Камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што стратэгічным вучэньням-2025 будуць папярэднічаць апэратыўна- і лётна-тактычныя вучэньні на расейскіх і беларускіх палігонах, а вынікам стануць стратэгічныя вучэньні ў верасьні 2025 году на тэрыторыі Беларусі.
«Сплянаваныя апэратыўна-тактычныя вучэньні з баявой стральбой як на палігонах Расейскай Фэдэрацыі, так і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Сплянаваныя супольныя лётна-тактычныя вучэньні. Пакуль ня буду раскрываць з кім, таму што пацьвярджэньня яшчэ чакаем. Ну, і вынікам баявой падрыхтоўкі стануць стратэгічныя вучэньні — 2025, якія пройдуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у верасьні месяцы», — сказаў Андрэй Лук’яновіч у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ.
Імаверна, пад «стратэгічнымі вучэньнямі — 2025» камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч меў на ўвазе беларуска-расейскія вучэньні «Захад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны РФ заявіў, што Расея гатовая ўжыць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Беларусі23 кастрычніка на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, для ўдзелу ў якім у Беларусь прыяжджаў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, зацьвердзілі задуму вучэньняў «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў у наступным годзе.
Усяго на 2025 год міністэрствы абароны Беларусі і Расеі заплянавалі больш за 160 супольных мерапрыемстваў.
У 2022 годзе пасьля супольных вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія адбываліся ў Беларусі, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы яшчэ ўбачыце, хто такі Пуцін». Як выжыць па суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй