Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі сустрэўся зь лідэрамі Францыі, Італіі й Нямеччыны


Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц, Бэрлін, 11 кастрычніка 2024 году
Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц, Бэрлін, 11 кастрычніка 2024 году

10–11 кастрычніка ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі наведаў Парыж, Рым і Бэрлін і правёў перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, кіраўніцай ураду Італіі Джорджай Мэлёні і прэм’ер-міністрам Нямеччыны Оляфам Шольцам.

Пра гэта паведамляе DW.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў з францускім лідэрам Эманюэлем Макронам «плян перамогі» яго краіны ў абарончай вайне супраць Расеі. У чацьвер, 10 кастрычніка, Зяленскі пасьля візыту ў Лёндан прыбыў для перамоваў у Парыж.

Ён прызнаў «складаную сытуацыю» на фронце і «вялікі дэфіцыт» некаторых відаў узбраеньняў.

У Telegram Зяленскі паведаміў, што абмеркаваў з Макронам «сытуацыю на полі бою і рэчы, якія могуць узмацніць нашыя пазыцыі і даць больш абароны Эўропе». Асобную ўвагу на перамовах надалі сумеснай вытворчасьці зброі. Акрамя таго, Зяленскі паведаміў, што Францыя арганізуе 17 кастрычніка канфэрэнцыю аб ядзернай бясьпецы і абароне ў рамках працы, распачатай на першым саміце міру ў Швайцарыі.

Пасьля перамоваў з Макронам Зяленскі зьняпраўдзіў здагадкі аб тым, што абмяркоўваў з эўрапейскімі лідэрамі ўмовы магчымага спыненьня агню ў вайне з РФ. «Гэта ня тэма нашых абмеркаваньняў», — падкрэсьліў ён і назваў падобныя паведамленьні спробамі дэзынфармацыі з боку Масквы.

Уладзімір Зяленскі і Джорджа Мэлёні, Рым, 10 кастрычніка 2024 году
Уладзімір Зяленскі і Джорджа Мэлёні, Рым, 10 кастрычніка 2024 году

Таксама ўчора прэзыдэнт Украіны правёў перамовы ў Рыме з кіраўніцай італьянскага ўраду Джорджай Мэлёні. «Украіна не самотная, і мы будзем падтрымліваць яе столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіла яна. Паводле яе, падтрымка Італіі павінна даць Кіеву «лепшую магчымасьць пачаць перамовы аб міры, аб міры, які ня можа быць капітуляцыяй». Пасьля сустрэчы зь Зяленскім Мэлёні абвясьціла, што ў ліпені 2025 году ў Італіі пройдзе канфэрэнцыя на тэму аднаўленьня Украіны. Раней аналягічныя канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны прайшлі ў Лёндане (21–22 чэрвеня 2023 году) і Бэрліне (11–12 чэрвеня 2024 году).

Сёньня Зяленскі сустрэўся ў Бэрліне з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам. Шольц перад сустрэчай з Зяленскім паведаміў, што новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву ад Нямеччыны і іншых хаўрусьнікаў будзе перададзены да канца году.

У новы пакет дапамогі ўвойдуць сыстэмы супрацьпаветранай абароны, артылерыя і бесьпілётнікі, заявіў фэдэральны канцлер. Паводле яго, дадатковая падтрымка Ўкраіны павінна стаць важным «сыгналам» для прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. «Гульня на час ня дасьць выніку. Мы не аслабім нашу падтрымку Ўкраіны», — заявіў Шольц.

Ён таксама падтрымаў ідэю аб тым, што Расея павінна ўдзельнічаць у наступным саміце міру. Пры гэтым ён зазначыў, што мір ва Ўкраіне можа быць рэалізаваны «толькі на аснове міжнароднага права», Нямеччына «не прыме ўмоваў міру, прадыктаваных Расеяй».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG