У Менску з падачы Грамадзкай рады па маральнасьці адмянілі спэктакль «Каханкі майго мужа», паведаміў сустаршыня рады, кіраўнік Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веньямін на прэсавай канфэрэнцыі 21 кастрычніка.
Пастаноўку, паводле слоў мітрапаліта, «прапанавалі падарыць жанчынам у гонар Дня маці 14 кастрычніка». Паводле яго слоў, «спэктакль у выніку быў адменены».
«Гэта адна зь першых такіх спраў у працы Рады па маральнасьці. Добра, ёсьць добрае ўзаемадзеяньне паміж міністэрствамі і ведамствамі, якія могуць так ці інакш уплываць на разьвіцьцё працэсаў у грамадзтве», — заявіў Веньямін.
На яго думку, «неабходна ўказваць на спакусы, якія здольныя пашкодзіць неакрэплыя душы падрастаючага пакаленьня, а, калі трэба, і агароджваць ад іх».
- Шырокую вядомасьць Грамадзкая рада па маральнасьці атрымала ў сувязі з канцэртам гурту Rammstein у Менску ў 2010 годзе. Напярэдадні выступу грамадзкая рада па маральнасьці заяўляла, што «творчасьць гурту зьяўляецца непрыхаванай прапагандай гомасэксуалізму, мазахізму ды іншых вычварэнстваў, жорсткасьці, гвалту і непрыстойнай лаянкі. На канцэртах групы часта жыўцом дэманструюцца полавыя акты паміж мужчынамі, семявывяржэньне і перайманьне нацыстаў». Аднак канцэрт Rammstein у Менску ўсё ж адбыўся.
- Напярэдадні выступу ў Менску брытанскага выканаўцы Элтана Джона Грамадзкая рада па маральнасьці зьвярталася да арганізатараў канцэрту з просьбай прадставіць відэазапісы ранейшых выступаў сьпевака. «Мы супраць таго, каб зьдзекаваліся з маралі, зьдзекаваліся з нашых дзяцей, якія ідуць туды. Мы патрабуем, каб не паказвалі непрыстойнасьці, рэчы, на якія дзецям, дый дарослым таксама, глядзець ня трэба. Так што разьбяромся», — казаў тагачасны старшыня рады Мікалай Чаргінец. Канцэрт Элтана Джона ў Менску таксама адбыўся.