Кандыдаты ёсьць, а канкурэнцыі няма. Чым падобныя выбары ў Беларусі і Туркмэністане

Амбасада Туркмэністану ў Менску

Сьцісла

У межах цяперашняй дзяржаўнай ідэалёгіі вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў – нонсэнс. Аднак іх наяўнасьць успрымаецца як сацыяльныя норма, якую ня варта парушаць.

  • Нават у самых рэпрэсіўных рэжымах сьвету ўяўная канкурэнтнасьць выбараў захоўваецца.
  • Захаваньне яе і на выбарах наступнага году – сьведчаньне таго, што цалкам капіяваць СССР Лукашэнка не зьбіраецца.
  • Наяўнасьць у бюлетэні некалькіх прозьвішчаў, акрамя Лукашэнкі, ня сьведчыць пра тое, што ўлада пасьля выбараў зьбіраецца ладзіць лібэралізацыю.

Навошта ўлады дазваляюць і, мяркуючы па ўсім, нават спрыяюць вылучэньню на прэзыдэнцкія выбары кандыдатаў, якія нібыта павінны канкураваць з галоўным прэтэндэнтам, Аляксандрам Лукашэнкам?

Па вялікім рахунку, у межах цяперашняй дзяржаўнай ідэалёгіі вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў — гэта нейкі нонсэнс. Прыгадваецца байка пра тое, як у сівой даўніне халіф Амар тлумачыў, чаму ён спаліў знакамітую Александрыйскую бібліятэку: «Калі ў гэтых кнігах напісана тое ж, што ў Каране, яны бескарысныя, калі ж іншае, то шкодныя». Гэтак жа і тут. Калі іншыя кандыдаты будуць казаць тое ж, што Лукашэнка, дык навошта яны? Калі ня тое, то хіба гэта не экстрэмізм?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хочуць засьцерагчы мяне ад небясьпекі», — Лукашэнка пра вылучэньне іншых кандыдатаў на выбары

Сам Лукашэнка днямі тлумачыў вылучэньне канкурэнтаў свеасабліва: «Яны проста хочуць мяне тут акружыць флянгамі і засьцерагчы ад небясьпекі». Як яны могуць яго засьцерагчы ад небясьпекі і ад якой менавіта? Нейкі зламысьнік стрэліць у Лукашэнку, як стралялі ў Трампа, а Гайдукевіч ці Чамаданава закрыюць сваімі целамі галоўнага прэтэндэнта? Дык на тое ў Лукашэнкі ёсьць сотні прафэсійных целаахоўнікаў. Ці ад палітычнай небясьпекі ўратуюць? Ці сваёй красамоўнасьцю спыняць натоўп пратэстоўцаў? Незразумела.

Тым ня менш, відавочна, што вылучэньні (прынамсі, некаторыя) узгодненыя і ўхваленыя на самым версе. Назіральнікі ўжо адзначалі, што аналітыкі Аляксей Дзермант і Пётра Пятроўскі некалькі дзён таму ўдзельнічалі ў акцыі за вылучэньне Лукашэнкі «Надо», а 31 кастрычніка разам зь лідэрам КПБ Сяргеям Сыранковым прынесьлі ў ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы. Дык за каго яны?

Больш-менш рацыянальнае тлумачэньне імітаваньня канкурэнцыі на выбарах — што гэта робіцца, каб дамагчыся прызнаньня іх вынікаў з боку Захаду. Напэўна, такі матыў прысутнічае, але ён, хутчэй за ўсё, не адзіны і нават не галоўны.

Прывяду антрапалягічную аналёгію. Вы раніцай прыходзіце на працу і кідаеце калегам: «Добрай раніцы!». А вы гэта чаму, дзеля чаго, зь якой рацыянальнай мэтай робіце? Вы верыце, што ад вашага пажаданьня раніца для вашых калегаў будзе добрай? Адказ відавочны: так прынята, гэта норма.

А што будзе, калі вы адмовіцеся выконваць гэту норму і ўпарта ня будзеце вітацца? Вас праклянуць, спыняць з вамі асабістыя і службовыя адносіны, вы трапіце ў поўную сацыяльную ізаляцыю ў сваім калектыве? Не, наўрад ці, хутчэй не, чым так. Але нехта пацісьне плячыма, іншы ўзьніме брыво… І пры гэтым усе палічаць, што вы альбо кепска выхаваны, альбо ў нечым пакрыўджаны на калегаў, альбо проста дзівак. За парушэньне сацыяльнай нормы вы атрымаеце сацыяльную санкцыю. Для вас не катастрафічную, але заўважальную.

Над нормай не рэфлексуюць, яе проста выконваюць, не задумваючыся нават пра яе мэтазгоднасьць і генэзіс і пра практычную рызыку невыкананьня. У пацьвержданьне гэтай тэзы можна прывесьці шмат прыкладаў іншых краін.

Сёлета ў Расеі ў разгар вайны адбыліся прэзыдэнцкія выбары. На іх, акрамя Пуціна, былі яшчэ 3 кандыдаты – па адным ад кожнай партыі, прадстаўленай у Думе. Тое, што ўсе яны былі спойлерамі Пуціна, відавочна. Прэтэндэнта, які на этапе збору подпісаў дэманстраваў прывід самастойнасьці – Барыса Надзеждзіна – не зарэгістравалі кандыдатам.

Але калі б не вылучалі траіх, калі б у бюлетэні было прозьвішча аднаго Пуціна, дык што, Захад не прызнаў бы такіх выбараў? Ён і гэтыя, што былі, не прызнаў. У пэўным сэнсе. А ў пэўным і прызнаў. Амбасады заходніх краін у Маскве як працавалі, так і працуюць.

Але чаму дапусьцілі траіх канкурэнтаў Пуціна да выбараў? Бо норма, як «добрай раніцы» жадаць прынята.

Яшчэ больш яскравы прыклад — Туркмэністан. Краіна — сусьветнае дно рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека. У рэйтынгах правоў чалавека і палітычнай свабоды Туркмэністан дзесяцігодзьдзямі займае адно з апошніх месцаў у сьвеце, тамтэйшае становішча ацэньвалася і ацэньваецца як горшае, чым у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індэкс Свабоды ў сьвеце ад Freedom House: Беларусь — сярод самых несвабодных

Але вось дадзеныя пра перадапошнія прэзыдэнцкія выбары ў Туркмэністане ў 2017 годзе. На іх першае месца заняў дзейны прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Зь лікам «за» 98%. Такое нават Лукашэнку ня сьнілася. Аднак у тых выбарах у Турмэністане бралі ўдзел, акрамя пераможцы, яшчэ 8 (!) кандыдатаў. Так, усе – спойлеры, усе прызначаныя дзейнай ўладай. Але іх было ажно восем.

Падобная ж сытуацыя была там і на апошніх выбарах у 2022 годзе. На іх Гурбангулы вылучыў свайго сына Сэрдара. І, дарэчы, атрымаў тады Сэрдар паводле афіцыйных дадзеных «сьціплыя» 73%. А наступны за ім кандыдат, паводле афіцыйных дадзеных – ажно 11%. Прыкладна столькі ж беларускі ЦВК напісаў Сьвятлане Ціханоўскай на выбарах 2020 году. А ў Туркмэністане ў 2022 годзе канкурэнтаў на выбарах у Сэрдара было 9.

І вось дзеля чаго рабілі гэту імітацыю канкурэнтнасьці выбараў у Туркмэністане? Хіба дзеля прызнаньня Захаду? Дэмакратычна выбранымі лідэрамі ні аднаго, ні другога Бэрдымухамэдава за выбары з такой колькасьцю ўдзельнікаў не прызналі. З другога боку, ніякіх санкцыяў адносна Ашгабаду Захад ня ўводзіў. Заходнія амбасады там як працавалі, так і працуюць. У пэўнай ступені прызнаньне там якім было да выбараў, такім жа засталося і пасьля. Дык дзеля чаго там ладзілі гэты спэктакль? Бо – норма.

А вось у СССР ніякай канкурэнтнасьці на выбарах не было,, нагадае чытач. Так, не было. Там і тады была цэласная ідэалёгія, якая палітычную канкурэнтнасьць і нават яе імітацыю выключала ў прынцыпе.

Многія постсавецкія краіны шмат што перанялі і пакінулі ў спадчыну ад СССР. Але назваць іх рэінкарнацыяй Савецкага Саюзу можна хіба ўмоўна, мэтафарычна. Яны і сапраўды спадкаемцы СССР, але іх палітычная, эканамічная і сацыяльная будова іншая. БССР часоў кіраваньня Брэжнева была значна менш рэпрэсіўнай, чым сучасная Беларусь. Але тады гэта была таталітарная аднапартыйная сыстэма, цяпер — хутчэй усё ж жорсткая аўтарытарная і пры наяўнасьці некалькіх партыяў. І тады на выбарах быў адзін кандыдат «ад блёку камуністаў і беспартыйных». Цяпер жа — уяўная, але фармальная канкурэнтнасьць.

Абгрунтаваць апошнюю аказваецца складаным. Адсюль і інтэлектуальныя пакуты Лукашэнкі ў спробах абгрунтаваць, навошта ж на выбарах патрэбныя Гайдукевіч, Хіжняк, Чамаданава. Тлумачыць атрымліваецца кепска, але патрэба адчуваецца выразна. Што не савецкія ўсё ж часы, што так, як тады, ужо няправільна, ненармальна.

Цікавае назіраньне. У парлямэнцкіх выбарах пры Лукашэнку ў мінулыя гады ўдзельнічала апазыцыя. І тады сустракаліся акругі, дзе быў толькі адзін кандыдат. І зразумела, што ад улады. Але ўяўная канкурэнтнасьць выбараў забясьпечвалася самім фактам удзелу ў іх апазыцыі, улада не лічыла, што яе трэба забясьпечваць ці імітаваць у кожнай акрузе.

Зь іншага боку, яшчэ летась усе апазыцыйныя партыі былі ліквідаваныя. Былы кіраўнік «Зялёных» Зьміцер Кучук паспрабаваў вылучыцца на сёлетнія парлямэнцкія выбары. Яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, яго самога неўзабаве пасадзілі. Іншыя, нават памяркоўныя незалежныя грамадзкія дзеячы і вылучацца не спрабавалі. Але сёлета ў кожнай акрузе на парлямэнцккіх выбарах было, як пад лінейку, два і болей кандыдатаў. Так, усе ад улады, усе кантраляваныя. Але каб толькі адзін — нідзе, ні ў воднай акрузе.

З гэтага аналізу вынікае, што вылучэньне некалькіх канкурэнтаў Лукашэнку — зусім ня сьведчаньне таго, што перад выбарамі налета ці пасьля іх можна чакаць нейкай, хай і вельмі куртатай адлігі. Яна можа і адбыцца, але не ў сувязі з ўдзелам у выбарах ня толькі аднаго Лукашэнкі.

Адзінае, што можна сказаць пэўна, дык тое, што капіяваць СССР ва ўсім, да кроплі, Лукашэнка не зьбіраецца. Праўда, невядома, колькі ініцыятыўных групаў будуць зарэгістраваныя і колькі прэтэндэнтаў стануць кандыдатамі. Але малаімаверна, што ў выніку прозьвішча Лукашэнкі застанецца ў бюлетэні самотным. Ужо сама падача дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў ад прадстаўнікоў структураў рэжыму — партыяў і праўладных грамадзкіх арганізацыяў – сьведчаньне таго, што ўяўная канкурэнтнасьць выбараў наступнага году будзе, хутчэй за ўсё, забясьпечаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнесеныя ветрам гісторыі. Дзе знаходзяць прытулак зрынутыя дыктатары

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.