Паведамляюць, што бакі «абмеркавалі пытаньні наданьня ўзаемнай праўнай дапамогі ў крымінальных справах», а таксама абмяняліся досьведам «арганізацыі пракурорскага нагляду ў асобных сфэрах жыцьцядзейнасьці грамадзтва і дзяржавы на карысьць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян».
Генэральная пракуратура Армэніі ў сваім паведамленьні пра візыт Андрэя Шведа абмеркаваньня тэмы выдачы грамадзян Беларусі не ўзгадала.
«Анна Вардапэт’ян і Андрэй Швед абмеркавалі шэраг пытаньняў, да якіх ёсьць узаемны інтарэс», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Беларуская дэлегацыя прыбыла ў Ерэван для ўдзелу ў 34-м пасяджэньні Каардынацыйнай рады генэральных пракурораў краінаў СНД.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Армэніі зьняла абмежаваньні на перамяшчэньне беларускі Дзіяны МаісеенкіУ 2024 годзе Армэнія некалькі разоў адмовілася выдаваць людзей на запыт афіцыйнага Менску.
2 верасьня грамадзянку Беларусі Дзіяну Маісеенку затрымалі пры перасячэньні мяжы паміж Грузіяй і Армэніяй. Улады Беларусі абвясьцілі вышук Маісеенкі як абвінавачанай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Беларуску некалькі гадзінаў пратрымалі ў аддзяленьні паліцыі, а потым адпусьцілі без усялякіх прэтэнзіяў.
2 лютага пры перасячэньні армянскай мяжы затрымалі грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава. Беларускія ўлады абвясьцілі яго міждзяржаўны вышук у СНД паводле арт. 435 КК («ухіленьне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу»). Новікава зьмясьцілі пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён зьвярнуўся па палітычны прытулак. У траўні Новікаву ў Армэніі далі статус уцекача.
У чэрвені ў Армэніі атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі пры перасячэньні мяжы Грузіі з Армэніяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу, затрыманаму на запыт Беларусі на мяжы з Грузіяй, далі статус уцекача ў Армэніі13 чэрвеня 2024 году прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ува ўладзе ў Менску знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўраду сказаў пра гэта ў кантэксьце заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. У той жа дзень амбасадар Армэніі быў выкліканы ў Ерэван для кансультацыяў.
У адказ Беларусь адклікала для кансультацыяў свайго амбасадара Аляксандра Канюка. Пры гэтым МЗС заявіў, што Менск ня мае намеру «пагаршаць адносіны зь Ерэванам, колькі б армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі вонкавыя гульцы».
21 жніўня дэмакратычныя сілы Армэніі запатрабавалі ад уладаў краіны «неадкладна разарваць дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю да зьняцьця дыктатара Лукашэнкі з пасады». З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваньнямі іхныя прадстаўнікі выйшлі да беларускай амбасады. Прадстаўнікі партыі «Ў імя Рэспублікі» закідалі дыпляматычную місію яйкамі, памідорамі і бульбай. У той жа дзень беларускі МЗС выклікаў часовага паверанага ў справах Армэніі ў Менску Нарэка Тыратур’яна.
Падзеі ля будынку пасольства Беларусі пачалі разьвівацца пасьля інтэрвію Лукашэнкі расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу «Россия», у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэньне з Захадам.
28 жніўня зьявілася інфармацыя, згодна зь якой амбасадар Канюк мог вярнуцца ў Ерэван. Пра яго сустрэчу з найвышэйшым патрыярхам, каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ паведаміла ў той дзень прэс-служба МЗС Беларусі. 2 кастрычніка на сустрэчы Шведа з Вардапэт’ян у Ерэване Канюк таксама прысутнічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване амбасаду Беларусі закідалі бульбай, яйкамі і памідорамі. У Беларусі адрэагавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад удзелу яшчэ ў двух вайсковых вучэньнях АДКБ