Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага.
Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ заявіў прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.
Паводле прадстаўніка Міжнароднага крымінальнага суда, дэпартацыя дзяцей для МКС — гэта пытаньне юрысдыкцыі ў дачыненьні да канкрэтнага злачынства.
«Гаворка ідзе пра тое, што такія злачынствы маглі быць зьдзейсьненыя на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта значыць, незалежна ад таго, вывезьлі дзяцей у Расею ці куды-небудзь яшчэ, такія дзеяньні могуць падпадаць пад юрысдыкцыю МКС, калі само выкраданьне хаця б часткова было зьдзейсненае на тэрыторыі Ўкраіны», — растлумачыў Фадзі эль-Абдала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь дапамагае Расеі «перавыхоўваць» украінскіх дзяцей. Расьсьледаваньне Свабоды5 кастрычніка была абнародаваная новая справаздача праваабаронцаў «Скрадзенае дзяцінства» пра тое, як дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
Аўтары справаздачы заклікалі, сярод іншага, Міжнародны крымінальны суд пачаць расьсьледаванне перамяшчэньня, ідэалягічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей беларускімі ўладамі і выдаць ордэры на арышт Аляксандра Лукашэнкі, дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрыя Мезенцава і старшыні яе савета міністраў Міхаіла Мішусьціна, а таксама беларускага паралімпійца Аляксея Талая.
24 верасьня ўкраінскі праграмны дырэктар Freedom House Юры Юркевіч заявіў, што ў МКС перадалі «новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі» ў перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы назвалі 18 беларускіх арганізацый, якія прымалі ўкраінскіх дзяцей для «перавыхаваньня»- 30 верасьня ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі МКС, падкрэсьлівалі ў заяве Міністэрства юстыцыі Літвы. У матэрыялах гаварылася пра «злачынствы супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні».
- Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Ган пацьвердзіў, што Літва як дзяржава – удзельніца Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду мела права перадаць матэрыялы і заявіў, што правядзе іх папярэдняе вывучэньне. Разам з тым ён падкрэсьліў, што зварот «не вядзе аўтаматычна з пачатку расьсьледаваньня».
- Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы па прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС.