Чым Лукашэнку вабіць BRICS

Уладзімір Пуцін на фоне сымболікі саміту BRICS. Казань, 22 кастрычніка 2024

BRICS — гэта нефармальнае аб’яданьне, клюб, пляцоўка для штогадовых сустрэч лідэраў краін-удзельніц, падчас якіх звычайна прымаюцца дэклярацыі агульнага зьместу.

Што адметна: у гэтую інстытуцыю ўваходзяць краіны зь вельмі рознымі інтарэсамі, праблемамі, геапалітычнай арыентацыяй, вельмі розным разуменьнем выклікаў і небясьпек. Чым гэтая арганізацыя вабіць Лукашэнку?

Сьцісла:

  • Апошнім часам BRICS выглядае папулярным брэндам: жаданьне далучыцца да яго стала сярод некаторых краін міжнароднай модай.
  • Мода на BRICS сярод краін Глябальнага Поўдня зьяўляецца сымптомам перамен у міжнароднай сыстэме. Відавочна, адбываецца крызіс старых міжнародных інстытутаў. На гэтым тле BRICS успрымаецца як нейкая альтэрнатыва ранейшым цэнтрам сілы.
  • BRICS — гэта не ваенна-палітычны і не эканамічны зьвяз. І нават не міжнародная арганізацыя. BRICS — нефармальнае аб’яданьне.
  • Ці стане BRICS больш уплывовай структурай пасьля пашырэньня, зьяўленьня новых узельнікаў? Хутчэй наадварот.
  • Надзеі Расеі ператварыць BRICS у антызаходнюю арганізацыю ня спраўджваюцца.

22–24 кастрычніка ў расейскай Казані праходзіць XVI саміт BRICS. Запрошана на яго кіраўніцтва 36 краін, зь іх 22 дзяржавы прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні.

Расейская прапаганда надае гэтай падзеі надзвычайную ўвагу. Яна спрабуе пераканаць, што з актыўным удзелам Расеі фармуецца новы цэнтар сілы, які прадстаўляе «глябальную большасьць» і супрацьстаіць «калектыўнаму Захаду». Таму шмат краін Усходу і Глябальнага Поўдня імкнуцца далучыцца да BRICS.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін на цырымоніі сустрэчы ў аэрапорце Казані па прыбыцьці для ўдзелу ў саміце BRICS, 22 кастрычніка 2024

Сапраўды, апошнім часам BRICS выглядае папулярным брэндам, жаданьне далучыцца да якога стала сярод некаторых краін своеасаблівай модай. Першапачаткова гэтую інстытуцыю заснавалі Бразылія, Расея, Кітай, Індыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. З 1 студзеня 2024 году ў гэты клюб прынялі яшчэ Эгіпет, Іран, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўскую Арабію і Этыёпію (Аргентына адмовілася ад запрашэньня). А ў чарзе на ўступленьне — звыш 30 краін. Таксама і Беларусь падала заяўку на далучэньне да гэтай структуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Турэччына падала заяўку на ўступленьне ў BRICS

Мода на BRICS сярод краін Глябаальнага Поўдня зьяўляецца сымптомам перамен у міжнароднай сыстэме. Відавочна адбываецца крызіс існых міжнародных інстытутаў, пэўнае зьмяншэньне палітычнай вагі Захаду. На гэтым тле BRICS успрымаецца як нейкая альтэрнатыва «старым» цэнтрам сілы і заходнецэнтрычнаму сьвету. Таму кіраўнікі Расеі і Беларусі імкнуцца давесьці, што трапляюць у новы сусьветны трэнд, апынаюцца на «правільным баку гісторыі».

Аднак насамрэч усё трохі ня так. Пачнем з таго, што BRICS — гэта не ваенна-палітычны (як NATO ці АДКБ) і не эканамічны (як ЭЗ ці ЭАЭС) зьвяз. І нават не міжнародная арганізацыя, хоць бы як ШАС. BRICS ня мае статуту, штаб-кватэры, сакратарыяту ці нейкіх кааардынацыйных органаў, дакладных працэдур свайго функцыянаваньня. Там не прымаюць рашэньняў, абавязковых для выкананьня.

Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоза (у цэнтры) прыбыў для ўдзелу ў XVI саміце BRICS у Казані. 22 кастрычніка 2024

BRICS — гэта нефармальнае аб’яданьне, клюб, пляцоўка для сустрэч лідэраў краін-удзельніц раз на год, на якіх прымаюцца дэклярацыі пэўнага агульнага зьместу.

І, што важна, у гэтую інстытуцыю ўваходзяць краіны зь вельмі рознымі інтарэсамі, праблемамі, геапалітычнай арыентацыяй, адрозным разуменьнем выклікаў і небясьпек.

Апошнім часам сябры BRICS, здаецца, намацалі ідэю, якая ў пэўным сэнсе магла іх аб’яднаць. Гэта імкненьне пазбавіцца ад заходняй гегемоніі ў валютна-фінансавай сфэры, перайсьці ва ўзаемных разьліках з даляра і эўра на нейкія іншыя валюты. Напрыклад, замяніць даляр кітайскім юанем. Гэтую ідэю актыўна прапагандуюць расейскія і беларускія дзяржаўныя мэдыя. Некалькі разоў на гэтую тэму выказваўся Аляксандар Лукашэнка.

Аднак праблема ня толькі ў тым, што юань ня цалкам міжнародна канвэрсаваная валюта. У Кітая ёсьць канкурэнт — Індыя, якая таксама прэтэндуе на ролю другой эканомікі сьвету, і яна наўрад ці пагодзіцца даць дарогу суперніку. Таму пакуль усе развагі пра тое, як пазбавіцца ад даляра, — гэта мроі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што Менску патрэбныя ня проста кансультацыі, а сумесныя дзеяньні з Тэгеранам

Шмат пытаньняў выклікае пашырэньне BRICS, зьяўленьне там новых сяброў. Заснавальнікамі гэтай інстытуцыі былі адносна вялікія краіны з пэўнай міжнароднай вагой, здольныя праводзіць у пэўным сэнсе самастойную палітыку. А цяпер да BRICS далучыліся краіны, скажам мякка, ня самыя моцныя і ўплывовыя ў сьвеце (ААЭ, Эгіпет, Этыёпія). Чаму гэтыя? Паводле якога прынцыпу адбываецца працэс далучэньня? У чарзе стаяць такія краіны, як Азэрбайджан, Малайзія, Сырыя, Гандурас, Афганістан ды інш.

Ці стане BRICS больш уплывовай структурай пасьля такога пашырэньня? Хутчэй наадварот. І ў сваёй перашапачатковай колькасьці гэтая інстытуцыя зь цяжкасьцю прымала ўзгодненыя рашэньні. Бо, як адзначалася, у краін-сяброў даволі розныя інтарэсы. Цяпер гэтая праблема яшчэ больш ускладніцца. BRICS ператвараецца ў нейкі новы «Рух недалучэньня» (вялізная і недзеяздольная арганізацыя). Дарэчы, на саміт у Казань адмовіліся прыяжджаць траціна запрошаных кіраўнікоў дзяржаў.

Варта таксама адзначыць, што надзеі Расеі ператварыць BRICS у антызаходнюю арганізацыю ня спраўджваюцца. Бо сярод удзельнікаў гэтага аб’яднаньня толькі сама РФ ды Іран знаходзяцца ў жорсткай канфрантацыі з Захадам. Астатнія ня маюць асаблівага жаданьня канфліктаваць з ЗША ці ЭЗ.

Мяркуючы па ўсім, на гэтым саміце Беларусь можа атрымаць статус дзяржавы-партнэра. Статус, дарэчы, ня вельмі зразумелы. Што значыць партнэр нефармальнага аб’яднаньня, па сутнасьці клюбу? Але ў цяперашніх умовах для Лукашэнкі і гэта выглядае як пэўны міжнародны посьпех.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзінота дыктатараў. Галасаваньне ў ААН выявіла маштаб міжнароднай ізаляцыі Расеі і Беларусі