Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся са сьпікерамі парлямэнтаў непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі


 Уладзімер Андрэйчанка, архіўнае фота
Уладзімер Андрэйчанка, архіўнае фота

Старшыня расейскай Думы Вячаслаў Валодзін правёў сустрэчу са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімерам Андрэйчанкам ды сьпікерамі парлямэнтаў Абхазіі Лашай Ашуба і Паўднёвай Асэтыі Аланам Албаравым.

Паведамляецца, што ў часе сустрэчы «абмеркавалі пытаньні разьвіцьця міжпарляменцкага супрацоўніцтва і сацыяльна-эканамічнага ўзаемадзеяньня Расеі, Беларусі, Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі». Пра гэта паведаміў 17 снежня сайт Дзярждумы Расеі.

Аналягічныя фармулёўкі выкарыстоўвала і прэс-служба Палаты прадстаўнікоў. Андрэйчанка 18 сьнежня возьме ўдзел у пасяджэньні Парлямэнцкага сходу так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі ў Маскве.

Абхазія і Паўднёвая Асэтыя — самаабвешчаныя дзяржавы на сувэрэннай тэрыторыі Грузіі, не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. На сёньняшні дзень са 193 дзяржаў – чальцоў ААН незалежнасьць рэспублік прызналі 5 краін — Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. Пасьля ўзброенага канфлікту 2008 году, у якім Абхазію і Паўднёвую Асэтыю актыўна падтрымала Расея, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі. Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасьць гэтых суб’ектаў.

28 верасьня 2022 года Аляксандар Лукашэнка пасьля працяглага знаходжаньня ў Сочы і перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным раптам наведаў Піцунду і сустрэўся з кіраўніком Абхазіі Асланам Бжаніяй. Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі і МЗС краіны асудзілі гэты крок.

21 лютага 2023 году Лукашэнка прыняў Бжанію ў Менску. Кіраўнік грузінскай дзяржавы і замежнапалітычнае ведамства зноў раскрытыкавалі беларускія ўлады за такія кантакты ў абход Тбілісі. Праз тыдзень пасьля той сустрэчы стала вядома, што Абхазія плянуе пастаўляць у Беларусь віны і іншыя тавары, а ўзамен хоча атрымліваць малочную прадукцыю.

У ліпені гэтага года тэма магчымага прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асэтыя была абмеркаваная на пасяджэньні мясцовага парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG