Пра цяперашні стан беларуска-вугорскіх адносінаў Свабодзе расказала віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.
— Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, якая пасьля 2020 году накіравала новага амбасадара ў Беларусь. Амбасадар уручыў даверчыя лісты Лукашэнку. Вугорскі міністар замежных справаў нават пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну наведваў Менск. Як Вугоршчына палітычна падтрымлівае Беларусь на міжнароднай арэне, у якіх практычных формах?
— Вугоршчына фактычна аспрэчвае табу, якое было накладзена ў ЭЗ на беспасярэднія стасункі з урадам Беларусі. Гэта дапамагае легітымізаваць кантакты і супрацоўніцтва зь беларускім урадам і іншым краінам.
На ўсіх міжнародных плятформах Вугоршчына актыўна выступае супраць санкцыяў і за выкарыстаньне актыўных перамоваў і дыялёгу для спыненьня канфліктаў, што дапамагае пазыцыі Беларусі.
Вугоршчына можа таксама дапамагчы з кантактамі і перамовамі ў будучыні, калі, магчыма, зьявяцца новыя ўрады ў заходніх краінах, якія будуць больш адкрытыя да ідэі наладжваньня кантактаў зь Беларусьсю.
— Ці часта Будапэшт і Менск галасуюць аднолькава на міжнародных форумах (ААН, АБСЭ і г. д.)?
— Нягледзячы на тое, што Будапэшт актыўна заклікае да дыялёгу замест санкцыяў як сродку спыненьня войнаў і канфліктаў, Будапэшт усё ж такі толькі ў вельмі рэдкіх момантах галасуе разам з Расеяй ці Беларусьсю (Расея і Беларусь звычайна галасуюць аднолькава). Напрыклад, рэзалюцыі ААН у справе асуджэньня расейскай агрэсіі ў 2022 годзе Вугоршчына падтрымала. А ад галасаваньня па рэзалюцыях, якія асуджалі рэпрэсіі ў Беларусі і заклікалі да больш жорсткіх санкцыяў супраць Менску, Вугоршчына ў 2022 годзе ўстрымалася і выказала агаворкі, што лепшым падыходам да паляпшэньня сытуацыі ўнутры Беларусі было б уцягваньне Беларусі ў дыялёг з ЭЗ.
— Вугоршчына выконвае санкцыі, якія ЭЗ накладае на Беларусь і Расею. Але ці вядомыя выпадкі, каб Вугоршчына на стадыі абмеркаваньня ў Брусэлі пярэчыла накладаньню на Беларусь пэўных санкцыяў?
— Вугоршчына актыўна прасоўвае погляд, што санкцыі і абмежаваньні — гэта ня той спосаб, які Эўропа павінна ўжываць у сваёй замежнай палітыцы, нават у дачыненьні да краінаў, якія распачалі і вядуць (ці дапамагаюць весьці) агрэсіўную вайну. Санкцыі, на думку вугорскіх уладаў, неэфэктыўныя і ствараюць праблемы самім эўрапейцам. У Будапэшце лічаць, што ўсё роўна давядзецца з гэтымі краінамі неяк дамаўляцца. Гэта датычыцца як Расеі, так і Беларусі. І хаця на гэты момант такая думка — меркаваньне меншасьці і яно не мяняе палітыку ЭЗ, палітыкаў, якія падтрымліваюць такую лёгіку, робіцца больш.
У мяне няма дадзеных у дачыненьні да менавіта беларускіх санкцыяў, але Вугоршчына актыўна блякуе ці запавольвае прыняцьце пакетаў санкцыяў у дачыненьні да Расеі і Беларусі. У тым ліку, напрыклад, Будапэшт можа настойваць на тым, каб выкрасьліць пэўныя імёны ці арганізацыі з санкцыйных сьпісаў і рэгулярна выкарыстоўвае гэты інструмэнт уплыву, у тым ліку ў дачыненьні да гучных імёнаў з Расеі.
— Ці выконвае Вугоршчына пэўную ролю ў шэрых схемах абыходу санкцыяў, накладзеных на Беларусь? Ці ёсьць зьвесткі пра такую ролю?
— У мяне няма зьвестак пра канкрэтныя выпадкі таго, як Вугоршчына дапамагае абыходзіць санкцыі: Будапэшт праводзіць даволі тонкую палітыку. Можна блякаваць ці запавольваць новыя санкцыі ці абнаўленьне санкцыяў, але Вугоршчыне ня вельмі выгадна іх абыходзіць — напрыклад, за абыход можна падпасьці і пад другасныя санкцыі ЗША.
Праекты, якія прасоўваюцца цяпер, адбываюцца ў дазволеных сэктарах — ядзерная энэргетыка, пастаўкі газу (Вугоршчына ўсё яшчэ мае адмысловы дазвол купляць газ у РФ), мэдыцына, сельская гаспадарка. Вугоршчыне ня вельмі выгадна рызыкаваць дзеля даволі нізкіх выгадаў ад незаконнай супрацы зь Беларусьсю.
Да таго ж ёсьць шмат іншых схемаў, якімі Беларусі карыстацца прасьцей і таньней — праз тыя ж краіны Блізкага Ўсходу ці Цэнтральнай Азіі ці нават праз Сэрбію.
Прапанаваць футбольныя стадыёны беларускім камандам, зь якімі ня хочуць гуляць іншыя клюбы ці краіны — гэта прыемны для беларускага ўраду жэст, але гэта ня вельмі ўплывае на дынаміку адносінаў Беларусі зь іншымі краінамі.
— Ці вырас таваразварот паміж Вугоршчынай і Беларусьсю за апошнія гады? Калі так, то наколькі, у параўнаньні з краінамі ЭЗ у сярэднім?
— Не, выразнага росту таваразвароту паміж Вугоршчынай і Беларусьсю няма, ён нават зьніжаецца. Больш за тое, у параўнаньні зь іншымі краінамі таваразварот даволі нізкі.
— Ці мае Вугоршчына буйныя інвэстыцыйныя праекты ў Беларусі?
— У Вугоршчыны ня вельмі добрае эканамічнае становішча, таму яна актыўна спрабуе распрацоўваць сфакусаваныя, лякальныя праекты, якія маюць як стратэгічную значнасьць, так і здольнасьць падтрымліваць вугорскую эканоміку ўжо цяпер. Нават калі няма вельмі вялікіх інвэстыцыйных праектаў у Беларусь, у пэўных галінах працягваюцца важныя для Вугоршчыны праекты.
Напрыклад, важным кірункам застаецца энергетыка. Вугоршчына працягвае купляць расейскую нафту, якая пастаўляецца праз нафтаправод «Дружба» — Беларусь можа зарабляць на транзыце, а для Вугоршчыны расейскія энэрганосьбіты прапаноўваюцца па выгадных цэнах. Беларусь таксама можа дапамагчы Вугоршчыне будаваць новы рэактар на атамнай электрастанцыі, якая будуецца разам з «Росатомом» па расейскіх тэхналёгіях (прынамсі, будзе супраца па навучаньні пэрсаналу і апрацоўваньні адкідаў).
Ёсьць фармацэўтычныя кампаніі, якія пасьпяхова працуюць на беларускім рынку, напрыклад Richter.
Але для Вугоршчыны Беларусь можа быць карыснай яшчэ і як акно магчымасьцяў для разьвіцьця адносін з Расеяй — празь Беларусь можна выходзіць на расейскі рынак.
Вугоршчына вельмі прагматычная. Ёсьць моманты, калі ад санкцыяў, накладзеных на Беларусь, Будапэшт ускосна нават выйграе. Напрыклад, Stadler раней вырабляў цягнікі ў Беларусі, у тым ліку і для вугорскага рынку. Цяпер, калі вытворчасьць у Беларусі прыпынілася, Вугоршчына пашырае вытворчасьць (і павялічвае колькасьць працоўных месцаў) у сябе ў краіне.
— Як Вугоршчына ставіцца да міграцыі зь Беларусі? Наколькі шырока выдае беларусам візы? Наколькі лёгка дае ім прытулак у сябе?
— У 2023 годзе з усіх краін сьвету Беларусь была на 5-м месцы ў колькасьці заявак на шэнгенскія візы ў Вугоршчыну, пры гэтым амаль усе гэтыя запыты атрымлівалі станоўчае рашэньне.
Раней у гэтым месяцы Вугоршчына апублікавала падрабязную інфармацыю аб новай паскоранай візавай сыстэме для грамадзянаў васьмі краінаў, уключаючы Расею і Беларусь, для ўезду ў Вугоршчыну без праверкі службамі бясьпекі ды іншых абмежаваньняў. Таксама будзе значна прасьцей і хутчэй атрымаць дазвол на жыхарства. У Будапэшце заявілі, што шмат хто будзе заняты на будаўніцтве атамнай электрастанцыі, якое ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з кантрактам з расейскім «Росатомом».
Гэта выклікала абурэньне ў іншых краінах ЭЗ, якія хвалюцца, што такі рэжым аблегчыць уезд у ЭЗ магчымым агентам беларускага і расейскага рэжымаў — асобам, якія хочуць абысьці санкцыі ці нават шпіёніць ці ўдзельнічаць у сабатажы ўнутры ЭЗ.
У Вугоршчыне ў прынцыпе вельмі складана атрымаць прытулак. Жорсткі рэжым быў уведзены ў адказ на хвалю міграцыі пасьля 2015 году, а ў 2020 годзе Вугоршчына ўвогуле ўвяла новы закон, які фактычна робіць амаль немагчымым падавацца на прытулак на тэрыторыі Вугоршчыны.
На працягу апошніх некалькіх гадоў прытулак ці абарону ў Вугоршчыне атрымлівалі дзесьці 20-30 чалавек на год (сюды не ўваходзяць украінцы). Колькі зь іх зь Беларусі (і ці ёсьць увогуле), невядома, але гэта ня вельмі значная колькасьць у прынцыпе.
— Ці былі выпадкі, каб Вугоршчына выдавала ў Беларусь імігрантаў, справы якіх маюць відавочную палітычную подбіўку?
— Я пра такія выпадкі ня ведаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе заклікаюць увесьці кантроль на межах з Вугоршчынай пасьля таго, як яна спрасьціла ўезд для беларусаў і расейцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі Вугоршчыны і Сэрбіі, якія падтрымліваюць кантакты з афіцыйным Менскам