Журналісты Ўкраінскай службы Радыё Свабода ідэнтыфікавалі расейскага афіцэра, які, падобна, мае дачыненьне да выкраданьня і катаваньня ўдзельніка мясцовай самаабароны Аляксея Пабігая ў часе акупацыі Бучы на Кіеўшчыне ў сакавіку 2022 году.
Гэтым расейскім вайскоўцам, імаверна, быў капітан 27-га асобнага атраду спэцыяльнага прызначэньня Расгвардыі «Кузбас» з расейскага горада Кемерава Сяргей Ціханаў.
Іншыя расейскія вайскоўцы з 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі з расейскага Пскова маглі мець непасрэднае дачыненьне да расстрэлу Аляксея Пабігая. Часткі гэтай дывізіі былі асноўнымі фармаваньнямі, якія захапілі Бучу і яе ваколіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1000 дзён вайны Расеі супраць Украіны. Як расейскія вайскоўцы палявалі на ўкраінскага гандляра ў Бучы — фільм Радыё Свабода. ВІДЭАВыкраданьне людзей
13 сакавіка 2022 году расейскія вайскоўцы правялі так званую «зачыстку» невялікага ўчастку вуліцы Міхайлоўскага (колішняя вуліца Маліноўскага) у Бучы. Менавіта там жыў Аляксей Пабігай, які ў пачатку поўнамаштабнага наступу Расеі ўступіў у шэрагі стыхійна створанай самаабароны горада.
Пасьля акупацыі Бучы Пабігай у баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў. Паводле аднаго з суседзяў, выдадзены яму аўтамат Калашнікава Пабігай схаваў недзе на тэрыторыі свайго дома.
Паводле відавочцаў, апытаных журналістамі Ўкраінскай службы Радыё Свабода, расейскія вайскоўцы білі і катавалі Аляксея Пабігая, бо яны знайшлі сьляды крыві ў ягоным двары.
Іншы сьведка, які бачыў удзельніка самаабароны ў той дзень пасьля затрыманьня расейскімі вайскоўцамі, паведаміў, што ягоны твар быў падобны на «крывавае месіва».
«Кроў ішла з вушэй, носа, рота. У яго амаль не было твару. Усё было зьбіта. На мяне глядзелі толькі адны вочы...», — расказала Радыё Свабода мясцовая жыхарка Сьвятлана.
Неўзабаве пасьля гэтага расейскія вайскоўцы вывезлі Аляксея Пабігая ў невядомым кірунку.
Адказныя за выкраданьні
Згодна з расьсьледаваньнем Радыё Свабода, меркаванымі ўдзельнікамі выкраданьня Аляксея Пабігая былі байцы 27-га асобнага атраду спэцыяльнага прызначэньня Расгвардыі «Кузбас» з сібірскага гораду Кемерава (Расейская Фэдэрацыя). Гэта пацьвярджае, у прыватнасьці, расейскі дакумэнт, знойдзены мясцовым жыхаром Бучы на адной з пазыцыяў расейскіх войскаў на тэрыторыі гораду, дзе базаваліся байцы Расейскай гвардыі.
Гэта так званы «Інфармацыйны бюлетэнь № 20» пра затрыманьне ўдзельніка гарадзкой самаабароны Аляксея Пабігая, які выкладзены пад рубрыкай «Прыклады мужнасьці і гераізму нашых таварышаў».
Радыё Свабода таксама ўдалося апазнаць згаданага ў дакумэнце капітана Ціханава, які, падобна, кіраваў апэрацыяй. Гэта намесьнік камандзіра 1-й групы 27-га асобнага атраду спэцыяльнага прызначэньня «Кузбас».
Сяргею Ціханаву 32 гады, жанаты, мае сына. Скончыў у 2015 годзе выведны факультэт Новасібірскага інстытуту ўнутраных спраў МУС (цяпер — Расгвардыі). Не пазьней, чым з 2016 году, праходзіць службу ў кемераўскім атрадзе. Мае шэраг расейскіх дзяржаўных узнагарод і ўласьнік так званага крапавага бэрэта — сымбалю прыналежнасьці да эліты расейскага спэцназу.
Забойства
Пасьля выкраданьня Аляксея Пабігая вывезьлі ў лесапаласу на ваколіцы Бучы, бо менавіта там урэшце знайшлі ягонае цела.
Верагодна, там Пабігая перадалі іншаму расейскаму падразьдзелу — байцам 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі з Пскова. Менавіта ў гэтым раёне, як высьветліла Радыё Свабода, разьмяшчаўся штаб пскоўскіх дэсантнікаў. У гэтую лесапаласу расейцы сыстэматычна звозілі затрыманых імі людзей з Бучы. Там іх дапытвалі, некага перавозілі ў іншыя катоўні, а некага — расстрэльвалі.
У іншых сваіх расьсьледаваньнях журналісты Ўкраінскай службы Радыё Свабода высьветлілі, што да гэтых злачынстваў датычныя высокапастаўленыя пскоўскія дэсантнікі з 175-ага выведнага батальёну. Пасьля гэтага расьсьледаваньня аднаму зь фігурантаў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны завочна паведаміў аб падазрэньні.
Хто канкрэтна забіў Пабігая, высьветліць не ўдалося. Але шэраг фактаў сьведчаць, што да гэтага могуць быць датычныя байцы з 76-й дывізіі, так званыя пскоўскія дэсантнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская служба Радыё Свабода знайшла расейскіх вайскоўцаў, якія, верагодна, катавалі і забілі палкоўніка СБУ ў Бучы. ВідэаКалябарацыя?
Большасьць людзей, якія сталі сьведкамі выкраданьня Аляксея Пабігая, у размовах з Радыё Свабода выказвалі думкі, што яго мог выдаць нехта зь мясцовых жыхароў. Расейскія вайскоўцы ў пачатку сваёй апэрацыі адразу накіраваліся ў дом Пабігая ў пошуках «кулямётніка».
Суразмоўцы журналістаў таксама паведамілі, што перад акупацыяй Бучы Пабігай ня ўтойваў, што далучыўся да самаабароны горада. Шмат гараджан бачылі яго са зброяй, бо ён ахоўваў ад марадэраў адзін з найбольшых супэрмаркетаў горада ў цэнтры Бучы.
У расейскім дакумэнце, у якім апісваецца затрыманьне Аляксея, адзначаецца, што інфармацыю пра ягонае месца пражываньня атрымалі ад «мясцовага насельніцтва». Пацьвердзіць або зьняпраўдзіць гэтую вэрсію пакуль не змаглі.
Нарадзіўся ў Расеі. Што вядома пра Аляксея Пабігая
Аляксей Пабігай нарадзіўся ў Расеі, але амаль адразу ягоныя бацькі пераехалі ў Бучу, дзе сям’я далей і пражывала. Аляксей Пабігай шмат гадоў працаваў у рэстаранным бізнэсе. Быў бармэнам, самелье. У двары свайго дома ў Бучы пэўны час меў сваю краму. У 2015 годзе балятаваўся ў мясцовую раду, але не прайшоў.
У пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня, без вайсковага досьведу, Пабігай уступіў у самаабарону горада, якую стыхійна сфармавалі на аснове грамадзкай арганізацыі «Бучанская варта». Тады ў горадзе не было яшчэ афіцыйна сфармаваных атрадаў самаабароны.
Пасьля поўнай акупацыі Бучы Аляксей далучыўся да валянтэрскай дзейнасьці — разносіў суседам прадукты і хлеб.
13 сакавіка 2022 году расейскія вайскоўцы выкралі яго зь ягонага ўласнага дома і павезьлі ў невядомым кірунку. У канцы верасьня 2022 году, амаль праз паўгода пасьля акупацыі, цела Аляксея знайшлі ў адной зь лесапалос на ваколіцы Бучы.
Удзельніка самаабароны Бучы забілі стрэлам у галаву. У тым жа месцы знайшлі целы яшчэ дзевяці расстраляных бучанцаў.
Аляксея Пабігая пахавалі на Алеі Герояў у Бучы.
Паводле зьвестак Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, у часе акупацыі расейскія вайскоўцы ўчынілі ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці больш за 9000 ваенных злачынстваў, звыш 1700 цывільных асоб загінулі, зь іх прыблізна 700 — непасрэдна ў Бучы.
Расея зьняпраўджвае датычнасьць сваіх вайскоўцаў да масавых забойстваў цывільных у Бучы і называе гэта «фэйкам» і «правакацыяй».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.