляг Натальля Скібская мяркуе, што ў Беларусі так жорстка караюць падлеткаў, бо кіраваць людзьмі найбольш эфэктыўна праз гвалт, тэрор і запужваньне.
«Усе дэмакратычныя захады, накіраваныя на вырошчваньне рознабакова разьвітых людзей, гэта вельмі доўга, дорага і няма гарантый. З незатэрарызаванымі людзьмі трэба дамаўляцца. А гэта цяжка, займае час, патрабуе шмат высілкаў. А трэба хутка і эфэктыўна. Затэрарызаваць прасьцей», — кажа яна.
Спэцыялістка мяркуе, што дзеля гэтага робяць паказальныя суды. Прыкладам, у вучэльнях. Запісваюць і публікуюць прымусовыя відэа, бо гэта ўзьдзейнічае ня толькі на фігурантаў справаў, але і на «сьведак» — людзей, якія за гэтым назіраюць. У тым ліку на аднаклясьнікаў, аднагрупнікаў асуджанага падлетка.
Судовы працэс над групай падлеткаў, абвінавачаных у распаўсюдзе наркотыкаў.
Крадзяжы, хуліганства, махлярства, наркотыкі
У 2023 годзе падлеткі ў Беларусі зьдзейсьнілі 1353 злачынствы, паведамляла дзяржаўная агенцыя БелТА. Тады ўзровень злачыннасьці непаўналетніх дасягнуў мінімальнага ўзроўню за апошнія гады. Для параўнаньня, у 2016 годзе падлеткавых злачынстваў было амаль на 40% больш. Сярод падлеткавых парушэньняў перадусім крадзежы, хуліганства, махлярства і распаўсюджаньне наркотыкаў.
Прадстаўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар адзначыў у размове са Свабодай, што злачынстваў, якія зьдзяйсьняюць падлеткі ў Беларусі, менш за 3% у агульнай іх колькасьці.
Ён мяркуе, што прычынай парушэньня закону можа быць тое, што дзеці выхоўваюцца не ў пасьпяховых сем’ях. Таксама, паводле яго, прафіляктыка кепска арганізаваная.
«Прафіляктыка пастаўленая на паток. Яна дастаткова шаблённая. Пачынаецца са школы. Там таксама ня моцна гэтаму ўвагу ўдзяляюць сацыяльныя пэдагогі», — кажа суразмоўца.
Ён дадаў, што не заўсёды дзеці атрымліваюць вялікія тэрміны. У выпадках крадзяжоў справа не заўжды даходзіць да суду, часам гэта ўмоўныя тэрміны або абмяжоўваюцца тэрмінам, які падлетак адседзеў падчас сьледзтва, адзначыў Жыгар.
Выпадкаў махлярстваў сярод непаўналетніх былы сілавік сустракаў мала. Ён расказаў пра сытуацыю, калі хлопец прадаваў красоўкі праз інтэрнэт. Атрымаў грошы, аднак замест тавару выслаў пакупніку нешта іншае.
«Дзіця не разумее, што знайсьці яго вельмі лёгка», — адзначае Жыгар.
«Ніхто папраўкі на ўзрост для дзяцей ня робіць»
Іншая сытуацыя, калі гаворка ідзе пра распаўсюд наркотыкаў.
«Калі гэта зьвязана з наркотыкамі, то падлеткі спакушаюцца паведамленьнямі ў інтэрнэце, дзе абяцаюць хуткі і вялікі заробак зь мінімальнымі высілкамі», — зазначае прадстаўнік ініцыятывы сілавікоў.
Тэрміны, якія атрымліваюць падлеткі за наркотыкі, параўнальныя з тымі, якія даюць дарослым наркакур’ерам.
«Ніхто папраўкі на ўзрост для дзяцей ня робіць», — адзначае Жыгар.
Прысуд у 10 гадоў 14-гадовай школьніцы ён называе звычайнай для Беларусі практыкай.
«Ніхто не разьбіраецца. Сыстэмай усё пастаўлена на такія рэйкі, каб караць максымальна... Гэта абсалютна ненармальная сытуацыя. Так быць не павінна. Ніякая зона, ніякая калёнія ня робіць дзіця лепшым. Дзіця, якое знаходзілася ў тых умовах, у лепшым выпадку страціць гады свайго жыцьця, а ў горшым — стане на гэтую сьцежку», — тлумачыць суразмоўца.
Былы міліцыянт мяркуе, што ні адукацыйная, ні праваахоўная, ні пэнітэнцыярная сыстэма ў Беларусі ня здольныя інтэграваць такога падлетка ў грамадзтва, зрабіць яго лепшым.
«Кожны хоча прыкрыць свой тыл, каб яму потым па шапцы не прыляцела. Праваахоўная сыстэма хоча, каб была раскрытая крымінальная справа, каб статыстыка ня падала. А што потым будзе з гэтым дзіцем у будучыні, нікога не турбуе. Многія злачынцы, зь якімі я перасякаўся, пачыналі з „малалеткі“, і потым усё іхнае жыцьцё ішло пад адхон», — гаворыць Жыгар.
Ён ня ведае дакладных лічбаў, але мяркуе, што прыкладна траціна падлеткаў, якія парушылі закон, пазьней паўторна робяць злачынствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона«У дзіцячай калёніі больш прытрымліваюцца „вараўскіх“ паняцьцяў»
Адзіная выхаваўчая калёнія для непаўналетніх у Беларусі месьціцца ў Бабруйску. Летась дзяржаўная агенцыя БелТА публікавала рэпартаж адтуль. Зь яго вынікае, што ў калёніі дзеці або вучацца ў школе, або могуць паступіць у каледж на цесьляра, станочніка, слесара. Кіраўніцтва калёніі расказвала ў рэпартажы, што асуджаныя падлеткі могуць атрымаць нават вышэйшую адукацыю — платна. Сямёра зьняволеных вучацца на эканамістаў, псыхолягаў і мэнэджараў.
Паводле БелТА, асуджаныя падлеткі займаюцца спортам. У калёніі ёсьць палі для футболу, валейболу, спартовая заля, хакейная пляцоўка. Штозіму ў калёніі робяць спаборніцтвы ў біятлёне. Дзяцей наведваюць сьвятары, адпраўляюць набажэнствы. У мэтах прафіляктыкі зь непаўналетнімі арыштантамі і іхнымі аднагодкамі на волі арганізоўваюць сумесныя стрымы, каб зьнеахвоціць маладых людзей парушаць закон.
Як расказаў былы міліцыянт Уладзімер Жыгар, умовы ў выхаваўчай калёніі ў Бабруйску можна параўнаць з умовамі ў калёніях для дарослых.
«Наколькі я чуў, псыхалягічна стан у дзяцей там нашмат горшы, бо юнацкі максымалізм. У дзіцячай калёніі больш прытрымліваюцца клясычных „вараўскіх паняцьцяў“. Яны пачынаюць гуляць у гэта і задужа моцна загульваюцца», — кажа Жыгар.
На думку былога міліцыянта, нават у калёніях для дарослых гэтая сыстэма правілаў стала менш выразнай.
Ён дадае, што яшчэ да суду падчас сьледзтва ў ізалятары часовага ўтрыманьня для падлеткаў не ствараюць адпаведных умоваў. Паводле нормаў, іх трэба трымаць асобна ад дарослых. Аднак звычайна ўмоваў для гэтага няма і дзеці сядзяць разам з дарослымі, затрыманымі ў адміністрацыйных, крымінальных справах. Тымі, хто чакае адпраўкі ў лячэбна-прафіляктычны прафілякторый.
«Асабліва ў раённых ізалятарах толькі на словах, на паперы трэба выконваць нормы... Дзяцей садзілі звычайна да асобаў, якія зрабілі менш цяжкае злачынства... Як такое можа станоўча паўплываць на дзіця? Вядома, ніяк. Тыя, з кім яны там перасякаюцца, каго яны пачынаюць там пераймаць, гэта людзі, зь якіх наўрад ці варта браць прыклад», — мяркуе суразмоўца.
«Пачатак дарослага жыцьця атрымліваецца сапсаваным»
Псыхоляг Натальля Скібская ў размове са Свабодай патлумачыла, што падлеткі, якія перажылі зьняволеньне, адрозьніваюцца ад тых, хто заставаўся на волі. У гэты пэрыяд на псыхіку лягчэй паўплываць, сфармаваць яе, чым у дарослым узросьце.
Экспэртка адзначыла, што далейшы лёс маладога чалавека залежыць ад таго, колькі ў яго рэсурсаў, каб перажыць складаную сытуацыю, а таксама — зь якога асяродзьдзя ён паходзіць. Мэта падлеткавага ўзросту — гэта сацыялізацыя, пошук свайго месца ў грамадзтве, сваёй сацыяльнай ролі, тлумачыць экспэртка.
«Падлетак вучыцца жыць у пэўным асяродзьдзі, кантактаваць пэўным чынам, займаць сваё месца ў ярархіі. А ў калёніі ў якой ярархіі ён займае месца? У крымінальнай. Навыкі ён напрацоўвае менавіта ў крымінальным асяродзьдзі. Зона ёсьць зона. Там нашмат больш гвалту, ярархіі, дыктатуры, улады, кантролю. Там аднагендэрнае асяродзьдзе», — тлумачыць псыхоляг.
Яна дадае, што дзіця прапускае адпаведны час, каб вучыцца, атрыміваць вышэйшую адукацыю.
«Пачатак дарослага жыцьця атрымліваецца сапсаваным, зруйнаваным. Гэта задае тон на далейшае жыцьцё. Нельга сказаць, што ўсе выйдуць і будуць злачынцамі, але ўсё ж гэта ўплывае. Галоўнае, уплывае гвалт і ярархія, зьвязаная з уладай, калі трэба жорстка падпарадкоўвацца. Там страчваюцца навыкі прымаць свае ўласныя рашэньні. Людзі са зьняволеньня нясуць гэтыя мадэлі ў грамадзтва», — гаворыць спэцыялістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі хочацца ўцячы ад рэальнасьці». Чаму падлеткі становяцца квадробэрамі, камэнтар псыхоляга«Дарослыя павінны зьмяніцца»
Былы сілавік Уладзімер Жыгар лічыць, што варта памяняць падыход да прафіляктычнай працы зь дзецьмі. Ён думае, што варта пачынаць з «дабрадушнай, душэўнай працы ў школах».
«Каб гэта не ператваралася ў такое, калі супрацоўнікі міліцыі прыходзяць у школу ў форме і зачытваюць нейкія статыстычныя зьвесткі. Гэта нецікава. Яны мусяць камунікаваць зь дзецьмі на зразумелай для тых мове. Школы павінны пачынаць тлумачыць гэтую тэму: калі вы зьдзейсьніце злачынства, за гэта абавязкова пакараюць. Нават калі вы нешта кепскае зрабілі і вас не знайшлі, усё роўна так рабіць нельга», — кажа суразмоўца.
Жыгар мяркуе, што за некаторыя ўчынкі варта заводзіць не крымінальныя, а адміністрацыйныя справы. Да таго ж варта дзіця заняць нечым карысным.
«Прыкладам, абавязковае наведваньне спартовых школаў. Дзіця займаецца такім (парушае закон. — РС) ад гультайства, праз складаную сытуацыю, якая можа быць у сям’і. Гэта варта ўлічваць дзяржаўным органам. Калі бачыце ў сям’і праблемы, дапамажыце, каб у дзіцяці не было жаданьня зьдзяйсьняць злачынствы», — разважае суразмоўца.
Псыхоляг Натальля Скібская выказала думку, як варта зьмяніць падыход да выхаваньня падлеткаў. Яна зазначыла, што дзеці найперш вучацца на прыкладзе дарослых, таму варта вучыць іх ня словамі, а ўчынкамі. Сыстэма выхаваньня мае пачынацца ня ў школе, а ў сям’і.
«Дарослыя павінны зьмяніцца. Павінна быць менш гвалту і менш хлусьні дома, у сям’і», — адзначыла яна.
Прафіляктыку крадзяжоў яна бачыць у тым, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі.
Псыхоляг зьвярнула ўвагу, што кожны чалавек цягам жыцьця правярае, дзе межы дазволенага. Варта слушна на гэта рэагаваць.
«Нават самы сумленны чалавек калісьці штосьці скраў, можа, рубель у бацькоў. Неабходна правільна рэагаваць на гэта, мякка вучыць дзяцей межам. Вучыць, што так нельга. І ня тым, што мы іх жорстка караем, а расказваць, паказваць», — кажа экспэртка.