Ціханоўская: «Нават пасьля магчымай перамогі Ўкраіны пагрозы з боку Лукашэнкі застануцца»

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Варшаве, Польшча. 2 кастрычніка 2024

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 2 кастрычніка выступіла на Варшаўскай канфэрэнцыі бясьпекі.

Сярод іншага, Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньні пра змаганьне за свабоду беларусаў і ўкранцаў, дасягненьні ў працы дэмакратычных сілаў і неабходнасьць падтрымкі іх Захадам, так званыя прэзыдэнцкія «выбары» 2025 году ў Беларусі, а таксама пра расейскі ўплыў у Беларусі.

«Мы бачым, як Расея ўмешваецца ва ўсе сфэры беларускага жыцьця: у эканоміку, мэдыя, адукацыйны працэс. Мы бачым, як Расея русыфікуе Беларусь...» — заявіла Ціханоўская і адзначыла, што Расея «не абмяжоўваецца толькі ваеннымі мэтадамі» падчас уплыву на іншыя дзяржавы.

«Мы назіраем, як расейскі ўплыў пранікае ў кожны аспэкт міжнароднага жыцьця, імкнучыся аслабіць незалежнасьць і сувэрэнітэт іншых дзяржаў, уключаючы Беларусь», — адзначыла палітык.

Яна падкрэсьліла, што падтрымка міжнародных саюзьнікаў «жыцьцёва важная для перамогі і абароны дэмакратычных каштоўнасьцяў» у Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што яна пастаянна выступае за падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй.

«Міжнародная супольнасьць павінна зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Ўкраіне. Безь неабходнай падтрымкі — няхай гэта будзе вайсковая тэхніка, гуманітарная дапамога ці дыпляматычная падтрымка — Украіне будзе вельмі складана супрацьстаяць агрэсару. Мы абавязаныя даць усё, што неабходна для перамогі, бо гэтая вайна тычыцца ня толькі Ўкраіны, але і ўсяго дэмакратычнага сьвету. (...) Украінскія салдаты і вязьні, якія пакутуюць у турмах, прыносяць велізарныя асабістыя і калектыўныя ахвяры дзеля свабоды», — заявіла Ціханоўская.

Паводле яе, таксама «трэба разумець, што пакуль Лукашэнка пры ўладзе, нават пры перамозе Ўкраіны, застанецца пастаянная пагроза Ўкраіне, Польшчы, Літве і іншым краінам».

«Калі дыктатары-вар’яты пры ўладзе, будзе „пастаянная турбулентнасьць“, яны будуць шантажаваць Захад ядзернай зброяй, мігрантамі і г.д. Таму толькі дэмантаж рэжыму зробіць зь Беларусі надзейнага суседа», — сказала беларуская дэмакратычная лідэрка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: зварот Літвы ў МКС і яго разгляд прадэманструюць рэжыму непазьбежнасьць адказнасьці за злачынствы