Паводле зьвестак Белгідрамэту і МНС, на большай частцы Беларусі з 1 па 3 лістапада назіраліся штармавыя ветры з парывамі да 24 м/с. Непагадзь прывяла да сур'ёзных пашкоджаньняў інфраструктуры.
У Драгічынскім раёне былі пашкоджаны дахі двух сельскагаспадарчых будынкаў.
Акрамя таго, зафіксавалі 73 выпадкі падзеньня дрэў у Берасьцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях, а таксама ў Менску.
Паваленыя дрэвы пашкодзілі 12 аўтамабіляў. Пацярпелых няма.
Трэцяга лістапада у шэрагу раёнаў таксама прайшоў дождж і мокры сьнег, што ўскладніла сытуацыю на дарогах.
На раніцу панядзелка больш за 200 населеных пунктаў заставалася без сьвятла, паведаміла Міністэрства энэргетыкі.
На 9 гадзін раніцы 4 лістапада працы па аднаўленьні электразабеспячэння працягваліся ў 226 населеных пунктах.
Паводле зьвестак ведамства, электразабеспячэньне парушалася пераважна ў Віцебскай і Менскай абласьцях.
Ва ўхіленьні наступстваў непагадзі задзейнічана 98 аварыйных брыгад і 105 адзінак тэхнікі.
4 лістапада на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца ўзмацненьне заходняга і паўночна-заходняга ветру з парывамі 15-20 м/с, месцамі да 21-24 м/с, паведамляе МНС Беларусі. Адзначаецца, што магчымыя абрывы ліній сувязі і электраперадач, пашкоджаніне дахаў, канструкцый, а таксама падзеньне дрэў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 500 асуджаных адправілі на ўборку наступстваў урагану на Гомельшчыне. Іх прыцягнуць і да ўборкі ўраджаю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых падчас урагану ў Беларусі дасягнула сямі чалавек, — МНС