Ёсьць такі мэтад барацьбы з фобіямі — маленечкімі порцыямі прывучаць чалавека да таго, чаго ён баіцца. Напрыклад, калі ёсьць панічны страх павукоў, прапаноўваюць іх маляваць, паказваюць кароткія відэа зь імі, раяць хадзіць у заапарк і глядзець на іх праз шкло. Магчыма, акурат гэтым цяпер займаецца Лукашэнка, акружаючы сябе патэнцыйнымі фэйкавымі кандыдаткамі ў прэзыдэнты.
Ён жа відавочна траўмаваны посьпехам Ціханоўскай і цяпер, відаць, даводзіць сам сабе, што суперніцы — гэта ня так страшна. Але слова «суперніцы» трэба браць у двукосьсе, бо ні пра якую канкурэнцыю гаворка не ідзе — і былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава, і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, і прадпрымальніца з Магілёва Дзіяна Кавалёва, калі іх зарэгіструюць, будуць відавочнымі спойлерамі. Яны мусяць проста падыгрываць ідэі, што на так званых выбарах у Беларусі ёсьць магчымасьць выбіраць.
Ставячы іх у пазыцыю сваіх быццам бы апанэнтак, Лукашэнка забівае двух зайцоў адразу — і праводзіць саматэрапію супраць фобіі, і стварае прыгожую карцінку для замежнікаў. Так званыя выбары ў Беларусі ня толькі не безальтэрнатыўныя, але ўвогуле вельмі прагрэсіўныя — на іх балятуецца адразу некалькі жанчын! У сваім выдуманым сьвеце ён так уцірае нос усім, хто справядліва называе яго дыктатарам. Нібыта паглядзіце, ну які зь мяне дыктатар і тыран — у мяне тут усё вельмі прагрэсіўна!
Гуляць у такія гульні ён умее добра, і дзякуючы гэтаму ягонаму навыку Беларусь займае някепскія месцы ў некаторых міжнародных рэйтынгах. Напрыклад, у Палаце прадстаўнікоў стабільна забясьпечваецца норма ў 30% жанчын, што дадае балаў у Індэкс гендэрнай роўнасьці. Той факт, што гэтыя жанчыны, як, зрэшты, і мужчыны, у Палаце прадстаўнікоў граюць ролю дэкарацыі і заўжды прымаюць усе Лукашэнкавы прапановы, застаецца па-за кадрам. Не, вядома, мы гэта ўсё бачым і разумеем. Але людзі з далёкіх краін, у тым ліку тамтэйшыя чыноўнікі, — не.
Я недзе з год таму была на сустрэчы ў Інстытуце гендэрнай роўнасьці ў Вільні, дык яго супрацоўніцы пыталіся, як цяпер працуюць незалежныя СМІ ў самой Беларусі. Дык калі ў Вільні няма разуменьня базавых рэчаў, што можна гаварыць пра ўмоўную Гішпанію, Нідэрлянды, ЗША ці Аўстралію? Я і сама, канечне, грашу часам, думаючы, што ўсе пра Лукашэнку разумеюць усё, але гэта ж зусім ня так. Дэкаратыўныя дэпутаткі і кандыдаткі дапамагаюць яму паляпшаць вобраз рэжыму для тых, хто гэты рэжым бачыць толькі на ўзроўні сылюэту і ня хоча паглыбляцца ў дэталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб прадэманстраваць «трыюмф» на выбарах, Лукашэнку патрэбныя статысты, як у кожным тэатры, — Аляксандар Атрошчанкаў
А вось нам ён зноў плюе ў твар, ствараючы імітацыю палітычнай барацьбы. Мы ж ведаем, што людзі, якія стварылі б яму рэальную канкурэнцыю, знаходзяцца ў турмах ці за мяжой. Таксама мы ведаем на прыкладзе Сьвятланы Ціханоўскай, што выйграць у Лукашэнкі можа ўвогуле любы чалавек, які не асацыюецца зь ягонай сыстэмай і пазыцыянуе сябе як фігуру перамен. І што ніводзін зь нерэжымных палітыкаў у Беларусі ня будзе балятавацца, бо гэта шлях наўпрост у турму.
Мы гэта ведаем, Лукашэнка гэта ведае, але яму трэба Чамаданава і Канапацкая для самасупакаеньня і для зьнешніх (збольшага далёкіх) назіральнікаў і назіральніц. А вобраз Канапацкай мо ён прадасьць яшчэ як вобраз нацыянальна арыентаванай былой дэпутаткі парлямэнту. Скажа: «Вось глядзіце, яна ўжо другі раз супраць мяне ідзе, і ніякіх рэпрэсій няма».
Верагодна, знойдуцца тыя, хто ў гэта паверыць. Але самім нам — беларускам і беларусам — ад гэтага зусім ня стане лягчэй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.