«ПіК Свабоды». На які абмен з Захадам гатовы Лукашэнка? Праваабаронца Судаленка пра сваю гутарку з Васкрасенскім

Беларускі праваабаронца Леанід Судаленка на фоне партрэту палітзьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, каляж

Ці павінна вызваленьне палітвязьняў быць найвышэйшым прыярытэтам для дэмакратычных сілаў? Што Лукашэнка хоча атрымаць у абмен на палітвязьняў? Чаму Менск дамагаецца, каб па Анджэя Пачобута прыехаў міністар замежных справаў Польшчы Сікорскі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка.

— Леанід, днямі вы паразмаўлялі зь вядомым пэрсанажам — Юрыем Васкрасенскім. Фрагмэнты гутаркі вы абнародавалі ў сваім ФБ. Але ці варта было зь ім размаўляць? Ён жа не прадстаўнік улады, а ўвогуле невядома хто. Вы зь ім гутарылі як з кім?

— Я зь ім размаўляў як з чальцом камісіі ў пытаньнях памілаваньняў, якою кіруе генэральны пракурор Андрэй Швед. У прыватнай размове Васкрасенскі якраз і апавядаў аб працы гэтай камісіі, як яны там прымаюць рашэньні. Я размаўляў зь ім як з чалавекам, які ведае «кухню» вызваленьня палітвязьняў.

Я паставіў перад ім канкрэтнае пытаньне: што трэба зрабіць, які кошт таго, каб сёньня ўвечары Алесь Бяляцкі, мой сябра і паплечнік: апынуўся на свабодзе?

— Як вы ўспрымалі тое, што казаў вам Васкрасенскі? Як пазыцыю ўлады, як яго асабістую пазыцыю, як спробу вамі (і іншымі праз вас) маніпуляваць?

— Ён не гаворыць сваім уласным голасам. Мне здаецца, што ўсё тое, што ён казаў — гэта агучваньне тэзаў, падыходаў улады. Мы гэта і раней чулі ад Лукашэнкі. Я яшчэ ў турме быў у жніўні 2021 году, калі Васкрасенскі мне ад імя сваёй «плятформы» даслаў ліст і раіў напісаць заяву. Абяцаў: напішаш і да канца жніўня будзеш дома, Лукашэнка цябе памілуе. Але тады ініцыятывы самога Васкрасенскага не былі падтрыманыя ўладамі. Потым на пару гадоў ён зьнік, як і яго арганізацыя. Але зараз ён ізноў зьявіўся і стаў актыўна выступаць. Яго нядаўняе інтэрвію «Люстэрку» (а «Люстэрка», між іншым, прызнанае «экстрэмісцкім фармаваньнем») — гэта выкананьне загаду ягоных куратараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адказалі на прапанову Васкрасенскага кіраўніку МЗС Польшчы асабіста прыехаць і забраць Пачобута

— Пра Бяляцкага ён сказаў, што таго сярод «20 галоўных завадатараў» вызваляць у апошнюю чаргу — толькі ў абмен на скасаваньне ўсіх санкцыяў. Аднак наконт Анджэя Пачобута Васкрасенскі паўтарыў сваю ранейшую вэрсію — няхай прыедзе высокі чыноўнік з Варшавы (Сікорскі ці хто іншы, але высокі) і яму аддадуць Пачобута. А чаму ўмова менавіта такая? Не адкрыцьцё пераходаў, не саступкі ў санкцыях, не абмен, ня выкуп, нарэшце. Што ўлада хоча выйграць ад прыезду Сікорскага?

— Для ўладаў Беларусі зараз вельмі важна зацягнуць у Менск на перамовы кіраўніка польскай дыпляматыі ўсімі сродкамі. Гэта было б важна і для беларускай прапаганды: маўляў, Лукашэнка нарэшце зламаў эўрапейскіх палітыкаў і тыя пацягнуліся па адным да яго.

— Ну а вось умовай вызваленьня Рыка Крыгера візыт кіраўніцы нямецкага МЗС Аналены Бэрбак ня ставілі.

— Абмен Крыгера — гэта была распрацоўка расейскіх спэцслужбаў. І Лукашэнка там толькі абслугоўваў замову Крамля. У гульні з Крыгерам ён быў несамастойны. А зь Сікорскім — Лукашэнку перад выбарамі важна паказаць, што краіны Захаду пачалі зь ім размаўляць. А значыць — прызнаюць яго легітымнасьць. Лукашэнка гэта рабіў і раней: абменьваў палітвязьняў на паляпшэньне сваіх пазыцыяў у Эўропе.

Пра магчымасьці праваабаронцаў дамагацца вызваленьня палітвязьняў, пра цану такога вызваленьня і магчымыя зьмены пазыцыяў Захаду і афіцыйнага Менску глядзіце відэа гутаркі зь Леанідам Судаленкам:

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.