Ён сустрэўся з прэзыдэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і канцлерам Оляфам Шольцам.
Адной з галоўных тэмаў размовы Байдэна і Шольца была вайна ва Ўкраіне. Нямеччына — другая пасьля ЗША краіна паводле аб’ёмаў вайсковай дапамогі Кіеву. Байдэн падзякаваў ураду Шольца за падтрымку Ўкраіны. «Вайна Расеі супраць Украіны — гэта атака на дружалюбную дэмакратыю, але таксама і на прынцыпы, якія падтрымлівалі 75 гадоў міру і бясьпекі ў Эўропе», — сказаў ён.
Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Ўкраіну чакае суровая зіма і краіны-саюзьніцы павінны ўзмацніць сваю дапамогу. «Я разумею, што цана высокая, — сказаў ён. — Але гэта нішто ў параўнаньні з пэрспэктывай жыць у сьвеце, дзе кіруе агрэсія і дзе вялікія краіны нападаюць на меншыя проста таму што могуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абвясьціў пра новы пакет дапамогі Ўкраіне на 425 мільёнаў даляраўШольц адказаў, што Нямеччына будзе дапамагаць Украіне «столькі, колькі спатрэбіцца», і згадаў магчымасьць узмацніць вайсковую дапамогу Ўкраіне і падтрымку аднаўленьня яе энэргетычнай інфраструктуры за кошт расейскіх актываў, заблякаваных у Эўропе.
Нямецкія СМІ падкрэсьліваюць, што прэзыдэнт і канцлер не ўзгадалі «плян перамогі», прадстаўлены прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Абодва яны скептычна ставяцца да галоўных патрабаваньняў Зяленскага — як найхутчэйшага ўступленьня Ўкраіны ў NATO і ўжываньня далёкасяжных заходніх ракетаў па тэрыторыі Расеі.
Шольц заявіў: «Мы гарантуем, што NATO ня стане бокам вайны, каб гэтая вайна не прывяла да яшчэ большай катастрофы. Мы выдатна ўсьведамляем гэтую адказнасьць, і ніхто ня можа яе з нас зьняць». Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што не ўхваляе ідэю паставіць Украіне далёкасяжныя ракеты Taurus.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі сустрэўся зь лідэрамі Францыі, Італіі й НямеччыныКіраўнікі ЗША і Нямеччыны абмеркавалі таксама сытуацыю на Блізкім Усходзе. Шольц заявіў, што разам з амэрыканскім прэзыдэнтам спадзяецца зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць эскаляцыі канфлікту, у той самы час прызнаючы права Ізраілю на самаабарону. Ён згадаў, што спадзяецца на спыненьне агню і вяртаньне ізраільскіх закладнікаў, а гэта, у сваю чаргу, адкрые шлях да магчымага стварэньня палестынскай дзяржавы.
Байдэн таксама сустрэўся ў пятніцу з фэдэральным прэзыдэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Штайнмаер уручыў Байдэну найвышэйшую нямецкую ўзнагароду — Вялікі крыж ордэна «За заслугі перад Фэдэратыўнай рэспублікай». Ён сказаў, што Нямеччына шануе шматгадовую адданасьць Байдэна трансатлянтычнаму альянсу, ягонае палітычнае лідэрства ў гэты небясьпечны для Эўропы момант і служэньне агульнаму дабру, сумленнасьці і прыстойнасьці. Байдэн — другі пасьля Джорджа Буша-старэйшага амэрыканскі прэзыдэнт, ушанаваны гэтай узнагародай.
Увечары ў пятніцу ў Бэрлін прыехалі таксама прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, адбылася сустрэча чатырох лідэраў.