На разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў пэрыяд зь лістапада 2023-га па верасень 2024 года. Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць адпаведную google-форму і дадаць да яе творы. Тэрмін падачы заявак – да 30 кастрычніка 2024 года (23:59 беларускага часу).
Падвядзеньне вынікаў прэміі імя Францішка Аляхновіча традыцыйна адбудзецца ў Дзень зьняволенага пісьменьніка, 15 лістапада.
На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэглямэнтам.
Арганізатары заклікаюць сяброў і прыхільнікаў зьняволеных зьбіраць і захоўваць літаратурныя сьведчаньні з-за кратаў і запрашаюць зьняволеных удзельнічаць у стварэньні літаратуры памяці.
Летась заснавальнікі прэміі, Беларускі ПЭН і Радыё Свабода, абвясьцілі лаўрэатаў за пэрыяд з 2021 па 2023 год.
Арганізатары прэміі прапануюць пры жаданьні захаваць ананімнасьць і гарантуюць канфідэнцыйнасьць аўтарам і сваякам зьняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозьвішчы будуць публічна абвешчаныя толькі пасьля таго, як гэта будзе бясьпечна для аўтараў.
Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў, катаваньня аўтараў і выдаўцоў штогод ускладняе публічнае зьяўленьне твораў, напісаных у няволі. Усяго ў зьняволеньні, паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёньня застаюцца не менш за 37 Людзей Слова.
Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналёгію зьняволеных Людзей Слова: літаратараў, перакладчыкаў і дасьледчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Даведацца больш аб прэміі імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатах можна на сайце Беларускага ПЭНа.
Прэмія Аляхновіча
У 2013 годзе Беларускі ПЭН і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.
Першую прэмію Францішка Аляхновіча атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».
Узнагарода: Дыплём і падарункі.
Ляўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014) Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандар Лапшын (2018), Уладзімер Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандар Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Сьвятлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021), Алесь Бяляцкі (2023), Алег Грузьдзіловіч (2023), Вольга Класкоўская (2023), Андрэй Кузьнечык (2023) ды іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ствараў беларускі тэатар, зрабіў беларушчыну папулярнай, адным зь першых апісаў жахі ГУЛАГу. 140 гадоў Францішку Аляхновічу