Беларуская рады культуры ініцыявала збор дапамогі цяжка хворай беларускай мастачцы Ніне Маргаевай, якая цяпер вымушана жыве ў эміграцыі ў Польшчы.
Ніна Маргаева — мастак-пэдагог зь Беларусі. Два гады таму яна з 12-гадовым сынам Міронам была вымушаная выехаць зь Беларусі ў Польшчу, дзе атрымала статус дадатковай абароны.
У студзені 2023 году ў Варшаве ў Ніны Маргаевай дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз. На цяперашні момант гэтая хвароба зьяўляецца невылечнай.
«На жаль, хвароба хутка прагрэсуе, таму я вымушаная зьвярнуцца да вас па дапамогу. Цяпер я здымаю кватэру, утрымліваю сына і пакрываю ўсе выдаткі на лячэньне. Мой фізычны стан значна пагоршыўся (не магу рухацца без падтрымкі, рукі амаль не працуюць, худнею), і мне патрэбная дапамога апекуна, якому таксама трэба плаціць», — апісала сытуацыю сама Ніна Маргаева ў паведамленьні пра збор грошай для яе, які запусьціў польскі Фонд дапамогі дзецям і хворым людзям «Кавалачак неба».
Беларуская рада культуры 30 верасьня вырашыла правесьці акцыю Тыдзень салідарнасьці з мастачкай: у рамках акцыі Рада паабяцала перадаць усе данаты, якія паступяць ёй цягам гэтага тыдня, Ніне Маргаевай. Акрамя гэтага, Рада паабяцала шукаць дадатковыя магчымасьці для дапамогі мастачцы.
- Варта памятаць пра небясьпеку любых данатаў за мяжу для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Вядома пра шматлікія выпадкі затрыманьняў і крымінальнага перасьледу беларусаў за данаты ў розныя фонды салідарнасьці і іншыя арганізацыі і ініцыятывы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», а таксама за дапамогу палітвязьням і пацярпелым ад рэпрэсіяў.
- У BySol раяць пры пераводах выконваць два правілы: карыстацца VPN і пераводзіць грошы з карты банка, зарэгістраванага не на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Калі карты замежнага банка ў вас няма, лепш папрасіць перавесьці грошы таго, хто такую мае, але не рызыкаваць і не рабіць ахвяраваньняў зь беларускай карты.