Зборная Беларусі працягвае выступаць у Лізе нацый. У кастрычніку на нэўтральным полі ў вугорскім Залаэгерсэгу пры зачыненых трыбунах зборныя Беларусі і Паўночнай Ірляндыі згулялі ўнічыю 0:0.
15 лістапада зборныя дзьвюх краінаў маюць сустрэцца зноў. Першапачаткова месцам правядзеньня сустрэчы быў стадыён «Віндзар Парк» у Бэлфасьце. Аднак цяпер гульню могуць перанесьці, піша ВВС.
Праз санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і яе грамадзянаў, ёсьць высокая імавернасьць таго, што прынамсі частцы беларускай зборнай ня выдадуць візаў для прыезду.
«Даўняя палітыка ўраду палягае ў тым, што мы звычайна не камэнтуем асобных выпадкаў», — заявіла Міністэрства ўнутраных спраў Вялікай Брытаніі.
Таксама там ня здолелі пацьвердзіць, ці будзе адмоўлена ва ўезьдзе ў Вялікую Брытанію ўсім спартоўцам зборнай Беларусі ў футболе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зборная Літвы ў пляжным футболе адмовілася выйсьці на сустрэчу зь БеларусьсюПрэс-сакратар Ірляндзкай футбольнай асацыяцыі сказаў журналістам, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з УЭФА (Зьвязам эўрапейскіх футбольных асацыяцый) і брытанскім урадам.
Галоўны трэнэр зборнай Паўночнай Ірляндыі Майкл О'Ніл абмежаваўся толькі камэнтаром пра тое, што сытуацыя не залежыць ад каманды. Ён толькі дадаў, што падобныя гульні пры пустых трыбунах, якія арганізоўвае УЭФА як намінальна хатнія для беларусаў, ня служаць футболу і зьяўляюцца складанымі для ўспрыманьня для ўсіх гульцоў.
Аб’яднаньне заўзятараў зборнай Паўночнай Ірляндыі выказала надзею, што пераносу гульні не адбудзецца і яе ўсё ж правядуць, як і заплянавана, у Бэлфасьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жаночая зборная Літвы адмаўляецца ад дзьвюх сустрэчаў з футбалісткамі Беларусі