Да верасьня 2025 году ў Беларусі плянуюць пабудаваць памежную заставу ў вёсцы Ласіцк Пінскага раёну. Адпаведны тэндэр зьявіўся на сайце дзяржаўных закупак, заўважыла «Медиазона. Беларусь».
На будоўлю заставы плянуюць выдаткаваць 24 715 436 рублёў (гэта больш за 7,6 мільёна даляраў у эквіваленце). Згодна з каштарысам, будоўлю плянуюць пачаць ужо ў траўні 2024 году, а скончыць — у верасьні 2025 году.
За 6 кілямэтраў на поўдзень ад вёскі Ласіцк праходзіць мяжа з Украінай.
Памежная застава — асноўны падразьдзел памежных войскаў, які ўваходзіць у склад памежнага атраду або камэндатуры і выконвае задачы беспасярэдняй і бесьперапыннай аховы пэўнага ўчастку дзяржаўнай мяжы.
- Апошнім часам Памежны камітэт рэгулярна адкрывае новыя або рэканструяваныя памежныя заставы на паўднёвай мяжы Беларусі. З апошняга, 16 сьнежня 2023 году адкрылі заставу «Альманы» Пінскага памежнага атраду, на пачатку лютага 2024 году ў Янаўскім раёне — комплекс памежнай заставы «Махро», 14 сакавіка — заставу «Баравое» ў Лельчыцкім раёне на ўчастку Мазырскага памежнага атраду.
- У 2022 годзе ў Беларусі ўздоўж украінскай мяжы былі ўзмоцненыя або ўладкаваныя новыя мабільныя заставы, у Новай Гуце пачалі будаваць буйную памежную заставу коштам больш за 23,7 млн рублёў.
- У кастрычніку 2022 году КДБ і Міністэрства абароны Беларусі заяўлялі, што ў лістападзе чакаецца атака на Беларусь з Украіны. Нібыта «незаконныя ўзброеныя фармаваньні», у тым ліку полк Каліноўскага, змогуць зайсьці на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку «для дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне».
- Беларускія памежнікі рэгулярна скардзяцца на «правакацыі» з боку ўкраінскіх калег: білборды на мяжы, вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, «пудзіла Валеру», крыкі накшталт «Я зараз гранату кіну», мінаваньне мяжы і інш.