Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк ухваліў стварэньне фінансавага пасярэдніцкага фонду для падтрымкі Ўкраіны


Выканаўчая рада Сусьветнага банку ў чацьвер ухваліла стварэньне фінансавага пасярэдніцкага фонду (FIF) для падтрымкі Ўкраіны. Чакаецца, што першыя ўнёскі ў фонд паступяць ад ЗША, Канады і Японіі, паведамілі тры крыніцы, знаёмыя з рашэньнем.

Адзінае пярэчаньне супраць галасаваньня паступіла ад Расеі, паведамілі дзьве крыніцы, знаёмыя з галасаваньнем, піша «Голас Амэрыкі».

Фонд, які будзе кіравацца Сусьветным банкам, дапаможа выканаць абяцаньне, дадзенае лідэрамі G7, аб перадачы Ўкраіне да 50 мільярдаў даляраў дадатковага фінансаваньня да канца года, бо яна працягвае адбіваць расейскае ўварваньне, якое пачалося больш за два гады таму, паведамілі крыніцы.

Дакладныя сумы ўнёскаў ад ЗША, Японіі і Канады ўсё яшчэ вызначаюцца, але ўсе яны будуць забясьпечаныя працэнтамі з замарожаных расейскіх сувэрэнных актываў, паведаміла адна з крыніц.

Галасаваньне Сусьветнага банку адбылося на наступны дзень пасьля таго, як прадстаўнікі краін Эўрапейскага зьвязу дамовіліся выдзеліць Украіне да 35 мільярдаў эўра (38,3 мільярда даляраў) у рамках долі блёку ў больш буйнай заплянаванай пазыцы ад краін G7, якая таксама падтрымліваецца даходамі ад замарожаных актываў расейскага Цэнтральнага банку, гаворыцца ў заяве Рады ЭЗ.

Джош Ліпскі, старшы дырэктар Цэнтру геаэканомікі Атлянтычнай рады, сказаў, што гэтыя два рашэньні дазволяць краінам G7 значна павялічыць фінансаваньне Ўкраіны і выканаць абяцаньні, дадзеныя на саміце лідэраў G7 у чэрвені.

«Гэта калясальная сума грошай, — сказаў ён, адзначыўшы, што ваенныя выдаткі Ўкраіны ў 2023 годзе склалі каля 80-90 мільярдаў даляраў. — Гэта рэальныя рэсурсы, якія могуць зьмяніць сытуацыю на месцах».

Міністэрства фінансаў ЗША і Белы дом адмовіліся ад камэнтароў. Улады Японіі і Канады таксама пакуль не пракамэнтавалі паведамленьня.

Прэзыдэнт Сусьветнага банку Аджай Банга заявіў агенцтву Reuters уэ траўні, што ён «безумоўна» адкрыты для ідэі кіраваньня фондам, які будзе кантраляваць крэдыт краін G7 для Ўкраіны, што падтрымліваецца даходамі ад замарожаных расейскіх сувэрэнных актываў, прынамсі для неваенных мэтаў.

Актывы былі замарожаныя неўзабаве пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

У траўні Банга сказаў, што Сусьветны банк мае вялікі досьвед кіраваньня аналягічнымі фондамі неваенных донараў, у тым ліку адзін такі праект для Афганістана. Ён адзначыў, што можна прайграць гэты досьвед для ўкраінскай пазыкі.

Новы фонд дазволіць краінам, якія не ўваходзяць у склад ЭЗ, удзельнічаць у больш шырокай крэдытнай ініцыятыве.

У чэрвені краіны G7 і ЭЗ аб’явілі аб выдзяленьні Ўкраіне пазыкі ў памеры 50 мільярдаў даляраў, якая будзе абслугоўвацца за кошт прыбытку, атрыманага ад расейскіх актываў, замарожаных на Захадзе.

Больш за дзьве траціны гэтых актываў, каля 210 мільярдаў эўра, знаходзяцца ў 27 краінах ЭЗ, і большасьць зь іх утрымліваюцца дэпазытарыем Euroclear у Бэльгіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG