Падчас рамонту, які рабілі беларускія і расейскія спэцыялісты, выкарысталі «больш за 26 тысяч адзінак запасных частак, інструмэнтаў і прыладаў», вынікае з паведамленьня. На працягу рамонту выканалі тэхнічнае абслугоўваньне каля 12 тысяч адзінак абсталяваньня, правялі эксплуатацыйны кантроль мэталу абсталяваньня і трубаправодаў АЭС (у т. л. корпусу рэактара), а таксама замянілі адпрацаванае ядзернае паліва на сьвежае, адзначаецца ў паведамленьні Мінэнэрга.
Рамонт пачалі 26 ліпеня , значыць, другі энэргаблёк БелАЭС прастойваў 79 дзён.
Ведамства падкрэсьлівае, што «плянавыя рамонтныя работы праходзяць на кожным энергаблёку АЭС» праводзяць штогод у адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай.
Першы энэргаблёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для рамонту на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
Будаўніцтва БелАЭС завяршылася восеньню 2023 году. Першы энергаблёк станцыі сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023 году. У прамысловую эксплуатацыю іх ўвялі ў чэрвені 2021 году і лістападзе 2023 году адпаведна.
За восем месяцаў 2024 году БелАЭС выпрацавала 11,8 млрд квт⋅г электраэнэргіі — столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год, заявіў міністар энэргетыкі Аляксей Кушнарэнка падчас сустрэчы з калектывам філіялу «ЦЭЦ-5» прадпрыемства «Мінскэнерга» 10 верасьня. З моманту ўключэньня першага энэргаблёку ў аб’яднаную энэргасыстэму, БелАЭС, паводле яго, выпрацавала 34,5 млрд квт⋅г электраэнэргіі, што дазволіла замясьціць 9,3 млрд куб.м прыроднага газу. Міністар таксама заявіў, што «сёньня станцыя забясьпечвае каля 40% унутраных патрэбаў краіны ў электраэнэргіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праца БелАЭС адпавядае міжнародным стандартам, — кіраўнік МАГАТЭ пасьля візыту на станцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства энэргетыкі рыхтуе справаздачу пра мэтазгоднасьць пабудовы ў Беларусі другой АЭС