У сакавіку журналіста Ігара Карнея пакаралі 3 гадамі зьняволеньня паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»). Адбываць пакараньне Карнея адправілі ў калёнію № 17 у Шклове. Улетку, паводле крыніцы, Ігара зьмясьцілі ў ПКТ першы раз. Тэрмін дадатковай ізаляцыі мусіў закончыцца ў жніўні, але цяпер стала вядома, што ў атрад з ПКТ палітвязень так і не вярнуўся.
«Ведаем, што да канца студзеня 2025-га ён прабудзе ў ПКТ. Званкі яму забароненыя, пасылку зь цёплымі рэчамі не атрымае, адна ўжо вярнулася, бандэроль толькі праз 6 месяцаў. Часам піша лісты», — паведаміла крыніца.
Вядомыя і некаторыя бытавыя падрабязнасьці жыцьця Ігара Карнея ў ПКТ.
«Шпацыр у яго 30 хвілін на дзень. З задавальненьнем выходзіць гуляць пры ўсякім надвор’і. Зь бібліятэкі бярэ чытаць кнігі. Часу на чытаньне там мала, але які ёсьць, выкарыстоўвае цалкам», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.
Ігару Карнею 56 гадоў. 5 кастрычніка іх з жонкай шлюбу споўніцца 33 гады. У іх чатыры дачкі. Другі год яны будуць адзначаць сямейнае сьвята паасобку. Сям’я Ігара Карнея выехала зь Беларусі праз пагрозу перасьледу.
Журналіст Ігар Карней прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязьнем. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні цяпер знаходзяцца 33 беларускія журналісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Ігар Карней у калёніі працуе на пілараме