4 лістапада на 55-м годзе памёр айцец Пётра Карнялюк, пробашч францішканскага кляштара ў Маскве, душпастыр беларусаў каталіцкага веравызнаньня Масквы і Маскоўскага рэгіёну, піша catholic.by.
Пётра Карнялюк нарадзіўся 4 лютага 1970 году ў вёсцы Старое Сяло на Берасьцейшчыне ў каталіцкай сям’і. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы паступіў у Менскі ўнівэрсытэт культуры, які скончыў у 1994 годзе; пэўны час працаваў у камэрным аркестры Берасьцейскай філярмоніі.
У канцы 1990-х гадоў уступіў у Ордэн францішканаў, манаскую фармацыю праходзіў у Польшчы і Расеі, скончыў вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Санкт-Пецярбургу і 4 кастрычніка 2007 году прыняў прэзьбітэрскае пасьвячэньне. Нёс служэньне ў розных францішканскіх супольнасьцях у Расеі: у Чарняхоўску (Калініградзкая вобласьць), Астрахані, Калузе, Санкт-Пецярбургу. Быў вядомы сваёй ігрой на скрыпцы.
У апошнія гады быў настаяцелем францішканскага кляштара сьвятога Францішка Асіскага ў Маскве, дзе вёў душпастырства беларусаў каталіцкага веравызнаньня Масквы і Маскоўскага рэгіёну, рэгулярна праводзіў для іх набажэнствы на беларускай мове.
1 лістапада айцец Пётра трапіў у шпіталь з падазрэньнем на мэнінгіт, і вернікі арганізавалі бесьперапынную малітву за яго. Да малітвы за сьвятара заклікаў таксама пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паолё Пэццы.
Інфармацыя пра разьвітаньне са спачылым айцом Пятром Карнелюком і пра пахаваньне будзе пададзена пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі прызначыў новым біскупам для Беларусі ксяндза, якога год таму затрымлівалі сілавікі