Два тыдні таму магілёўскі біскуп паведаміў, што меў магчымасьць пагутарыць з пантыфікам сам-насам. У інтэрвію Ватыканскаму радыё беларускі герарх падзяліўся дэталямі той гутаркі.
«Асноўная ўвага была нададзена наладжваньню дыялёгу зь дзяржаўнымі ўладамі і магчымасьцям ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці ва ўмовах абясцэньваньня ў сучасным сьвеце хрысьціянскіх каштоўнасьцяў», — адзначыў біскуп.
Паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага, папа цікавіўся, як можна падтрымаць вернікаў у Беларусі ў цяперашніх умовах.
«Францішак таксама зьвярнуў увагу на тое, што, Касьцёл павінен заставацца апірышчам для людзей, быць крыніцай надзеі і падтрымкі ў складаных сацыяльных і культурных умовах».
Падчас сустрэчы папа Францішак памаліўся зь біскупам Яшэўскім за Беларусь і яе народ.
«Гэта была простая, але глыбока шчырая малітва, у якой ён прасіў Бога надаць нам мудрасьць і адвагу прымаць складаныя, але неабходныя рашэньні дзеля дабра ўсяго Касьцёла», — сказаў магілёўскі біскуп.
Размова доўжылася 5 хвілін.
«Падчас размовы папа спытаўся пра мой досьвед біскупскага служэньня і пра тое, як я ўяўляю будучыню Касьцёла ў сваёй краіне. Я шчыра падзяліўся сваімі меркаваньнямі пра выклікі, зь якімі сутыкаецца наш Касьцёл, і падкрэсьліў важнасьць больш актыўнага дыялёгу з моладзьдзю і сьвецкімі. Францішак слухаў з уважлівай усьмешкай і, кіўнуўшы, адказаў: „Гэта вельмі важна. Мы ня можам чакаць, пакуль людзі прыйдуць да нас. Мы павінны ісьці да іх — як Пастыр, які шукае сваіх авечак“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі Францішак перадаў благаславеньне Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справядлівасьці, свабоды і міру». Апостальскі нунцый, архібіскуп Антэ Ёзіч разьвітаўся зь беларусамі