У Расеі прызналі непажаданай арганізацыяй міжнародную асацыяцыю «Што? Дзе? Калі?»

Гульня «Што? Дзе? Калі?» ў Екацярынбургу, лістапад 2015 году. Ілюстрацыйнае фота

Прызнаньне арганізацыі непажаданай азначае забарону на яе дзейнасьць у Расеі. Супрацоўніцтва з такой арганізацыяй, у тым ліку і за мяжой, расейскія ўлады разглядаюць як правапарушэньне ці злачынства.

Генэральная пракуратура Расеі прызнала Міжнародную асацыяцыю інтэлектуальных гульняў — Internationale Assoziation für Intellektuelle Spiele (IAIS), зарэгістраваную ў Ліхтэнштэйне, — арганізацыяй, дзейнасьць якой непажаданая ў Расеі.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, гэтая арганізацыя аб’ядноўвае больш за 200 удзельнікаў спартовых вэрсій папулярных інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг» і «Свая гульня» па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі.

Аб’яву аб прызнанні арганізацыі непажаданай Генпракуратура ў сваім Telegram-канале стылізавала пад пытаньне з гульні «Што? Дзе? Калі?».

«Увага, правільны адказ. Дзейнасьць міжнароднага клюбу Internationale Assoziation für Intellektuelle Spiele, які актыўна падтрымлівае іншаземных агентаў і распаўсюджвае ў сеціве інфармацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю кіраўніцтва Расеі, прызнаная непажаданай на тэрыторыі нашай краіны», — паведаміла ведамства.

На сайце Генпракуратуры тлумачыцца, што асацыяцыя нібыта «задзейнічаная ў ініцыяваных замежнымі антырасейскімі цэнтрамі прапагандысцкіх кампаніях, накіраваных на прасоўваньне пратэставых і дэструктыўных ідэй у Расеі». У віну ёй ставіцца таксама тое, што «камандам з Расеі і Беларусі забаранілі выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі сваіх краін на міжнародных турнірах», затое «ў мерапрыемствах працягваюць браць удзел іншаземныя агенты, а таксама ўдзельнікі замежных няўрадавых арганізацый, дзейнасьць якіх прызнаная непажаданай».

Асацыяцыю заснавалі ў 2021 годзе ўдзельнікі інтэлектуальнага руху, незадаволеныя палітыкай кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі клюбаў (МАК) «Што? Дзе? Калі?», у тым ліку яе цеснымі сувязямі з расейскім Першым каналам. Асацыяцыя праводзіць розныя турніры па інтэлектуальных гульнях у розных краінах. Яна заяўляла і пра намер правесьці чэмпіянат сьвету, аднак толькі пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне.

Прызнаньне арганізацыі непажаданай азначае забарону на яе дзейнасьць у Расеі. Супрацоўніцтва з такой арганізацыяй, у тым ліку і за мяжой, расейскія ўлады разглядаюць як правапарушэньне ці злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал «Белсат» прызналі «непажаданай арганізацыяй» у Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эхо Кавказа» спыніць радыёвяшчаньне празь «непажаданы» статус Радыё Свабода ў Расеі