«За» прагаласавалі 518 дэпутатаў, супраць — 56, устрымаўся — 61, перадае карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода ў Брусэлі.
«Інтэнсіўная вайна Расеі супраць Украіны і яе атакі на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру маюць значны ўплыў на эканоміку і дзяржаўныя фінансы Ўкраіны. Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, у 2025 годзе дэфіцыт фінансаваньня можа скласьці 41,5 мільярда даляраў ЗША, гэта значыць на 15,6 мільярда даляраў больш, чым меркавалася раней», — заявіў дэпутатам эўракамісар па пытаньнях юстыцыі Дыдзье Рэйндэрс, абгрунтоўваючы неабходнасьць зацьвярджэньня мэханізму крэдытаваньня з выкарыстаньнем замарожаных актываў Расеі ў памеры 50 млрд даляраў зь «Вялікай сямёркі», доля ЭЗ у якой складае 35 млрд эўра.
Раней 22 кастрычніка Вялікая Брытанія заявіла, што гатовая выдзеліць Украіне крэдыт у памеры 2,26 мільярда фунтаў стэрлінгаў (каля 2,93 мільярда даляраў), які будзе пагашаны за кошт сродкаў ад замарожаных расейскіх актываў.
Раней СМІ паведамлялі пра гатовасьць ЗША выдзеліць Украіне да 20 мільярдаў даляраў у рамках 50-мільярднага крэдыту «Вялікай сямёркі» за кошт прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней заяўляў, што Расея катэгарычна супраць выкарыстаньня сваіх актываў для фінансаваньня Ўкраіны, і папярэджваў аб плянах Масквы падаць у суд на фігурантаў гэтага працэсу. Гаворка цяпер ідзе аб выкарыстаньні не саміх сродкаў, а даходаў ад іх разьмяшчэньня.
На гэты момант у Эўропе замарожаныя расейскія актывы на суму 211 мільярдаў даляраў. Большая іх частка знаходзіцца ў Бэльгіі і кіруецца арганізацыяй Euroclear, якая ў 2023 годзе атрымала з гэтых сродкаў 3 мільярды даляраў прыбытку.