Казаская служба Свабоды Радыё Азаттык выпусьціла новую, ужо шостую па ліку, частку расьсьледаваньня аб элітнай нерухомасьці казаскай эліты ў Дубаі. Цяпер журналістам удалося даведацца больш пра замежную маёмасьць членаў сям’і былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.
Асель Курманбаева — адна зь неафіцыйных жонак Нурсултана Назарбаева. У мэмуарах, апублікаваных летась самім экс-прэзыдэнтам Казахстану, ён прызнаў, што ўзяў з Курманбаевай шлюб паводле ісламскіх звычаяў.
Курманбаева — арт-мэнэджарка тэатру «Астана Балет». Яе імя згадвалася ў міжнародных журналісцкіх расьсьледаваньнях. Аўтары адзначалі, што былая «Міс Казахстан» атрымала 30 мільёнаў даляраў праз афшорныя кампаніі. Ёй у Дубаі належаць апартамэнты амаль за 2 мільёны даляраў на насыпным востраве Palm Jumeirah.
Яшчэ адной неафіцыйнай жонкай Назарбаева называюць Гульнару Ракішаву, былую бортправадніцу, а цяпер аўтарытэтную прадпрымальніцу. Яшчэ ў пачатку нулявых яна ўклалася ў будаўніцтва комплексу Dubai Pearl, які, аднак, завяршыць не атрымалася: будынак зраўнялі зь зямлёй. У адказ на пытаньне пра грошы, Ракішава абразіла журналіста «Азаттык» і адмовілася ад адказу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Астане з тэрыторыі ўнівэрсытэта абароны прыбралі помнік Нурсултану НазарбаевуПа зьвестках C4ADS, з Назарбаевымі зьвязаная таксама нерухомасьць у элітным комплексе гмахаў Shams 4 на ўзьбярэжжы Джумэйры. Адна з кватэр у ім зарэгістраваная на імя пляменьніка Назарбаева Кайрата Салтыбалдыўлы, якога восеньню 2022 году, пасьля масавых пратэстаў і беспарадкаў у Казахстане, пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі па абвінавачаньнях у растратах, але ўжо ў 2024 годзе вызвалілі датэрмінова.
Неафіцыйная жонка Салтыбалдыўлы Асель Бактыяркызы валодае яшчэ трыма апартамэнтамі ў гэтым жа комплексе. Яе суседка — Саіда Канатбеккызы: гэтай жанчыне належаць яшчэ дзьве кватэры ўсё ў тым жа SHAMS 4. Расьсьледнікі называюць Саіду яшчэ адной неафіцыйнай жонкай Салтыбалдыўлы. Тут жа, у SHAMS 4, пасялілася і маці Салтыбалдыўлы Сьвятлана Назарбаева.
Агульны кошт усёй нерухомасьці, якой валодае сям’я Салтыбалдыўлы, перавышае 4 млн даляраў.а
Дынара Кулібаева — сярэдняя дачка Назарбаева. Разам з мужам Цімурам Кулібаевым лічыцца найзаможнейшай сям’ёй у краіне. Казаская рэдакцыя часопіса Forbes ацэньвае іх багацьце ў 10 мільярдаў даляраў. Іхны сын Алтай валодае кватэрай ва ўжо згаданым раёне Palm Jumeirah. Яго апартамэнты плошчай 633 квадратныя мэтры каштуюць ня менш за 2 мільёны даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Казахстану Назарбаева пазбавілі пажыцьцёвых прывілеяўМіжнародныя расьсьледнікі неаднаразова пісалі пра тое, што сямейнікі былога прэзыдэнта Казахстану вывелі з краіны сотні мільёнаў даляраў і выкарыстоўвалі іх, у прыватнасьці, для куплі дарагой нерухомасьці за мяжой. У адной толькі Нямеччыне Кулібаевым належаць 10 аб’ектаў нерухомасьці. Аднак расьсьледнікі адзначаюць, што Генэральная пракуратура Казахстану не змагаецца за вяртаньне актываў на радзіму, і гэта выклікае пытаньні.
У колькі ацэньваецца багацьце самога Нурсултана Назарбаева і яго бліжэйшага атачэньня, невядома. Падатковыя службы гэтых лічбаў не раскрываюць.
Журналісты Свабоды накіравалі лісты ў кампаніі Цімура Кулібаева, фонд Нурсултана Назарбаева і на асабістыя нумары тэлефонаў людзей, чые імёны згадваюцца ў расьсьледаваньні. Але паведамленьні засталіся без адказу.
У адказе Генэральнай пракуратуры Казахстану на запыт Радыё Свабода гаворыцца, што ў полі зроку камітэту ў вяртаньні актываў знаходзяцца толькі тыя асобы, чыё багацьце перавышае 100 мільёнаў даляраў. Ці ёсьць сярод іх сваякі Назарбаева, у наглядным органе не паведамілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатар сыдзе — дыктатура застанецца? Чым скончыцца спроба стварыць «калектыўнага Лукашэнку»