Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны зьвярнулася да органаў адміністраваньня выбараў краін Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў (The Association of World Election Bodies, А-WEB) з заклікам прыпыніць сяброўства ў гэтай арганізацыі Цэнтральных выбарчых камісій Расеі і Беларусі.
У сваім звароце ЦВК Украіны прапанавала сябрам гэтай арганізацыі спыніць супрацу з выбарчымі органамі Расеі і Беларусі «да ўсталяваньня дэмакратыі ў гэтых краінах».
Сярод аргумэнтаў у ЦВК Украіны назвалі расейскае ваеннае ўварваньне, правядзеньне незаконных выбараў і рэфэрэндумаў на акупаванай украінскай тэрыторыі, а таксама публічную падтрымку, у прыватнасьці расейскай ЦВК, агрэсіўнай вайны супраць Украіны.
У сувязі з гэтым у звароце нагадалі, што ЦВК Расеі ў 2022 годзе зьмяніла свой афіцыйны лягатып — адаптавала асобныя літары да тых літар, якімі маркавалася расейская вайсковая тэхніка пры ўварваньні ва Ўкраіну.
«Важную ролю ў расейскай агрэсіі супраць Украіны адыграла і Рэспубліка Беларусь, дазволіўшы расейскім вайскоўцам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю. У той жа час кіраўніцтва і сябры ЦВК Беларусі адкрыта супрацоўнічалі з ЦВК Расеі, падтрымліваючы супрацьпраўныя дзеяньні, і неаднаразова ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, накіраваных на легітымізацыю незаконных органаў улады на акупаваных тэрыторыях Украіны», — адзначаецца ў звароце ЦВК Украіны.
Такая дзейнасць, адзначаецца ў дакумэнце, несумяшчальная з прынцыпамі, мэтай, задачамі і духам, заяўленымі ў статуце А-WEB.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заклікала МАК адхіліць беларуску Ірыну Курачкіну ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету ў барацьбе ў ТыранеШто вядома пра А-WEB
Усясьветную асацыяцыю выбарчых органаў (The Association of World Election Bodies, А-WEB) стварылі ў 2013 годзе. Беларусь, як адзначаецца на афіцыйным сайце беларускай ЦВК, лічыць сябе адной з заснавальніц гэтай арганізацыі. Хоць папраўдзе яе заснавалі па ініцыятыве Нацыянальнай выбарчай камісіі Рэспублікі Карэі і Асацыяцыі азіяцкіх выбарчых органаў. У канфэрэнцыі, на якой заснавалі А-WEB, удзельнічалі больш за 400 прадстаўнікоў з 140 органаў кіраваньня выбарамі, міжнародных і няўрадавых арганізацый, у тым ліку і зь Беларусі.
Цяпер асацыяцыя аб’ядноўвае 119 органаў адміністраваньня выбараў з 109 краін сьвету.
Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка ў канцы 2023 году запрасіў прадстаўнікоў А-WEB прыехаць у Беларусь для назіраньня за Адзіным днём галасаваньня, які праводзіўся сёлета ў лютым. Але сярод задач асацыяцыі назіраньня за выбарамі няма. Яе стваралі для ўзмацненьня супрацы між органамі адміністраваньня выбараў з мэтай забесьпячэньня даверу да выбарчых працэсаў у сьвеце, а таксама для абмену тэхналёгіямі. Кожны сябар асацыяцыі мусіць штогод пералічваць у яе бюджэт 10 тысяч даляраў.
Прадстаўнікі гэтай арганізацыі неаднойчы падыгравалі аўтарытарным рэжымам, у тым ліку ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўзбэкістане і Расеі. Па выніках назіраньня прадстаўнікі А-WEB заяўлялі, што выбары прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, а галасы падлічваліся «адкрыта, галосна і апэратыўна».
Наступная асамблея Ўсясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў адбудзецца 22–25 кастрычніка ў Калюмбіі. У пасяджэньні плянуе ўдзельнічаць старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка. Яшчэ ў верасьні ён назваў ініцыятыву ЦВК Украіны «палітызаванай і надуманай».
У верасьні ў Менску на трэцім пасяджэньні кіраўнікоў ЦВК краін СНД ухвалілі заяву, у якой «асудзілі любыя спробы ўмяшаньня ў выбарчыя працэдуры краін Садружнасьці». Гэтую заяву, паводле Ігара Карпенкі, плянуюць прадставіць і на кангрэсе А-WEB.