25 верасьня ў сталіцы Літвы Вільні прайшла акцыя салідарнасьці зь ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, палітзьняволеным беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, якому 25 верасьня споўнілася 62 гады.
У пікеце каля вядомага «муралу Бяляцкага», які знаходзіцца насупраць будынку амбасады Беларусі ў Вільні, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў праваабаронцаў і актывістаў беларускага дэмакратычнага руху, а таксама простых грамадзян Беларусі, якія мусілі ўцячы з радзімы ад рэпрэсіяў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Алесь Бяляцкі ў зьняволеньні ўжо больш за 3 гады — яго арыштавалі 14 ліпеня 2021 году і асудзілі на 10 гадоў калёніі. У руках пікетоўцаў, якія прыйшлі да «муралу Бяляцкага», сярод іншых плякатаў былі і тыя, на якіх па-ангельску было напісана: «Уратаваць Алеся Бяляцкага».
Калегі вядомага ва ўсім сьвеце змагара за правы чалавека кажуць, што не перабольшваюць — гаворка ідзе ня толькі пра вызваленьне, але пра выратаваньне жыцьця.
«На жаль, мы мусім казаць, што трэба ратаваць Алеся Бяляцкага. Бо невядома, у якім ён цяпер стане. Ці жывы ён? Бо інфармацыі гэтак мала, што ніхто ня можа быць упэўнены, што зь ім усё ў парадку. Ён сядзіць у ізаляванай турме, з забойцамі, гвалтаўнікамі, дзе быць не павінен. Гэтай акцыяй мы хочам давесьці сьвету, што трэба рабіць максымальныя захады, каб нобэлеўскі ляўрэат быў урэшце вызвалены», — сказаў на пікеце праваабаронца з Магілёва Алесь Буракоў.
Ягоны калега Алег Мацкевіч нагадаў лёс нобэлеўскага ляўрэата зь Нямеччыны, праваабаронцы Карла фон Асецкі, які быў зьняволены гітлераўскім рэжымам і памёр у 1938 годзе, не дачакаўшыся вызваленьня. На думку праваабаронцы Мацкевіча, нават параўнаньне з самым змрочным часам у гісторыі чалавецтва — не на карысьць беларускага рэжыму.
«Нават у тыя часы фон Асецкага, калі ён захварэў, перавялі з канцлягера ў шпіталь, а ў канцлягеры да яго прыяжджаў прадстаўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа, які меў магчымасьць зь ім размаўляць. А ў сёньняшняй Беларусі ніхто, прадстаўнік ніводнай грамадзкай ці рэлігійнай арганізацыі ня можа трапіць да Алеся Бяляцкага ці іншай знакавай асобы ў зьняволеньні. Ганьба! І ніякі ціск на рэжым у гэтым не дапамагае», — зазначыў Алег Мацкевіч.
Алеся Бяляцкага трымаюць ў горацкай калёніі № 9. Праваабаронца Алена Масьлюкова казала пра боль, які адчуваюць былыя палітвязьні, калі думаюць пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Алесь Бяляцкі.
«Цяпер Алеся трымаюць амаль што ва ўмовах „інкамунікада“, калі ніхто ня ведае, чым ён жыве, як жыве, чаго яму не хапае. Нам гэта вельмі балюча. Тыя, хто прайшоў празь зьняволеньне, найлепш гэта разумеюць. Сумленных, лепшых людзей прызнаюць „экстрэмістамі“, кідаюць у найгоршыя ўмовы, а насамрэч яны ні ў чым не вінаватыя. Гэта гонар і годнасьць нашай краіны — такія людзі, як Алесь Бяляцкі, іншыя сотні і сотні палітычных вязьняў. Таму мы сёньня тут, і мы патрабуем свабоды для нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і свабоды для ўсіх беларускіх палітвязьняў!» — сказала на пікеце Алена Масьлюкова.
Праваабаронца зь «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка занепакоены тым, што ўсясьветная супольнасьць недастаткова робіць дзеля вызваленьня Алеся Бяляцкага.
«Алесь Бяляцкі, безумоўна, павінен быць вызвалены ў першую чаргу нават з гуманітарных прычынаў — ён чалавек узросту за 60 гадоў, з шэрагам праблемаў у здароўі. Але, канечне, і тое, што за кратамі знаходзіцца ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, — гэта вялікі выклік для дэмакратыі ва ўсім сьвеце. А яшчэ сёньняшні дзень — чарговая падстава нагадаць пра іншых беларускіх праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў няволі: гэта Марфа Рабкова, Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, валянтэр Андрэй Чапюк. Мы будзем працягваць змаганьне і за іх вызваленьне», — запэўніў Павал Сапелка.
Паводле Паўла Сапелкі, праваабарончы цэнтар «Вясна», які стварыў і шмат гадоў узначальваў Алесь Бяляцкі, працягвае сваю працу і ў складаных умовах эміграцыі.
«Мы падтрымліваем рэпрэсаваных, працягваем інфармаваць усіх, хто цікавіцца палітычным парадкам дня, пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Робім усё магчымае, каб не было сорамна перад Алесем за нашу працу безь яго», — сказаў Павал Сапелка.
Паводле зьвестак «Вясны», з пачатку лістапада 2023 году па красавік-травень 2024 году Алеся Бяляцкага трымалі ў Горацкай калёніі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Прыкладна паўгода таму з ПКТ Бяляцкага вярнулі ў атрад, але адміністрацыя калёніі па-ранейшаму ставіцца да яго звышпільна.
«Ён зноў ходзіць на працу, на дрэваапрацоўку. Бывае, што на яго накладаюць спагнаньні, пазбавілі перадач, бываюць і больш сур’ёзныя пакараньні — аднойчы сядзеў у ШЫЗА. Увага да яго пасьля вяртаньня з ПКТ ня стала слабейшай. Алесь не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў. Апроч гэтага, ніводнага разу ў палітвязьня не было відэазванкоў са сваякамі. Толькі зрэдку на волі ад яго атрымліваюць лісты і паштоўкі.
Пра стан здароўя Алеся Бяляцкага новай інфармацыі няма. Вядома, што ў выніку ранейшай адседкі ў бабруйскай калёніі ў яго ўзьніклі праблемы са здароўем, якія працягваюцца. Дакладна вядома, што яму немагчыма перадаць лекі, значыць, застаецца спадзявацца толькі на тое, што ён можа атрымаць у мэдычнай частцы калёніі. Пра псыхалягічны стан палітвязьня вядома, што ён захоўвае роўны, нармальны настрой, стрыманы ў выказваньнях, ацэнкі дае рэалістычныя», — паведамляюць пра Алеся Бяляцкага ягоныя калегі зь «Вясны».
Форум