Калі клясыкаў запісваюць у «экстрэмісты». Як Маскве прадаюць беларускую гісторыю

Мэмарыяльная шыльда Вацлаву Ластоўскаму ў Вільні. У Беларусі том ягоных твораў прызналі экстрэмісцкім. Архіўнае фота

На паседжаньні Рэспубліканскай рады ў гістарычнай палітыцы (на чале з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыем Крутым) паставілі задачу ўзмацніць кантроль за гістарычнымі кнігамі, каб выключыць з ужытку «экстрэмісцкую» літаратуру.

Паставілі і перайшлі да справы — першым унесьлі ў чорны сьпіс том выбраных твораў Вацлава Ластоўскага.

Сьцісла:

  • Гісторыя і палітыка Беларусі як суб’екта — адзінае цэлае. Гісторыю немагчыма «перапісаць» або зрабіць зь яе фэйк.
  • Улада сама не пачуваецца легітымным суб’ектам палітыкі і бачыць адзіны спосаб самазахаваньня — гвалт.
  • Наступ на суб’ектнасьць Беларусі, замоўлены і аплочаны Масквой, выглядае для рэжыму «лёгкімі» грашыма, пры тым, што сама незалежнасьць краіны павольна ператвараецца ў «экстрэмізм».

Ці можа быць выгаднай страта незалежнасьці?

Калісьці мне задалі такое пытаньне, і я задумаўся: а раптам нейкая выгада ёсьць? Мэтафарычна гэта як з уласнай кватэры пераехаць да кагосьці на падсяленьне. Уся магчымая выгада — грошы. Але грошы ратуюць на час, а незалежнасьць страчваецца ў агляднай пэрспэктыве назаўсёды.

Яшчэ з часоў перабудовы памятаю нярэдкую тады рыторыку: «На чорта мне ваша свабода? На хлеб не намажаш, і ўвогуле, што гэта такое?». Інтэлігенты тлумачылі такія словы рабскай сьвядомасьцю калгасных паднявольнікаў. А сёньня? Што зьмянілася за мінулыя 30 гадоў?

Калі кіруе ўсіхным жыцьцём чалавек са сьвядомасьцю кіраўніка «нізавога зьвяна», ён проста ня можа ўзьняцца да вышыняў разуменьня суб’ектнасьці дзяржавы і нацыі. Бо якая там суб’ектнасьць у калгасьнікаў і ў самога калгасу? Мусіць быць начальства зьверху, у Маскве, і начальства «на месцах» — ён. А паколькі ён захапіў уладу над дзяржавай і нацыяй, дык вымушаны трываць гэтую незалежнасьць дэ-юрэ, усё болей страчваючы яе дэ-факта. Ён бачыць, як іншыя краіны і нацыі «носяцца» са сваёй незалежнасьцю, значыць, яна чагосьці каштуе. А вось чаго і як гэта манэтызаваць, ён ня ведае.

І вось тут знаходзіцца адказ: можа быць тактычна выгадна пэўнаму правіцелю страціць незалежнасьць краіны, каб захаваць сваю ўладу. Тыя, хто яго атачае, могуць разважаць падобным чынам. Але гэта ніколі ня выгадна ані нацыі, ані краіне, для якіх суб’ектнасьць — найвышэйшая форма існаваньня. Вяртаць страчаную незалежнасьць неймавернымі намаганьнямі давядзецца іншым. Такім, як Вацлаў Ластоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі» выбраныя творы Вацлава Ластоўскага і Алеся Петрашкевіча

Свой погляд на саміх сябе

Вацлаў Ластоўскі ў 1910 годзе апублікаваў «Кароткую гісторыю Беларусі», дзе ўпершыню прадставіў нашу краіну і нацыю не як залежны ад кагосьці аб’ект, а як самастойны суб’ект. Гэта быў вэртыкальны ўзьлёт, які мяняў расейскі погляд на беларусаў (тых самых умоўных рабоў-калгасьнікаў) на ўласна беларускі погляд — на сябе як на народ, гістарычна і паводле ўсіх кандыцыяў варты ўласнай дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

Адбылася такая пасадка саджанца, які імкліва пачаў расьці, і ўжо прызнаныя мэтры гістарычнай навукі (як Мітрафан Доўнар-Запольскі) падхапілі канцэпт Ластоўскага. І далей цэлыя пакаленьні беларускіх гісторыкаў множылі і множаць гэтую суб’ектнасьць углыб і ўшыркі ўсе гэтыя больш за сто гадоў.

Былі, вядома, адхіленьні ў розныя бакі, былі сталінскія рэпрэсіі, калі гістарычную школу ў Беларусі фізычна зьнішчылі (Ластоўскага расстралялі ў 1938-м), а кнігі забаранілі (!); былі паваенныя часы, калі беларуская гістарычная навука разьвівалася ў эміграцыі. Але ўжо ў 1960-я пачалі выходзіць і ў Беларусі навуковыя працы, а неўзабаве і энцыкляпэдычныя шматтамовікі, дзе ў аснове быў той самы канцэпт Ластоўскага — суб’ектнасьць. Так і да цяперашняга дня — гісторыя адна (у сэнсе — адзіная) і не адна, бо побач, на тым самым корані, увесь гэты час уздымаліся дрэвы мовазнаўства, этнаграфіі, беларускае літаратуры, выяўленчага мастацтва, музыкі... Усё гэтае адзінства толькі мацавала беларускую суб’ектнасьць. І цалкам арганічна працягвае гэта рабіць сёньня (праўда, галоўным чынам за межамі Беларусі).

Гэта была чыстая творчасьць. Дзіўна было б уяўляць сабе, што пачынальнікі рабілі сваю справу з мэтай камусьці нашкодзіць ці кагосьці пакрыўдзіць, як тое ўяўляецца Рэспубліканскай радзе. А пагатоў што яны рабілі злачынства і цяпер «сьледчыя» іх выкрыюць і пасадзяць. Бо гаворка ідзе пра саму Беларусь, якая такім чынам прызнаецца «экстрэмісцкай».

Простая праўда палягае ў тым, што ў незалежнай дзяржавы ніякай іншай гісторыі быць ня можа, як і ніякай іншай нацыянальнай ідэі, бо яна і ёсьць наша гісторыя суб’екта. Мы можам дыскутаваць, высоўваць новыя тэорыі, дапаўняць усё знаходкамі і адкрыцьцямі, але мы ўжо ўскочылі на тую адзіную ноту, на якой гучым, умоўна кажучы, ад Вацлава Ластоўскага да Ўладзімера Арлова. Гэта гісторыя аб’екта мае шмат варыянтаў у розныя бакі, бо ні да чога не прывязаная і ня мае пераемнасьці. Якой вы гістарычнай палітыкі «изволите»?

Аб’ектыўна гісторыя з больш чым стогадовай пераемнасьцю ня можа быць экстрэмісцкай, то бок гвалтоўнай. Таму Рэспубліканская рада, называючы яе такой, сарамліва хавае свой уласны гвалт як адзіны спосаб утрыманьня пры ўладзе. Без суб’ектнай гісторыі ані дзяржава, ані ўлада не пачуваюцца ў поўнай меры легітымнымі. Гэту ўладу, пачынаючы ад першай асобы па ўсёй вэртыкалі, ніхто не выбіраў, таму яна ня мае даверу ад народу і, адпаведна, ня мае даверу да народу. Яна яго баіцца. Так на ўзроўні ўсёй краіны з тысячамі іншадумцаў у турмах, так і на ўзроўні Рэспубліканскай рады. Ператрусы цяпер уводзяцца ў норму ня толькі ў кватэрах і офісах, але і ў кнігарнях ды бібліятэках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі інстытут публічнай гісторыі атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Варшаве

Беларусь, прадстаўленая як фэйк

На згаданай нарадзе Дзьмітры Круты заявіў, што «пасьля 2020 году спробы перапісаць гісторыю сталі яшчэ больш зацятымі з боку і беглай апазыцыі, і заходніх палітыкаў». Ён назваў задачай рады «апэратыўнае рэагаваньне на разнастайныя правакацыі, фэйкі».

Наконт фактычнае забароны канцэпту Ластоўскага (між іншым, ня «беглага» і не заходняга палітыка) трэба разумець, што яго сіла і незаменнасьць, тое, што злучае і сёньняшніх гісторыкаў — гэта нацыянальныя інтарэсы беларускай нацыі і краіны. Таму «перапісаць» гэты канцэпт можна толькі ў нейкіх іншых інтарэсах, не беларускіх. А гэтага дакладна не адбываецца ў беларускіх навуковых асяродках. Што да «фэйкаў», дык сярод вялікага мноства вартых увагі гісторыкаў асабіста я ня ведаю ніводнага, хто б «перапісваў гісторыю» ці ўвогуле апускаўся да «нізкіх жанраў». Тут кожны дбае пра сваю рэпутацыю. Калі ж меркаваць з адносінаў Рэспубліканскай рады да Ластоўскага, дык фэйкам яны лічаць саму беларускую гісторыю, культуру і краіну. То бок саму беларускую суб’ектнасьць. Па выніку яны прызнаюць фэйкам і беларускую Акадэмію навук, дзе праводзяць сваю нараду, і крэслы, якія займаюць.

Яны не дыскутуюць. Гэта іншы стыль нарады, дзе ставяцца задачы. З «вайскова-патрыятычным выхаваньнем» уключна:

«Тая літаратура, якая ў нас прадстаўленая, павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы, калі мы гаворым пра гістарычную літаратуру. Да нас не павінна трапляць экстрэмісцкая літаратура», — выказаўся гісторык, а заадно дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч.

І справа тут ня столькі ў гістарычнай літаратуры, колькі ў агульным недаверы да чалавека, з аднаго боку, і ў абарончым рэфлексе таго, каго ніхто ва ўладу не выбіраў. Ён б’е і бароніцца адначасова. Бо людзі на гэтай нарадзе — спрэс прызначэнцы, вока іх ад погляду на іншага не пацяплее.

Так заўсёды бывае — пры дыктатуры чалавек пазбаўляецца прыватнасьці. У яго ўвесь час правяраюць тэлефон, бяруць з горла мазок на ДНК, без дазволу ператрушваюць ягоную спальню... Усяляк даюць зразумець, што ён ніхто. Пры гэтым першае лягічнае пытаньне — навошта? — ня мае адказу. Што б нам адказаў Даніловіч, навошта яму ўзмацняць той кантроль?.. Ды як бы і няма... гістарычнай прычыны.

А што такое экстрэмісцкая літаратура? Падручнік па выбухоўцы, наркотыках і нянавісьці? Але пры чым тут гісторыя? Кожная кніга робіцца ў выдавецтве, праходзіць рэдактуру, рэцэнзэнтаў, калі трэба, абмяркоўваецца, дыскутуецца. Ёсьць, вядома, усякія расейскія шавіністычныя кніжкі, але пры чым тут наша гісторыя?

Застаецца зразумець, у чым заключаецца «дзяржаўная гістарычная палітыка» і ці гэта ня такое самае пустаслоўе з інтэрпрэтацыяй «што дышла», як і экстрэмізм? Насамрэч не. Калі пад экстрэмізмам сарамліва хаваюць простае жаданьне пасадзіць няўгоднага, а відавочных прычын для гэтага няма, дык пад палітыкай ня менш, а то й больш сарамліва імкнуцца прыкрыць... тую самую страту беларускай суб’ектнасьці на карысьць (каторы ўжо раз!) суседняй імпэрыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭГУ адкрылі «першы беларускі гістфак за мяжой». Ці дапаможа гэта беларусізаваць унівэрсытэт

Агульны падручнік гісторыі

Напісаць агульны беларуска-расейскі падручнік гісторыі можна і, калі кіравацца аб’ектыўнымі фактамі і беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, гэта будзе гісторыя агрэсіі і войнаў Масковіі супраць нашых продкаў — ад сярэднявечных да сучасных газавых і малочных, а таксама гісторыя русыфікацыі. Бо ў экзыстэнцыйным пляне Расея нам не дала нічога — наадварот, адбірала, у тым ліку і жыцьцё. Уся праблема ў тым, што такі падручнік ня будзе адпавядаць і расейскім інтарэсам. Занадта розныя ў нас гісторыя і гістарычныя шляхі. Трэба выбіраць, ці зь іхных інтарэсаў пісаць, ці з нашых.

Людзі з Рэспубліканскай рады выбралі расейскія інтарэсы і шлях сьціраньня беларускай самабытнасьці і ідэнтычнасьці. Навошта? Бо, фігуральна кажучы, рэжым цалкам сядзіць на расейскай нафтагазавай трубе, якая, выглядае, нашмат даражэйшая за нейкія там «сантымэнты». Гэткая гісторыя і ўся дзяржаўная гістарычная палітыка — чыстая прагматыка. Грошы. Атрымліваецца, што цэлую беларускую гісторыю ўлада замяняе ўдзячнасьцю пастаўшчыкам. Такі сабе рэвэранс. Рэвэранс на час.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы заклапацілася праблемай «экстрэмісцкай» літаратуры