У ЭЗ і ЗША заклікалі Грузію расьсьледаваць парушэньні на выбарах і скасаваць недэмакратычныя законы

Місія АБСЭ абвясьціла папярэднія высновы пасьля назіраньня за выбарамі ў Грузіі. Фота REUTERS

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Жузэп Бурэль і Эўрапейская камісія абнародавалі супольную заяву аб парлямэнцкіх выбарах у Грузіі.

У Эўрапейскім зьвязе заклікалі ўлады Грузіі правесьці незалежнае расьсьледаваньне ўсіх парушэньняў выбарчага заканадаўства.

«Мы заклікаем Цэнтральную выбарчую камісію Грузіі і іншыя адпаведныя органы ўлады выканаць свой абавязак хутка, празрыста і незалежна расьсьледаваць і прыняць рашэньні па выбарчых парушэньнях і абвінавачаньнях у іх. Гэта неабходны крок да аднаўленьня даверу да выбарчага працэсу», — адзначаецца ў заяве.

У Эўразьвязе абгрунтавалі свой заклік папярэднімі вынікамі назіральнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Згодна зь імі, дзень выбараў у цэлым быў арганізаваны і праведзены належным чынам, але адзначаўся напружанай сытуацыяй, частымі парушэньнямі таямніцы галасаваньня і некалькімі працэсуальнымі неадпаведнасьцямі, а таксама паведамленьнямі аб запалохваньні і ціску на выбарнікаў, што нэгатыўна паўплывала на грамадзкі давер да працэсу.

«Паведамленьні аб ціску на выбарнікаў, асабліва на супрацоўнікаў дзяржаўнага сэктару, заставаліся распаўсюджанымі цягам усёй кампаніі. Гэта ў спалучэньні з актыўным адсочваньнем выбарнікаў у дзень выбараў выклікала асьцярогу адносна магчымасьці некаторых выбарнікаў галасаваць бяз страху перасьледу», — адзначаецца ў заяве.

Паводле назіральнікаў, выбары адбываліся ў палярызаваных і няроўных умовах для ўсіх удзельнікаў, а на выбарчы працэс маглі паўплываць нядаўнія заканадаўчыя зьмены.

У Эўразьвязе заявілі, што чакаюць афіцыйнай справаздачы і рэкамэндацый місіі АБСЭ, якія «павінны быць рэалізаваныя як мага хутчэй».

«Канструктыўны і інклюзіўны дыялёг паміж палітычнымі сіламі цяпер надзвычай важны. Згодна з высновамі Эўрапейскай Рады ад 17 кастрычніка Эўразьвяз заклікае Грузію правесьці дэмакратычныя, усёабдымныя і ўстойлівыя рэформы, якія адпавядаюць асноўным прынцыпам эўрапейскай інтэграцыі. У гэтым кантэксьце ЭЗ нагадвае, што любое заканадаўства, якое падрывае асноўныя правы і свабоды грамадзян Грузіі і супярэчыць каштоўнасьцям і прынцыпам, на якіх заснаваны ЭЗ, павінна быць скасавана», — адзначаецца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусіфікацыя Грузіі». Шэраг заходніх палітыкаў заклікалі Эўразьвяз не прызнаваць вынікаў выбараў у Грузіі

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што міжнародныя назіральнікі не прызналі вынікаў выбараў свабоднымі і справядлівымі, але яўка выбарнікаў на выбарах даказала, што грузінскі народ падтрымлівае дэмакратычныя прынцыпы.

«Мы асуджаем усе парушэньні міжнародных нормаў і падтрымліваем заклікі міжнародных і мясцовых назіральнікаў да поўнай праверкі ўсіх паведамленьняў аб парушэньнях, звязаных з выбарамі», — заявіў Энтані Блінкен.

Дзяржаўны сакратар ЗША заклікаў палітычных лідэраў Грузіі «паважаць вяршэнства закону, скасаваць заканадаўства, якое падрывае асноўныя свабоды, і супольна выкараніць недахопы ў выбарчым працэсе».

«Мэты эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Грузіі, замацаваныя ў Канстытуцыі краіны, патрабуюць, каб урад паважаў правы сябраў грамадзкай супольнасьць і асноўныя свабоды ўсіх грамадзян Грузіі», — заявіў Энтані Блінкен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі не прызнала вынікаў парлямэнцкіх выбараў, заклікала да пратэстаў і абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні
  • Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле зьвестак ЦВК, кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» атрымала 53,92% галасоў, чатыры кааліцыі празаходніх апазыцыйных партыяў, якія пераадолелі бар’ер у 5%, набралі сумарна 37,77%.
  • Апазыцыя заявіла пра непрызнаньне вынікаў галасаваньня.
  • Незалежныя назіральнікі на выбарах паведамілі пра масавыя парушэньні заканадаўства ў працэсе галасаваньня: ціск на выбарнікаў, запалохваньне, факты фізычнага гвалту, ужываньне адміністрацыйнага рэсурсу і інш.
  • Грузія мае статус кандыдата ў Эўразьвяз, аднак пасьля прыняцьця ў краіне так званага закону аб «іншаземных агентах» Эўразьвяз прыпыніў працэс інтэграцыі Грузіі і фінансавую дапамогу ўраду.
  • Грузія стала адной з краін, куды выяжджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах перамагла кіроўная «Грузінская мара». Апазыцыя і прэзыдэнтка не прызналі вынікі