Былы палітвязень Руслан Акостка, які больш за год правёў у калёніі строгага рэжыму ў Горках, дзе трымаюць Алеся Бяляцкага, расказаў «Нашай Ніве», што праваабаронцу часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён і ў ПКТ. Супрацоўнікі калёніі караюць Бяляцкага за дробныя надуманыя парушэньні.
«На яго таксама складаюць акты за парушэньні — за пыл за тумбачкай, за ручнік на нарах ці за адзеньне на спальным месцы», — расказаў Руслан Акостка, які вызваліўся ў ліпені 2024 году і выехаў зь Беларусі.
Паводле Руслана, ён часта бачыў Бяляцкага ў калёніі, але яны не размаўлялі шмат — «часам перакідваліся парай словаў, але паглыблена не абмяркоўвалі тэмы».
«Адміністрацыя калёніі нэгатыўна ставіцца да камунікацыі з палітвязьнямі. Калі заўважаць, могуць быць наступствы — у той жа ізалятар пасадзяць. І Алесь гэта цудоўна разумее. Ён мала размаўляе», — патлумачыў Руслан.
Ён таксама адзначыў, што Бяляцкі «вельмі схуднеў», і растлумачыў гэта цяжкай фізычнай нагрузкай у калёніі і вельмі бедным рацыёнам харчаваньня. Пры гэтым магчымасьць купляць прадукты на ўласныя грошы ў краме калёніі для палітвязьняў вельмі абмежаваная: на іх ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, якія дазволена патраціць у краме.
«Калі ў зьняволенага быццам усё нармальна з паводзінамі, то яму дазваляюць закупляцца на 4 базавыя велічыні. Такім „злосным парушальнікам“, як я, — усяго на 2 базавыя», — кажа Акостка і адзначае, што Бяляцкага ў калёніі таксама лічаць «злосным парушальнікам».
Паводле былога палітвязьня, адчувае сабе Алесь Бяляцкі «больш-менш нармальна», але захаваць здароўе ва ўмовах калёніі «даволі складана».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уратаваць Бяляцкага!» У Вільні патрабавалі волі нобэлеўскаму ляўрэату Алясю Бяляцкаму і ўсім беларускім палітвязьням. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 82 тысячы подпісаў перадалі ў амбасаду Беларусі ў Брусэлі ўдзельнікі акцыі за вызваленьне Бяляцкага і іншых палітвязьняў