Ва Ўкраіне за падрыхтоўку ўдару па вайсковым аэрадроме асудзілі грамадзянку, завэрбаваную расейцамі ў Беларусі

Івана-Франкоўскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

У выніку расейскага абстрэлу вайсковага аэрадрому ў Івана-Франкоўску ў 2022 годзе загарэўся склад з палівам, загінуў адзін чалавек, атрымалі раненьні тры вайскоўцы і дзьве цывільныя супрацоўніцы аэрадрому.

Івана-Франкоўскі гарадзкі суд асудзіў на 13 гадоў зьняволеньня з канфікацыяй маёмасьці трох грамадзян Украіны, якія дапамагалі расейскім спэцслужбам рыхтаваць ракетны ўдар па вайсковым аэрадроме Івана-Франкоўска 24 лютага 2022 году.

Сярод асуджаных — украінка, якую, паводле выраку суду, расейцы завэрбавалі яшчэ ў 2013 годзе на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ аднаго асуджанага завэрбавалі ў 2021 годзе ў горадзе Ніца (Францыя) у Расейскай праваслаўнай царкве, а трэцяга — у 2021 годзе на тэрыторыі Ўкраіны.

У паведамленьні суду адзначаецца, што гэтыя грамадзяне прыехалі на тэрыторыю заходняга рэгіёну Ўкраіны ў канцы 2021-га – пачатку 2022 году і пачалі назіраць за вайсковым аэрадромам і органамі дзяржаўнай улады. Для карэктаваньня ракетных удараў яны выкарыстоўвалі дроны, а таксама разьмяшчалі так званыя «маячкі» каля важных аб’ектаў.

Асуджаныя плянавалі, што пасьля ракетнага ўдару па тэрыторыі аэрадрому змогуць нелегальна выехаць з Украіны ў Эўропу. Але іх затрымалі праваахоўныя органы пры дапамозе «пільных жыхароў Івана-Франкоўскай вобласьці».

Суд разгледзеў матэрыялы сьледзтва, вывучыў усе доказы, заслухаў паказаньні абвінавачаньня і абвінавачаных і прызнаў трох украінцаў вінаватымі ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага ч. 1 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу (дзяржаўная здрада). Ім пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі, але суд прызначыў 13 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй усёй належнай кожнаму зь іх маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 гадоў калёніі: у справе аб «дывэрсіі ў Мачулішчах» агучылі прысуд 12 абвінавачаным


Расея ў ноч на 24 лютага 2022 году пачала зь беларускай тэрыторыі ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну з адначасовым ракетным абстрэлам найбольшых абласных цэнтраў і іх вайсковых аб’ектаў.

У выніку расейскага абстрэлу вайсковага аэрадрому ў Івана-Франкоўску загарэўся склад з палівам, загінуў адзін чалавек, атрымалі раненьні тры вайскоўцы і дзьве цывільныя супрацоўніцы аэрадрому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аэрапорт у Гомлі выкарыстоўваўся расейскай авіяцыяй для вылету на бамбаваньне Ўкраіны. ВІДЭА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.