Саўдзельнік пуцінскай вайны і самы блізкі ваенны саюзьнік Крамля ўсё часьцей спрабуе паўстаць у абліччы міратворца, які нібыта ніяк ня ўдзельнічаў ва ўварваньні ва Ўкраіну і ледзь не выпадкова даведаўся, што ягоная краіна стала пляцдармам для агрэсіі.
Сьцісла:
- Прадчуваючы канец няўдалай (ці ня надта пасьпяховай) вайны, яе ініцыятары і саўдзельнікі часта спрабуюць загадзя апраўдацца і перакласьці адказнасьць на ахвяру агрэсіі.
- Пасьля таго, як пуцінскі плян бліц-крыгу на Кіеў праваліўся і стала зразумела, што хуткай перамогі ня будзе, Лукашэнка больш не паказвае «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», не апраўдвае «прэвэнтыўнага ўдару па ўкраінскіх пазыцыях», а аддае перавагу аргумэнту «Я тут увогуле ні пры чым, гэта ўсё Пуцін, які невядома чаму павярнуў зь Беларусі на Кіеў».
- Ступень міралюбнасьці агрэсара і ягонае імкненьне сапхнуць віну на іншых ды паказаць сябе прыхільнікам міру тым большыя, чым меней посьпехаў на полі бою і чым бліжэйшы бясслаўны для дыктатара канец вайны.
- Для гісторыі маюць значэньне не інтэрпрэтацыі ўладалюбівага дыктатара, а толькі дакумэнтальна пацьверджаныя факты, учынкі і дзеяньні.
«Чаму Пуцін праз Кіеў паехаў ва Ўладзівасток?»
Прыведзеная ва ўступе цытата ўзятая зь нядаўняга інтэрвію Лукашэнкі журналісту «Бі-Бі-Сі» Стывэну Розэнбэргу, у якім кіраўнік Беларусі адмаўляе факт даваньня беларускай тэрыторыі для агрэсіі супраць Украіны ў канцы лютага 2022 года:
«У нас былі вучэньні, на якіх былі задзейнічаныя некалькі тысяч чалавек расейскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з усходняй акругі, і Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі зь Беларусі. Яны былі на поўдні, і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў. Частку войскаў у нейкі пэрыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён завярнуў на Кіеў. Чаму так адбылося? Спытайце ў Зяленскага».
Варта адзначыць: журналіст прама не задаваў Лукашэнку пытаньня наконт заходу расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну. Лукашэнка сам скіраваў размову да гэтай тэмы і акцэнтаваў увагу менавіта на гэтым эпізодзе. Для чагосьці яму вельмі важна данесьці гэту сваю тэзу да заходняй аўдыторыі.
Прычым гэтую вэрсію ён агучыў не ўпершыню. Вось як ён расказваў пра тыя ж падзеі ў інтэрвію ўкраінскай журналістцы Дзіяне Панчанцы 17 жніўня 2023 году:
«Вучэньні скончыліся. З тэрыторыі Беларусі, якая была на вучэньнях, пачалі вывад расейскіх войскаў. Ідзе адгрузка тэхнікі. Гэта былі ўсходнія рэгіёны — армія ўвогуле з Далёкага Усходу... Нас абвінавачваюць у тым, што мы тут садзейнічалі пачатку вайны. Ды не, вайна ўжо ішла. І вы яе разьвязалі. Украінцы яе разьвязалі, гэтую вайну супраць Беларусі. Эканамічную вайну найперш... А чаму Пуцін праз Кіеў пачаў выводзіць войскі на Далёкі Ўсход, задайце Зяленскаму гэтае пытаньне. Ён вам адкажа хутчэй. Але вінаваціць мяне ў тым, што Пуцін праз Кіеў паехаў ва Ўладзівасток... Ну можаце ў Пуціна спытаць... Да мяне вы прэтэнзій ня можаце прад’явіць. Ніводнага беларуса там з нашай арміі не было. Мы гэтай мяжы не перасякалі. А вось вы нас справакавалі».
Нарэшце, гэту ж гісторыю Лукашэнка пераказаў і 31 кастрычніка — у сваім выступе на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях эўразійскай бясьпекі ў Менску. Маўляў, Пуцін выводзіў войскі пасьля вучэньняў, а Зяленскі яго чымсьці справакаваў, вось і адбылося ўварваньне. Менск жа тут нібыта ўвогуле ні пры чым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канфэрэнцыі аб бясьпецы Лукашэнка расказаў пра мігранцкі крызіс, «жалезную заслону» і перапіску з амэрыканскім чыноўнікамДзеля чаго Лукашэнка настойліва раз за разам паўтарае гэтую сваю вэрсію? Гэта своеасаблівае падсумаваньне, выснова, якую ён, відавочна, хацеў бы замацаваць і ў грамадзкай сьвядомасьці, і ва ўспрыманьні заходніх палітыкаў. Апраўданьне гучыць досыць наіўна: нібы школьнік, нашкодзіўшы, спрабуе сапхнуць віну на аднаклясьніка: «Я нічога ня ведаў. Гэта ня я».
Хоць для кожнага, хто хаця б павярхоўна сачыў за хадой падзей, такое самаапраўданьне гучыць досыць абсурдна і выклікае шмат пытаньняў да Лукашэнкі. Гэта ўвогуле як? З тэрыторыі краіны, якая знаходзіцца пад тваім поўным кантролем, учыняецца ўзброены напад на суседнюю дзяржаву, уводзяцца дзясяткі тысяч салдатаў, ляцяць ракеты, падымаюцца і садзяцца бамбавозы, выкарыстоўваецца ўся інфраструктура ў інтарэсах агрэсара, а ты «ўвогуле ня ўцягнуты»?
Проста, як высьветлілася, «Пуцін выводзіў войскі на Далёкі Ўсход і вырашыў праз Кіеў паехаць ва Ўладзівасток». А чаму, спытайце ў Зяленскага ці ў Пуціна. Галоўнае пытаньне, якое ў такім выпадку немінуча паўстае да Лукашэнкі: а ці кантралюе ён у такім разе тое, што адбываецца ў ягонай краіне, на ягонай тэрыторыі? Ці зьяўляецца суб’ектам міжнароднай палітыкі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекцыя, падобная да інтэрвію. Пра што не сказаў Пуцін«Вайну пачаў Захад. А Расея спрабуе яе спыніць»
Прадчуваючы канец няўдалай (ці ня надта пасьпяховай) вайны, яе ініцыятары і саўдзельнікі часта спрабуюць загадзя апраўдацца і перакласьці адказнасьць на ахвяру агрэсіі. Аргумэнты пры гэтым спакон вякоў выкарыстоўваюцца адны і тыя ж.
- Першы: «Мы заўсёды імкнуліся да міру, але яны не хацелі нас слухаць!».
- Другі: «Мы вымушаны былі ўвесьці свае войскі, інакш бы яны самі на нас напалі».
Дакладна так тлумачыць цяпер агрэсію супраць Украіны Ўладзімір Пуцін. Маўляў, гэта Захад разьвязаў вайну, а ён, Пуцін, толькі спрабуе яе спыніць:
«Гэта яны разьвязалі вайну. А мы выкарыстоўваем сілу, каб яе спыніць. Тыя, хто плянавалі новую атаку на Данецк, на Данбас, на Луганск, ясна разумелі, што наступная мэта — гэта ўдар па Крыме і Севастопалі. І мы гэта ведалі і разумелі, а цяпер пра такія далёкадасяжныя задумы ў Кіеве таксама гавораць адкрыта. Раскрыліся, раскрылі тое, што мы і так ведалі» (цытата з пасланьня Пуціна Фэдэральнаму сходу 21 лютага 2023 году).
У першыя тыдні вайны Лукашэнка таксама актыўна апраўдваў узброены напад на Ўкраіну, спасылаючыся на тое, што Кіеў нібыта рыхтаваў атаку супраць Беларусі. Паказваючы 11 сакавіка 2022 году Пуціну, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», Лукашэнка казаў:
«Калі б за шэсьць гадзін да апэрацыі ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па пазыцыях — чатыры пазыцыі, я зараз пакажу, мапу прывёз — яны б атакавалі нашы войскі, Беларусі і Расеі, якія былі на вучэньнях. Таму ня мы разьвязалі гэтую вайну, у нас сумленьне чыстае. Добра, што пачалі».
Зазначым: пасьля таго, як пуцінскі плян бліц-крыгу на Кіеў праваліўся і стала зразумела, што хуткай перамогі ня будзе, Лукашэнка больш не паказвае, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», не апраўдвае «прэвэнтыўнага ўдару па ўкраінскіх пазыцыях», а аддае перавагу аргумэнту «я тут увогуле ні пры чым, гэта ўсё Пуцін, які невядома чаму павярнуў зь Беларусі на Кіеў». І робіцца гэта, хутчэй за ўсё, ня толькі дзеля таго, каб ухіліцца ад уласнай адказнасьці, але і каб прэтэндаваць на асобнае крэсла за сталом будучых мірных перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такер Карлсан: Называць украінцаў нацыстамі — гэта па-дзіцячыГітлер хацеў застацца ў памяці нашчадкаў як «міратворац»
Адметна: ступень міралюбнасьці агрэсара і ягонае імкненьне перакласьці віну на ахвяру агрэсіі ды паказаць сябе прыхільнікам міру тым большыя, чым меней посьпехаў на полі бою і чым бліжэйшы бясслаўны для дыктатара канец вайны. Нават у самых апантаных і злавесных распальшчыкаў вайны і ваенных злачынцаў пад канец іхных авантур, здараецца, зьяўляецца вострае жаданьне паўстаць у вачах нашчадкаў заўзятым прыхільнікам міру і згоды.
У гэтым сэнсе ўражвае «палітычны запавет» Гітлера, прадыктаваны ім у бэрлінскім бункеры незадоўга да самагубства 29 красавіка 1945 году. Чым быў заклапочаны і якім хацеў застацца ў памяці нашчадкаў адзін з самых крывавых дыктатараў і агрэсараў сусьветнай гісторыі? Як ні дзіўна, спрабаваў выдаць сябе за вялікага прыхільніка міру і ахвяру агрэсіі. Вось урывак з гітлераўскага запавету:
«Гэта няпраўда, быццам я ці нехта іншы ў Нямеччыне жадаў у 1939 годзе вайны. Яе жадалі і разьвязалі выключна міжнародныя дзяржаўныя дзеячы або габрэйскага паходжаньня, або якія працавалі на габрэйскія інтарэсы. Я ўносіў мноства прапаноў для скарачэньня і абмежаваньня ўзбраеньня, якія будучыя пакаленьні ня змогуць вечна адмаўляць, каб ускласьці адказнасьць за ўзьнікненьне гэтай вайны на мяне. Далей, я ніколі не хацеў, каб пасьля першай злашчаснай сусьветнай вайны ўзьнікла другая сусьветная вайна супраць Ангельшчыны ці тым больш супраць Амэрыкі...
Яшчэ за некалькі дзён да таго, як пачалася нямецка-польская вайна, я прапанаваў брытанскаму амбасадару ў Бэрліне рашэньне нямецка-польскай праблемы — як і ў выпадку з Саарскай вобласьцю, пад міжнародным кантролем. Гэтая прапанова таксама ня можа адмаўляцца. Але яна была адрынутая, таму што ўплывовыя ангельскія палітычныя колы жадалі вайны, а часткова іх падахвочвала да гэтага прапаганда, арганізаваная міжнародным габрэйствам».
І вось гэты «міратворац» Гітлер, які нібыта зусім не хацеў вайны і змагаўся за мір, пасьлядоўна, адну за другой, зьнішчаў усе суседнія (а пазьней і не суседнія) дзяржавы — Аўстрыю, Чэхію, Польшчу, Бэльгію, Нідэрлянды, Францыю, Данію, Нарвэгію, Грэцыю, Югаславію, СССР...
Пасьля Нюрнбэрга ніхто з сур’ёзных палітыкаў не адважваўся шукаць рацыянальнае зерне ці справядлівыя аргумэнты ў тых перадсьмяротных фантазіях і тлумачэньнях Гітлера. Ці ня першым з такіх своеасаблівых адвакатаў Гітлера стаў Пуцін, калі ў лютым 2024 году ў інтэрвію амэрыканскаму журналісту Карлсану, па сутнасьці, паўтарыў гітлераўскую аргумэнтацыю «Усё ж палякі змусілі, яны загуляліся і вымусілі Гітлера пачаць Другую сусьветную менавіта зь іх. Чаму пачалася вайна 1 верасьня 1939 году менавіта з Польшчы? Яна аказалася незгаворлівай. Гітлеру нічога не заставалася пры рэалізацыі ягоных плянаў, як пачаць менавіта з Польшчы».
Выказваньне выклікала вялікае абурэньне і ў Польшчы, і ў многіх іншых краінах, якія сталі ахвярай гітлераўскай агрэсіі. Хоць у пуцінскую лёгіку гэтыя гістарычныя паралелі ўбудоўваюцца вельмі арганічна і пасьлядоўна. Маўляў, гэтак жа, як палякі і Захад змусілі да вайны Гітлера, праз 80 гадоў украінцы і Захад змусілі да вайны яго, Пуціна. Украіна таксама «аказалася незгаворлівай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі палякі паспрабуюць адцяць захад Украіны і Беларусі...». Што стаіць за «польскімі» страхамі Лукашэнкі«Разам ішлі — цяпер разам і вісець»
Заявы Лукашэнкі пра ягоную нібыта недатычнасьць да пуцінскай агрэсіі — яўная прыкмета таго, што вайна набліжаецца да завяршэньня і хутчэй рана, чым позна паўстане пытаньне адказнасьці за агрэсію. Сьцьвярджэньні, запэўніваньні, апраўданьні такіх асобаў абсалютна дэвальваваныя і выглядаюць нейкімі дзіўнымі мэтамарфозамі сьвядомасьці. Няўжо разьлік на тое, што забудуць, ня зьвернуць увагі, даруюць? Дык жа і не забудуць, і не даруюць. Для гісторыі маюць значэньне не інтэрпрэтацыі ўладалюбівага дыктатара, а толькі дакумэнтальна пацьверджаныя факты, учынкі і дзеяньні. У першыя пасьляваенныя гады, калі колішнія гітлераўскія хаўрусьнікі адзін за другім паўставалі перад трыбуналамі ў сваіх краінах (Салашы ў Вугоршчыне, Антанэску ў Румыніі, Ціса ў Славаччыне, рэгенцкая рада ў Баўгарыі), то ў адзін голас спрабавалі перакласьці адказнасьць на Гітлера. Маўляў, яны былі прымушаныя да хаўрусу з магутным Рэйхам, усе загады аддаваў Гітлер, яны не маглі не падпарадкавацца. Нікому зь іх гэта не дапамагло: маленькія фюрэры краін — сатэлітаў гітлераўскай Нямеччыны скончылі пераважна ці расстрэлам, ці шыбеніцай (некаторыя, праўда, пасьпелі ўцячы за мяжу і схавацца).
Пуціну наўрад ці спадабаецца тое, як Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад вайны, як расказвае гісторыі пра сваю недатычнасьць да ўварваньня ва Ўкраіну і тое, як расейскія войскі безь ягонай згоды «павярнулі на Кіеў» зь беларускай тэрыторыі. Што гэта за саюзьнік, які яшчэ да канца вайны сьпіхвае зь сябе адказнасьць і спрабуе перакласьці яе на іншага? «Разам ішлі — цяпер разам і вісець», — як цынічна, але зусім справядліва папярэджваў сваіх «партайгеносэ» ў канцы вайны адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Гітлера Ёзэф Гёбэльс. І, як паказала гісторыя, цалкам меў рацыю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO зноў заклікала Беларусь спыніць падтрымку Расеі ў вайне з Украінай