Ізраіль пачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю ў Лібане

Разбурэньні ў Лібане пасьля ізраільскіх авіяналётаў

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) абвясьціла пра пачатак «абмежаваных наземных рэйдаў на аснове дакладнай выведнай інфармацыі» супраць аб’ектаў і інфраструктуры групоўкі «Хэзбала» на поўдні Лібану. Пра гэта гаворыцца ў заяве камандаваньня ізраільскага войска.

Аб’екты гэтых рэйдаў «знаходзяцца ў блізкіх да мяжы вёсках, яны становяць непасрэдную пагрозу ізраільскім паселішчам», — сьцьвярджае камандаваньне.

«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.

Як паведамляюць Al Arabiya і Al Hadath, ізраільскія танкі ўвайшлі на тэрыторыю краіны.

Паводле зьвестак AFP, ізраільскія вайскоўцы праводзяць выведную апэрацыю на поўдні Лібану. Як піша Reuters з спасылкай на мясцовых жыхароў і крыніцу ў службе бясьпекі, лібанскае войска адступіла зь некалькіх пазыцыяў на паўднёвай мяжы з Ізраілем. Прадстаўнік лібанскага войска ня стаў камэнтаваць гэтых зьвестак. Іншая крыніца агенцтва ў службе бясьпекі заявіла, што лібанскія войскі знаходзяцца мінімум за 5 км на поўнач ад мяжы пасьля адступленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль працягвае ўдары па Лібане, «Хэзбала» спрабавала атакаваць Тэль-Авіў. Беларусам раяць пакінуць Лібан

Сухаземнай апэрацыі папярэднічалі інтэнсіўныя паветраныя ўдары ізраільскай арміі па аб’ектах на тэрыторыі Лібану, зьвязаных з групоўкай «Хэзбала». Групоўка вяла рэгулярныя ракетныя абстрэлы Ізраілю, у выніку якіх дзясяткі тысячы ізраільцаў мусілі пакінуць свае дамы ў паселішчах на поўначы краіны.

«Хэзбалу» Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

Ізраіль праводзіць наземную апэрацыю на тэрыторыі Лібану ўпершыню з 2006 году, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна).

Плян апэрацыі ўхвалілі на пасяджэньні ўраду Ізраілю позна вечарам у панядзелак. Раней у выніку сэрыі авіяўдараў па Лібане ізраільскім сілам удалося забіць шэраг галоўных прадстаўнікоў «Хэзбалы», у тым ліку лідэра групоўкі Хасана Насралу. Улады Лібану заявілі, што ў выніку ўдараў загінулі таксама сотні мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ліквідаваў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу. Ён быў забіты ў выніку ўдараў у Лібане 27 верасьня

Уначы паступіла паведамленьне і аб удары ізраільскай авіяцыі па сталіцы Сырыі Дамаску. Паводле сырыйскіх дзяржаўных СМІ, загінулі тры чалавекі, дзевяць параненыя. Ізраільскае камандаваньне, у сваю чаргу, паведаміла аб перахопе бесьпілётніка над Міжземным морам за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад узьбярэжжа краіны.

Адначасова Ізраіль працягвае баявыя дзеяньні ў сэктары Газа супраць групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнаю у многіх краінах. Баевікі групоўкі ўчынілі 7 кастрычніка 2023 году напад на Ізраіль, падчас якога загінулі больш за тысячу грамадзян краіны, а сотні ізраільцаў трапілі ў закладнікі, некаторыя пазьней загінулі. Міністэрства здароўя Палестынскай аўтаноміі сьцьвярджае, што Ізраіль у час сваіх налётаў забіў тысячы жыхароў Газы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Хэзбалу», групоўку, якую падтрымлівае Іран і якая ваюе супраць Ізраіля