Чыноўнік заявіў, што лічыць мэтай агучаных у ім абвінавачаньняў «дыскрэдытацыю адносінаў Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Беларусь і непасрэдна Прэзыдэнта А.Р. Лукашэнкі». Пра сытуацыю БРЦ расказаў 5 лістапада.
Згаданае расьсьледаваньне Беларускі расьсьледніцкі цэнтар падрыхтаваў у партнэрстве з аб’яднаньнем былых сілавікоў Беларусі BelPol і тэлеканалам «Белсат».
«Аляксандар Рыгоравіч [Лукашэнка] па праве зьяўляецца адным з аўтарытэтных дзяржаўных дзеячоў сучаснасьці, узорам адказнага кіраўніка, які цьвёрда адстойвае інтарэсы свайго народу, карыстаецца павагай у нашай краіне», — адказалі БРЦ у Генпракуратуры Абхазіі і дадалі, што «ў выпадку паўтарэньня падобных правакацыйных зваротаў у адрас дзяржаўных структур Рэспублікі Абхазія іх аўтары будуць неадкладна адпраўленыя па вядомым маршруце сьледаваньня, які складаецца з трох літар».
13 кастрычніка БРЦ апублікаваў расьсьледаваньне, паводле якога пасьля візыту Лукашэнкі ў Абхазію 28 верасьня 2022 году падкантрольнай яму кампаніі перадалі 200 тысяч квадратных мэтраў (20 га) зямлі «для рэалізацыі буйнога інвэстыцыйнага праекту» — будоўлі санаторна-курортнага комплексу на марскім беразе ў сяле Кындыг Ачамчырскага раёну. Кошт участку, паводле ацэнкі БРЦ, можа складаць «мільёны даляраў».
Падчас неанансаванага візыту ў Піцунду 28 верасьня 2022 году Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Асланам Бжанія заявіў, што хоча наладзіць з Абхазіяй «ня проста мост дружбы, а вельмі сур’ёзныя адносіны». Пасьля гэтага ягоная размова з Бжанія «працягнулася за зачыненымі дзьвярыма».
21 лютага 2023 году Лукашэнка прыняў Бжанія ў Менску.
Грузінскія ўлады скрытыкавалі Менск за падобныя кантакты Лукашэнкі ў абыход Тбілісі.
- Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі. Яе незалежнасьць прызнаюць Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. Пасьля збройнага канфлікту 2008 году, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расея, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.
- Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасьць Абхазіі.