Зьмены ў працы таксі, новае рэгуляваньне тарыфаў. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 лістапада

Таксі ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Паглядзелі, якія зьмены чакаюць беларусаў у лістападзе.

Павялічыцца шэраг выплатаў

З 1 лістапада ў Беларусі вырасьце памер бюджэту пражытковага мінімуму — да 437,8 рубля ў сярэднім на душу насельніцтва (на 4,8 рубля, або на 1,1%, больш, чым цяпер).

Ад бюджэту пражытковага мінімуму залежаць дзіцячыя дапамогі, сацыяльныя пэнсіі, надбаўкі за догляд і даплаты да пэнсіяў — яны таксама вырастуць.

Так, аднаразовая дапамога пры нараджэньні першага дзіцяці вырасьце да 4378 рублёў (цяпер — 4330 рублёў), другога і наступных дзяцей — да 6129,2 рубля (цяпер — 5862,22 рубля). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, вырасьце да 437,8 рубля (цяпер — 433 рублі).

Штомесячныя выплаты сем’ям на дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў складуць 218,9 рубля; на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорыяў сем’яў (акрамя дзіцяці-інваліда) — 218,9 рубля.

Дапамога на дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады, складзе 306,46 рубля.

Зьмены ў працы таксі

З 1 лістапада перавозчыкі, якіх не ўключылі ў рэестар аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, ня змогуць працаваць на законных падставах. У выпадку працягу працы іх дзейнасьць будзе прызнаная незаконнай і прывядзе да буйных штрафаў і канфіскацыі даходаў.

Да 31 кастрычніка ўключэньне ў рэестар бясплатнае, пасьля гэтай даты трэба будзе сплаціць дзяржаўны збор:

  • за аднаго кіроўцу — 40 беларускіх рублёў,
  • за кожны транспартны сродак — 80 рублёў,
  • за ўключэньне кожнага дыспэтчара — 4 тысячы рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі ўзмацніў кантроль за пасажырскімі перавозкамі. Усе інфармацыйныя службы мусяць знаходзіцца ўнутры краіны

Міністэрства пачне рэгуляваць тарыфы на кансультацыі лекараў-спэцыялістаў

З 1 лістапада ў пералік платных мэдычных паслуг, тарыфы на якія рэгулюе дзяржава, дададуць прыёмы (кансультацыі) у лекараў-спэцыялістаў.

У гэты пералік ужо ўваходзяць платныя стаматалягічныя паслугі, дыягностыка (лябараторная, прамянёвая, ультрагукавая, функцыянальная і эндаскапічная), мэдычны агляд для атрыманьня даведкі кіроўцам.

Адменяць зьніжкі ў электравіках

Зьніжка ў 50% ад цаны на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканомклясы для пэнсіянэраў, якую ўводзяць штогод з 1 траўня, будзе дзейнічаць да канца кастрычніка. З 1 лістапада пэнсіянэры зноў мусяць купляць квіткі за поўную цану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі прыдумалі новы збор з пэнсіянэраў. Каго ён тычыцца

Зноў падаражэюць цыгарэты

Як паведаміла Міністэрства падаткаў і збораў, з 1 лістапада падаражэюць дзевяць відаў тытунёвых вырабаў.

Цэны на іх вырастуць на 10–20 капеек.

Вялікія выходныя

У лістападзе грамадзяне Беларусі будуць адпачываць чатыры дні запар. На выходныя можна разьлічваць з 7 па 10 лістапада.

Пры гэтым беларусаў чакае працоўная субота: працоўны дзень зь пятніцы, 8 лістапада, пераносіцца на 16 лістапада.

Стануць вядомыя ўсе прэтэндэнты на кандыдацтва на выбарах

Да 1 лістапада прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта павінны падаць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Пасьля гэтага пачнецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў.

Ініцыятыўныя групы пачалі рэгістраваць 29 кастрычніка.

Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

МУС паабяцаў зь лістапада пачаць актыўную фазу вучэньняў у перадухіленьні беспарадкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Беларусі зарэгістравала ініцыятыўную групу Лукашэнкі, яшчэ двум прэтэндэнтам, у тым ліку Губарэвічу, адмовіла

Зьмены ў банках

Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, у кастрычніку абвясьцілі, што зь лістапада адбудуцца зьмены ў працы па рахунках, картках і іншых аспэктах. Некаторыя абяцаюць новыя магчымасьці для кліентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі пра новаўвядзеньні. Што зьмянілася