Рэдактарка расейскага выданьня Doxa Марыя Меньшыкава атрымала завочна 7 гадоў пазбаўленьня волі за заклікі пісаць палітвязьням. Пра гэта паведаміў мэдыяпраект «Сетевые Свободы».
Другі Заходні акруговы вайсковы суд у Маскве прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Расеі («Акт тэрарызму»). Падставай для перасьледу журналісткі паслужылі дзьве публікацыі, разьмешчаныя летам 2022 году ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».
У адным паведамленьні Меньшыкава заклікала пісаць лісты расейцам Дзянісу Сердзюкову, Ільлі Фарбэру і Дзьмітрыю Ляміну, асуджаным за падпал вайсковых камісарыятаў. У другім запісе ў сацыяльнай сетцы журналістка заклікала пісаць беларускім палітвязьням Дзянісу Дзікуну, Дзьмітрыю Равічу і Алегу Малчанаву, якім прысудзілі доўгія тэрміны зьняволеньня ў «справе сьветлагорскіх партызанаў».
За кожную з публікацый Меньшыкавай прызначылі па 3,5 года пазбаўленьня волі.
З 2022 году да праяў «тэрарызму» у Расеі прыраўноўваюць публічныя паведамленьні з «апраўданьнем тэрарызму ў інтэрнэце».
Працэс праходзіў завочна, бо Меньшыкава ўжо знаходзіцца за межамі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве завочна арыштаваў двух беларускіх добраахвотнікаў. Што вядомаСправа «сьветлагорскіх партызанаў»
Дзяніса Дзікуна асудзілі ў канцы 2022 году разам зь яшчэ двума «рэйкавымі партызанамі» са Сьветлагорску — Алегам Малчанавым і Дзьмітрыем Равічам, яны атрымалі тэрміны ад 21 да 23 гадоў калёніі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на чыгуначнай станцыі Жэрдзь-Астанкавічы 28 лютага, на чацьвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і сувязь з ByPol.
Сьветлагорцаў затрымалі 4 сакавіка 2022 году і зьмясьцілі пад варту. Яшчэ да суду іх унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».
Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазыцыя палітвязьняў у справе невядомая. Прысуд вынес судзьдзя Анатоль Сотнікаў.
Дзяніса Дзікуна ў канцы красавіка 2023 году перавялі ў горацкую калёнію, дзе неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ. Пазьней па ініцыятыве адміністрацыі калёніі на палітвязьня завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі») і дадалі да ягонага тэрміну яшчэ 2 гады.
Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: «рэйкаваму партызану» Дзянісу Дзікуну да 23 гадоў калёніі дадалі яшчэ 2 гады па новай справе