На мяжы з Украінай адкрылі новую памежную заставу

Новая застава на мяжы з Украінай

17 кастрычніка ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці адкрылі новую памежную заставу «Грабені», паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Яна адказвае за ахову 35-кілямэтровага ўчастка мяжы з Украінай зь вялікай колькасьцю балотаў, адзначаецца ў паведамленьні.

Заставу аснасьцілі «ўсім неабходным для абслугоўваньня тэхнікі», для навучаньня вайскоўцаў пабудавалі трэніровачныя і спартыўныя аб’екты, таксама зрабілі гадавальнік для службовых сабак.

Будоўля заставы пачалася ў лютым 2023 году ў рамках праграмы «Ўдасканаленьне памежнай бясьпекі Саюзнай дзяржавы». Да гэтага памежнікі месьціліся ў будынку сельсавету ў вёсцы Грабені.

  • Памежная застава — асноўны падразьдзел памежных войскаў, які ўваходзіць у склад памежнага атраду або камэндатуры і выконвае задачы беспасярэдняй і бесьперапыннай аховы пэўнага ўчастку дзяржаўнай мяжы.
  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Памежны камітэт Беларусі рэгулярна адкрывае новыя або рэканструяваныя памежныя заставы на паўднёвай мяжы Беларусі. У 2022 годзе ў Беларусі ўздоўж украінскай мяжы былі ўзмоцненыя або ўладкаваныя новыя мабільныя заставы, у Новай Гуце пачалі будаваць буйную памежную заставу коштам больш за 23,7 млн рублёў.
  • З апошняга, 16 сьнежня 2023 году адкрылі заставу «Альманы» Пінскага памежнага атраду, на пачатку лютага 2024 году ў Янаўскім раёне — комплекс памежнай заставы «Махро», 14 сакавіка — заставу «Баравое» ў Лельчыцкім раёне на ўчастку Мазырскага памежнага атраду. У красавіку паведамілі, што да верасьня 2025 году ў Беларусі плянуюць пабудаваць памежную заставу ў вёсцы Ласіцк Пінскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырашылі пабудаваць яшчэ адну заставу на мяжы з Украінай. У колькі абыдзецца будоўля
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі паказалі, як узмацнілі ахову дзяржаўнай мяжы ў кірунку Ўкраіны. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вымушаная трымаць ля межаў зь Беларусьсю значныя сілы, пагрозы захоўваюцца, мяркуюць экспэрты