Калі Дональд Трамп вернецца ў Авальны кабінэт, ён будзе дзейнічаць з галавакружнай хуткасьцю, каб пакласьці канец войнам ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе, паведаміла брытанскае выданьне Financial Times. Журналісты выданьня паразмаўлялі з дарадцамі і прыхільнікамі 45-га прэзыдэнта ЗША, паведаміў тэлеканал «Настоящее время».
«Прадказальнасьць — страшная рэч. Безумоўна, іншы бок, ворагі Амэрыкі, хочуць прадказальнасьці. Трамп непрадказальны, і нам, амэрыканцам, гэта падабаецца», — сказаў Рык Грэнэл, адзін з прыхільнікаў Трампа.
Суразмоўцы Financial Times у атачэньні Дональда Трампа заявілі, што новы плян спыненьня вайны ва Ўкраіне можа быць пераасэнсаваньнем старога, а менавіта: першых менскіх пагадненьняў 2014-15 гадоў. Другія менскія пагадненьні прадугледжвалі некалькі ўмоў. Сярод іх — спыненьне агню, абмен па формуле «ўсіх на ўсіх», аднаўленьне поўнага кантролю Ўкраіны над усёй дзяржаўнай мяжой, але толькі пасьля правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе. Менавіта выбары на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі сталі тады адной з праблем. Акрамя таго, дамоўленасьці прадугледжвалі рэформу Канстытуцыі Ўкраіны і «асаблівы статус» Данбасу.
Вось і цяпер разглядаецца варыянт замарожанага канфлікту з аўтаноміямі па абодва бакі дэмілітарызаванай зоны. Толькі гэтым разам, па словах шматгадовага дарадцы Трампа, будуць прадугледжаны мэханізмы кантролю з наступствамі за парушэньне дамоўленасьцяў:
«Ёсьць дзьве рэчы, на якіх Амэрыка будзе настойваць. Мы ня будзем прыцягваць сваіх мужчын і жанчын да мэханізму забесьпячэньня дамоўленасьці. Мы за гэта ня плацім. Эўропа заплаціць».
Плян, апісаны Financial Times, падобна, ня ўлічвае анэксію Крыму. Прыхільнікі Трампа лічаць, што Ўкраіна прайграе вайну, таму пошук урэгуляваньня — «маральна правільны крок». А пытаньне аб уступленьні Ўкраіны ў NATO прапануецца адкласьці на некалькі гадоў, кажа прадстаўнік першай адміністрацыі Трампа і былы аналітык ЦРУ Фрэд Фліц:
«Мы замарожваем канфлікт. Украіна не саступае ніякіх тэрыторый. Яны не адмаўляюцца ад сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій, і мы вядзем перамовы з разуменьнем, што канчатковых дамоўленасьцяў, імаверна, ня будзе, пакуль Пуцін не сыдзе са сцэны».
Кандыдат на віцэ-прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі Джэй Ды Вэнс раней выступіў з такой прапановай: лінія фронту становіцца дэмаркацыйнай лініяй, вакол якой ствараецца дэмілітарызаваная зона. Вэнс не ўдакладніў, хто будзе яе кантраляваць, але адзначыў, што яна будзе «добра ўмацаваная, каб расейцы не ўварваліся зноў». Украіна не ўступае ў NATO і захавае сваю незалежнасьць у абмен на нэўтралітэт.
«У адным з падкастаў Вэнс распавёў пра тое, як Трамп бачыць заканчэньне вайны ва Ўкраіне. Што Трамп хоча пасадзіць усіх за стол перамоваў і акрэсьліць лінію, па абодва бакі ад якой павінна быць дэмілітарызаваная зона, два кілямэтры — у адзін бок, два кілямэтры — у другі. І нехта гэтую зону павінен кантраляваць: не Расея і не Ўкраіна. Ніхто ўвогуле не ўяўляе сабе, што гэта такое. Трамп і яго дарадцы на просьбу ўдакладніць кажуць, што кандыдат на прэзыдэнта ня хоча выкладваць усе карты на стол, бо тады ён ня зможа нікога зьдзівіць і ня зможа націснуць на Ўладзіміра Пуціна. Трамп хоча пасадзіць усіх за стол перамоваў, каб ніхто ня быў гатовы да яго прапаноў, і прымусіць прыслухацца да яго ідэй», — патлумачыла тэлеканалу «Настоящее время» амэрыканістка Аляксандра Філіпенка.
Але навошта Ўладзіміру Пуціну садзіцца за стол перамоваў, калі расейская армія працягвае наступ ва Ўкраіне? Вось як на гэта адказаў Майк Волц, чалец Палаты прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай партыі, удзельнік вайны ў Афганістане:
«Прэзыдэнт вельмі добра разумее, што такое рычагі ўплыву, і ў нас ёсьць сур’ёзны спосаб націснуць на Расею эканамічна. Першым крокам будзе, кажучы словамі Трампа: „Пампуй, пампуй“. Вы напаўняеце сьвет больш таннымі і чыстымі амэрыканскімі нафтай і газам. Вы зьніжаеце цану».
«Дональд Трамп даўно спрабуе падабрацца да радовішчаў на Алясцы. Існуе забарона на бурэньне менавіта там. Усе гэтыя абмеркаваньні пра дэмілітарызаваную зону і эканамічны ціск на Расею я прапаную разглядаць як перадвыбарчыя заявы, перадвыбарчыя ўгаворы Дональда Трампа. Згадаем 2016 год, калі ён сказаў, што ня толькі пабудуе сьцяну з Мэксыкай, але і прымусіць Мэксыку за яе заплаціць. Заяўляў, што мае дакладны плян, проста ён ня хоча яго публікаваць загадзя. У выніку Мэксыка, вядома, нічога не плаціла за сьцяну. І ў часе прэзыдэнцтва Трампа пабудавалі вельмі мала сьцяны», — нагадала амэрыканістка Аляксандра Філіпенка.
Пуцін раней казаў, што вітае заявы Трампа аб імкненьні да мірнага пагадненьня. Ва Ўкраіне неаднаразова паўтаралі, што замарожваньне вайны — гэта проста шанец для расейскай арміі перавесьці дух, каб пазьней атакаваць з новымі сіламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш, чым проста выбары. Ці варта асьцерагацца вяртаньня Трампа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта ЗША. У штаце Джорджыя рэкордная яўка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарыс заявіла, што ня стане сустракацца з Пуціным без удзелу ў перамовах украінскага боку