Пра тое, што дзейны судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Томаш Шмыт выехаў у Беларусь і мае намер папрасіць там палітычнага прытулку, стала вядома 6 траўня 2024 году. Навіна зьявілася ў наваствораным тэлеграм-канале. Паводле публікацыі, судзьдзя Шмыт пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў», таму што «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».
У Польшчы ад’езд судзьдзі ў Беларусь выклікаў шквал камэнтароў, яго пачалі падазраваць у шпіянажы на карысьць беларускіх і расейскіх спэцслужбаў, СМІ апублікавалі інфармацыю пра вялікія даўгі Томаша Шмыта і праблемы ў асабістым жыцьці.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што спэцслужбы Беларусі даўно працавалі з судзьдзём Шмытам, а ягоныя адносіны з афіцыйным Менскам «маюць даўнюю гісторыю». 9 траўня Шмыта звольнілі з пасады судзьдзі на падставе ягонае заявы. Празь месяц пасьля ягонага ад’езду з Польшчы Варшаўскі акруговы суд выдаў эўрапейскі ордэр на арышт Шмыта, на радзіме яго афіцыйна падазраюць у шпіянажы.
10 кастрычніка стала вядома, што мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт Шмыта.
Расказваем, што вядома пра дзейнасьць былога судзьдзі ў Беларусі.
Праца на БелТА
Пра першае беларускае месца працы Томаша Шмыта стала вядома напрыканцы чэрвеня. Ён уладкаваўся на пасаду журналіста і публіцыста ў дзяржаўнае інфармацыйнае агентва БелТА.
«Вельмі добрая праца. Я ня буду выкладваць кантракт», — напісаў сам Шмыт у сацсетцы Х. 22 чэрвеня на YouTube-канале праекту БелТА «В теме» зьявілася відэа размовы Шмыта з чалавекам па імені Матэвуш Ярасевіч, прадстаўленым як публіцыст і актывіст. Гутарка тычылася палітыкі ўраду Польшчы ў дачыненьні да Беларусі і польскіх унутраных праблем. Суразмоўцы сышліся на думцы, што польскія ўлады хаваюць ад свайго народу праўду пра рэальны стан рэчаў і ня маюць самастойнасьці ў вырашэньні ўнутраных пытаньняў. Больш відэа з удзелам Шмыта на канале «В теме» не зьяўлялася.
Не ўдалося знайсьці публікацый за подпісам Томаша Шмыта і на польскамоўнай вэрсіі сайту БелТА. Яе запусьцілі ў кастрычніку 2023 году. «Польская вэрсія сайту БелТА — гэта магчымасьць данесьці да нашых суседзяў, звычайных палякаў, тое, што спрабуе ад іх схаваць уласная ўлада», — тлумачыла дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч. Інтэрвію зь Ярасевічам — пакуль адзіная праца Томаша Шмыта для БелТА, якая была апублікаваная з выкарыстаньнем ягонага імя.
Актыўнасьць у сетках
Неўзабаве пасьля пераезду ў Беларусь акаўнты Томаша Шмыта зьявіліся ў большасьці буйных сацыяльных сетак, у тым ліку ў ня самым папулярным у Польшчы Telegram. Акаўнт у Telegram вядзецца на дзьвюх мовах — па-польску і па-расейску.
Былы судзьдзя таксама завёў свой канал на YouTube, пакуль там дасяжныя ўсяго некалькі ролікаў. Летам і на пачатку восені Томаш Шмыт актыўна камэнтаваў у сацсетках сусьветныя і ўнутрыпольскія падзеі, выкладваў кароткія відэа з уласным поглядам на тое, што адбываецца ў Польшчы, перапошчваў відэа прапагандысцкіх расейскіх шоў з уласным удзелам.
Можна знайсьці ў сацсетках Шмыта і запісы пра прыватнае жыцьцё — пра паездку на аўтамабільны завод БелАЗ, альбо пра пятніцу, праведзеную з атрыманай у падарунак пляшкай кітайскай гарэлкі.
У канцы верасьня ў Telegram-канале Шмыта зьявіўся запіс з папярэджаньнем пра згортваньне актыўнасьці ў сацсетках.
«Добры вечар. Мяне стала менш у Telegram і іншых сацсетках. Так будзе некаторы час. Шмат працы і сустрэч па рэалізацыі праграмы Фонду „Польская праўда“. Аднак я не забываю пра вас і стараюся ў кожную вольную хвіліну нешта пісаць», — гаварылася ў запісе.
Папулярнасьць Шмыта ў сацсетках пры гэтым застаецца ня надта высокаю. На YouTube-канал былога судзьдзі падпісаныя менш за дзьве тысячы чалавек, на акаўнт у сацсетцы Х — 11 800.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыярытэтам для Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы стане барацьба з уплывам Беларусі і Расеі«Польская праўда»
Афіцыйна фонд «Польская праўда» быў прэзэнтаваны 24 верасьня. Акрамя Томаша Шмыта, у прэс-канфэрэнцыі ўдзельнічаў прапагандыст БелТА Юры Гроераў.
«Плянуецца, што задачамі Фонду стане ўстанаўленьне і падтрымка сяброўскіх сувязяў з прагрэсіўнымі замежнымі няўрадавымі арганізацыямі і асобнымі грамадзянамі, а таксама садзейнічаньне выхаваньню грамадзян на прынцыпах міру, дружбы, узаемаразуменьня і згоды», — напісала пра арганізацыю Шмыта дзяржаўная «Мінская праўда».
Сам Томаш Шмыт пра дзейнасьць новага фонду выказаўся больш размыта.
«Мы можам вырашаць многія праблемы, бо ня ўся інфармацыя, якую мы атрымліваем, будзе для мэдыя і СМІ, і трэба быць вельмі асьцярожным. Гэта важна для людзей, якія перадаюць нам інфармацыю, для іх бясьпекі. Але ўсё, што магчыма, гэта я буду перадаваць праз гэты фонд і праз мэдыя. І ў гэтым заключаецца мая праца», — працытавалі былога судзьдзю прапагандысты.
«Польская праўда» — ня першы фонд, зьвязаны зь імем польскага перабежчыка ў Беларусь. З восені 2022 году ў Беларусі адкрыты Міжнародны дабрачынны фонд імя Эміля Чэчкі, вайскоўца, які ў сьнежні 2021 году ўцёк з польскай арміі і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку. Праз тры месяцы пасьля гэтага Чэчку знайшлі павешаным у менскай кватэры, дзе ён жыў пасьля пераезду ў Беларусь. Інфармацыі пра дзейнасьць фонду імя Чэчкі ў адкрытых крыніцах знайсьці не ўдалося.
Былога польскага жаўнера Эміля Чэчку, як і Томаша Шмыта, актыўна выкарыстоўвала ў сваіх сюжэтах беларуская дзяржаўная прапаганда.
«Пасьля Шмыта было ўжо дзесяць скандалаў»
Справу Томаша Шмыта пакуль што ў суд не перадалі. Інтэрпол таксама адмовіў на запыт Польшчы зьмясьціць былога судзьдзю ў сьпіс асобаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Арышт яму пакуль пагражае толькі на тэрыторыі Эўразьвязу. Палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі ў размове са Свабодай кажа, што гісторыя беглага судзьдзі ў Польшчы цяпер цікавіць хіба адмыслоўцаў.
«У прынцыпе, ужо ніхто пра гэта ў Польшчы ня памятае. Гэта прагучала, але ад таго часу было яшчэ дзесяць скандалаў, якія таксама прайшлі і зараз нікога не хвалююць. Палітыкі жывуць зусім іншымі тэмамі. Хоць Шмыта часам узгадваюць як прыклад таго, што расейцы ўжо ў Польшчы. У тым сэнсе, што Беларусь і Расея атаясамляюцца ў Польшчы. У гэтым аспэкце. Шмыт выступае як доказ таго, што ўплыў можа быць ня толькі на нейкіх вар’ятаў з інтэрнэту, але і на такіх, як Шмыт. І што такіх людзей можа быць больш», — кажа Міхал Патоцкі.
Па словах суразмоўцы, у нейкі момант правячыя палітыкі Польшчы і апазыцыя ўзаемна абвінавачвалі адзін аднаго наконт таго, чыім чалавекам быў Томаш Шмыт. Аднак гэта таксама працягвалася нядоўга. Зараз гэтая тэма ўжо мала каго ў Польшчы цікавіць. Міхал Патоцкі кажа, што дзейнасьць Шмыта ў Беларусі можа мець нейкае значэньне хіба што для яго самога — былому судзьдзі трэба на нешта жыць, а пасада прапагандыста можа прыносіць неабходныя сродкі. Аналітык таксама зьвяртае ўвагу на тое, што апублікаваныя ў сацсетках тэксты наўрад ці былі напісаныя самім Шмытам.
«Сама назва „Польская праўда“ сьведчыць пра тое, што прыдумаў гэта ўсё ня Шмыт, а нехта, хто зусім ня ведае польскага кантэксту. Бо па-польску слова „праўда“ ў назьве мэдыя асацыюецца перадусім з савецкай праўдай. Аўтаматычна. У Польшчы няма ніводнага мэдыя, якое мела б у назьве слова „праўда“. Акурат праз тыя дрэнныя асацыяцыі з сацыялістычным мінулым. Гэта таксама відаць па тым, як ён вядзе свае акаўнты ў сацсетках. Там мноства русыцызмаў, моўных памылак. Відаць, што нават ня ён гэта піша. Гэта дакладна», — кажа Міхал Патоцкі.
Ці можа стаць папулярнай сярод палякаў прапагандысцкая дзейнасьць Томаша Шмыта як супрацоўніка БелТА альбо кіраўніка фонду «Польская праўда»? Па словах Міхала Патоцкага, цяжка ўявіць, што ў Польшчы можа існаваць аўдыторыя для такога кантэнту.
«Калі гаварыць пра аўдыторыю, то ў Польшчы таксама ёсьць людзі з прарасейскімі поглядамі. Якія маюць нейкія кантакты даўнейшыя, нейкія супольныя бізнэсы. Гэта невялікія групы, але яны існуюць. Магчыма, гэта магла б быць ягоная аўдыторыя. Польскае грамадзтва не паддатнае на расейскую прапаганду. Магчыма, для нейкага расейскага ўплыву, але гэта трэба рабіць ня так у лоб, як гэта робіць Шмыт. Ён непрыдатны ўжо для гэтага. Каб нешта прасоўваць у Польшчы, трэба хутчэй граць ролю патрыёта, а не таго, хто з Польшчы ўцёк да Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны заб’юць мяне за гэта». Судзьдзя, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь, апублікаваў незвычайныя допісы