Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі Францішак перадаў благаславеньне Беларусі


Папа Рымскі Францішак, архіўнае фота
Папа Рымскі Францішак, архіўнае фота

Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі 4 кастрычніка сустрэўся з Папам рымскім Францішкам у Ватыкане.

Пра гэта сьвятар паведаміў у Instagram, апублікаваўшы фота сустрэчы папам Францішкам.

«Паразмаўляў сёньня са Сьвятым Айцом Францішкам. Ніхто нам не перашкаджаў. Не было іншых удзельнікаў у чарзе да Папы, таму мы сёньня даўжэй паразмаўлялі. З бласлаўленьнем Пантыфіка для ўсёй Беларусі я шчасьлівы адышоў ад Сьвятога Айца», — коратка апісаў сустрэчу біскуп Аляксандар Яшэўскі.

Сутнасьць гутаркі невядомая. Зала друку Апостальскай Сталіцы пра асабістую сустрэчу не паведамляе, ня згадвае пра яе і афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Біскуп Аляксандар Яшэўскі прадстаўляе каталіцкі касьцёл у Беларусі на другой сэсіі XVI Ардынарнай генэральнай асамблеі сынода біскупаў, якая праходзіць з 2 кастрычніка.

19 верасьня ў агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам браў удзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. На той сустрэчы ён спытаў ў Папы Францішка, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. На гэта, пантыфік адказаў: «Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга зачыняць дзьверы для перамоваў, што трэба трымаць іх адкрытымі», бо «толькі будучы гатовымі слухаць і чуць адно аднаго можна дайсьці да добрага выніку». Таксама Папа Францішак адзначыў, што «ведае Беларусь», прасіў «перадаць прывітаньне прэзыдэнту Лукашэнку».

  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і царквы ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія герархі і вернікі розных канфэсіяў адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў, якія пачаліся ўсьлед за масавымі пратэстамі.
  • З 2020 году пад перасьлед з боку ўлады трапілі ў тым ліку сьвятары, актыўныя вернікі і рэлігійныя арганізацыі.
  • Паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», зь верасьня 2020 году пад перасьлед трапілі дзясяткі рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх сьвятароў, пастараў і служнікаў: яны зазналі ператрусы, затрыманьні, суды, арышты, крымінальны перасьлед, штрафы, катаваньні і пагрозы. асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
  • Знакавы для вернікаў каталіцкі Чырвоны касьцёл ў Менску быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, і дасюль застаецца зачыненым.
  • Каталіцызм — другая па колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG