У Данецку паланёнага Расеяй добраахвотніка зь Беларусі завочна асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня

Горад Лісічанск Луганскай вобласьці ў чэрвені 2022 году, калі Ян Дзюрбейка трапіў у расейскі палон

Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея ў сьпісы для абмену іх не ўключае.

У акупаваным Расеяй Данецку суд завочна асудзіў грамадзяніна Беларусі Яна Дзюрбейку на 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі строгага рэжыму.

Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Расеі, Ян Дзюрбейка «зь лютага да ліпеня 2022 году ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны ў розных месцах баявога судакрананьня ў якасьці найміта».

Яна Дзюрбейку асудзілі паводле ч. 3 артыкулу 359 Крымінальнага кодэксу Расеі УК РФ («Удзел ва ўзброеным канфлікце»). Паводле расейскай пракуратуры, беларус «атрымаў узнагароджаньне ў памеры, эквівалентным больш як 300 тысячам [расейскіх] рублёў» (прыблізна 3200 даляраў у эквіваленце. — РС).

Перад разглядам справы суд завочна арыштаваў і абвясьціў Яна Дзюрбейку ў міжнародны вышук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Данецку пачынаюць завочна судзіць паланёнага Расеяй добраахвотніка зь Беларусі


Грамадзянін Беларусі ваяваў у палку Кастуся Каліноўскага і, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Расейцы ўзялі яго ў палон разам зь яшчэ адным беларусам, Сяргеем Дзёгцевым. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку. Яшчэ чатыры беларускія добраахвотнікі загінулі (камандзір батальёну Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік і Вадзім Шатроў).

Неўзабаве пасьля гэтага відэазапіс зь беларускімі палоннымі зьявіўся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.

Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея ў сьпісы для абмену іх не ўключае.

Ніякай дэталёвай інфармацыі пра беларусаў няма. Невядома, куды іх вывезьлі пасьля таго, як узялі ў палон, — на акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьці або ў Расею. Незразумелымі застаюцца і прычыны завочнага судовага працэсу, калі яны жывыя і па-ранейшаму знаходзяцца ў расейскім палоне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве завочна арыштаваў двух беларускіх добраахвотнікаў. Што вядома