У Расеі абвінавацілі ЗША і NATO ў намеры «пашырыць баявыя дзеяньні на тэрыторыю Беларусі і Малдовы»

Дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандар Бортнікаў. Архіўнае фота

У Казахстане праходзіць пасяджэньне рады кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцслужбаў краін СНД.

Дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандар Бортнікаў абвінаваціў ЗША і іхных хаўрусьнікаў у NATO ў намеры справакаваць эскаляцыю канфлікту ва Ўкраіне і пашырыць зону баявых дзеяньняў на Беларусь і Малдову.

«Непасрэдна на постсавецкай прасторы варожыя дзеяньні палягаюць на мэтанакіраванай эскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне з пэрспэктывай беспасярэдняга ўцягваньня ў яго вайсковых кантынгентаў краін NATO і пашырэньня зоны баявых дзеяньняў на Малдову і Беларусь», — расейскае агенцтва Інтэрфакс працытавала фрагмэнт прамовы Аляксандра Бортнікава на пасяджэньні рады кіраўнікаў органаў бясьпекі і спэцслужбаў краін СНД, што праходзіць у Казахстане.

Сярод замежных «варожых дзеяньняў» кіраўнік расейскай спэцслужбы назваў і «наўмыснае зацягваньне мірнага ўрэгуляваньня паміж Азэрбайджанам і Армэніяй з мэтай стварэньня доўгатэрміновага чыньніку нестабільнасьці ў Закаўказьзі, правакаваньне тэрарыстычнай экспансіі ў Цэнтральную Азію з афганскага кірунку, выкарыстаньне падкантрольных міжнародных тэрарыстычных арганізацый для закідваньня баевікоў на расейскую тэрыторыю ў патоках працоўных мігрантаў, спансараваньне і каардынацыю дзеяньняў рознага кшталту антыканстытуцыйных сілаў у рэспубліках СНД, заахвочваньне сэпаратызму, міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасьці, блякаваньне гандлёва-эканамічных і культурна-гістарычных сувязяў унутры Садружнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова заблякавала сайты сямі расейскіх СМІ перад рэфэрэндумам аб інтэграцыі з Эўразьвязам

Сёлета ў ЗША (5 лістапада) і Малдове (20 кастрычніка) адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. У Беларусі ўлады вызначаюцца з датай правядзеньня чарговай электаральнай кампаніі на пасаду прэзыдэнта.

ЗША вывелі свае войскі з Афганістану, які згадаў Бортнікаў, у 2021 годзе.

Расея падтрымлівае дачыненьні з «Хэзбалой» (ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану), якую ЗША і Эўразьвяз прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны эканамічны форум праходзіць у Пецярбургу з удзелам дэлегацый Беларусі і «Талібану» 

Апроч таго, Расея заявіла аб завяршэньні працэдуры выключэньня афганскага руху «Талібан» зь пераліку тэрарыстычных арганізацыяў і цяпер выступае за актыўнае ўцягваньне Афганістану ў «міжрэгіянальныя сувязі». Урад талібаў у Афганістане не прызнала ніводная краіна сьвету.

Расея таксама не прызнае тэрырыстычнай палестычную групоўку ХАМАС, якая летась у кастрычніку напала на Ізраіль. ЗША і Эўразьвяз прызналі гэтую групоўку тэрарыстычнай арганізацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапейскім судзе ў правах чалавека расказалі пра колькасьць спраў мігрантаў, якіх выціскалі з ЭЗ у Беларусь

Расея пры дапамозе ўладаў Беларусі ў 2021 годзе справакавала мігранцкі крызіс на межах Эўрапейскага Зьвязу.

Пасьля тэракту ў «Крокус Сіці Холе» (Маскоўская вобласьць) расейскія ўлады пачалі ціск на выхадцаў з Таджыкістану і Кіргізстану, у выніку чаго ўрады гэтых дзьвюх краін заклікалі сваіх грамадзян устрымацца ад наведваньня Расеі.

У 2014 годзе Расея спрыяла і дапамагала сэпаратыстам у Данецкай і Луганскай вобласьцях Украіны і прызнала так званыя «народныя рэспублікі» на іх тэрыторыі, якія пасьля афіцыйна ўключыла ў свой склад. У лютым 2022 году Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адправіла на вайну ва Ўкраіну 10 тысяч мігрантаў. У Сьледчым камітэце патлумачылі мэты