Дакумэнт прымалі на фоне маштабных пратэстаў і сутыкненьняў з паліцыяй. Згодна зь ім, у сьпіс «іншаземных агентаў» павінны ўнесьці тыя арганізацыі, чые гадавыя бюджэты больш як на 20% складаюцца з замежнага фінансаваньня. Большасьць грузінскіх недзяржаўных арганізацый (НДА) адмаўляюцца рэгістравацца ў рэестры.
Сярод першых грузінскіх «іншаземных агентаў» апынуліся «Моладзевая арганізацыя ўкраінцаў Грузіі — Сьвітанак», «Прафэсыйны зьвяз фэрмэраў і сельскагаспадарчых работнікаў Грузіі», «Кутаіскі дом моладзі», «Зьвяз хрысьціянаў» і «Габрэйскі культурна-асьветніцкі фонд». Сама меней дзьве арганізацыі — «Прафэсыйны зьвяз фэрмэраў і сельскагаспадарчых работнікаў Грузіі» і «Кутаіскі дом моладзі» — зарэгістраваліся ў рэестры вымушана, каб не спыняць працы.
«Кутаіскі дом моладзі» ажыцьцяўляе праекты ў аказаньні падтрымкі і дапамогі дзецям і моладзі: сацыяльнае забесьпячэньне, фінансаваньне мэдычных паслуг. Гэтая НДА фінансуецца амэрыканскай арганізацыяй Georgia for Georgia. А «Прафэсійны зьвяз фэрмэраў і сельскагаспадарчых работнікаў Грузіі» дапамагае разьвіцьцю фэрмэрскай гаспадаркі і фінансуецца амэрыканскім Нацыянальным фондам падтрымкі дэмакратыі (NED).
«Што мы маглі зрабіць? Я сапраўды магу сказаць, што мы не знаходзімся пад нейкім вонкавым уплывам. Але калі ёсьць закон, каб не спыняць дзейнасьць арганізацыі (а мы займаемся дабрачыннасьцю), інакш нам давялося б плаціць штрафы і спыняць працу», — патлумачыў праз тэлефон Васыл Натрашвілі з «Кутаіскага дому моладзі».
«Нам няма чаго ўтойваць, і ніколі не было. Наш бюджэт быў дастаткова празрысты. Мы заўсёды запаўнялі ўсе дэклярацыі, на сайце публікавалі зьвесткі пра нашу дзейнасьць. Ну, калі ёсьць закон, а мы заканапаслухмяныя, значыць, нам абавязкова трэба было зарэгістравацца, бо больш за 20% нашых даходаў прыпадала на замежнае фінансаваньне», — расказала Ірынэ Пхавелішвілі з «Прафэсыйнага зьвязу фэрмэраў і сельскагаспадарчых работнікаў Грузіі».
Важна адзначыць, што донар зьвязу — амэрыканскі Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED), адзін з фондаў, які прадстаўнікі кіроўнай партыі «Грузінская мара» абвінавачвалі ў фінансаваньні нейкіх «дэструктыўных і радыкальных груп» у краіне. На думку ўладаў, гэтыя групы нават мелі намер зрынуць урад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не — вайне! Выберы мір». Кіроўная партыя Грузіі выкарыстала на перадвыбарных плякатах фота зруйнаваных украінскіх гарадоўУлады Грузіі ўпершыню паспрабавалі прыняць закон аб «іншаземных агентах» вясной 2023 году, але на фоне масавых пратэстаў і сутыкненьняў з паліцыяй адклікалі законапраект. Як тады выказаліся ў кіроўнай партыі, «без усялякіх умоваў і агаворак». Аднак прыкладна праз год «Грузінская мара» вярнула дакумэнт на разгляд у парлямэнт, зьмяніўшы ў тэксьце фармулёўку «агент» на «правадніка іншаземнага ўплыву».
Масавыя пратэсты працягваліся больш за два месяцы. Нягледзячы на гэта, у траўні парлямэнт літаральна ў кольцы паліцыі і спэцназу ўсё ж зацьвердзіў спрэчны закон. Ён набыў моц першага жніўня.
Праціўнікі закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» называюць яго «расейскім законам», бо ён падобны на расейскі рэпрэсіўны закон «Аб іншаземных агентах», куды ўключаюць ня толькі НДА і СМІ, але і асобных грамадзян. Масква ініцыятыву «Грузінскай мары» адкрыта падтрымлівала.
Згодна з законам, грузінскія СМІ і НДА, якія атрымліваюць больш за 20% даходу з-за мяжы, павінны зарэгістравацца ў адмысловым рэестры «арганізацыяў — правадыроў замежнага ўплыву». За невыкананьне пагражае штраф да 25 тысячаў лары (прыблізна $8,5 тысячы даляраў).
Тым ня менш, найбуйнейшыя НДА Грузіі заявілі, што ня будуць рэгістравацца ў рэестры. Супраць гэтага закону выступае апазыцыя, прэзыдэнт Грузіі, а таксама заходнія краіны-партнэры. У ЭЗ прама заяўляюць, што, пакуль існуе гэты закон, працэс інтэграцыі Грузіі ў Эўразьвяз будзе замарожаны. Усе празаходнія апазыцыйныя партыі абяцаюць у выпадку перамогі на выбарах закон скасаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ спадзяецца на справядлівыя выбары ў Грузіі, але згадвае і «беларускі сцэнар»