Вадзім Доўнар працаваў у выданьнях «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета», на Радыё Рацыя, на ўкраінскім тэлеканале ATR. Удзельнічаў у блякадзе Крыму ў Чангары. Апошнім часам адміністраваў тэлеграм-канал Мікалая Аўтуховіча «Да Волі».
Арганізатары збору падзякавалі ўсім, хто падтрымаў Вадзіма папярэднім разам. 13 траўня хворага беларускага журналіста Вадзіма Доўнара валянтэры даставілі ў Польшчу з надзеяй, што там яму правядуць апэрацыю трансплянтацыі пячонкі. Аднак сытуацыя ўскладнілася, піша БАЖ. Пры рыхтаваньні трансплянтацыі выявіліся абставіны, якія не дазвалялі правесьці апэрацыю. Яе адклалі на няпэўны час, і ёсьць разуменьне, што Вадзім можа не дажыць да новай апэрацыі, адзначае арганізацыя.
«Мы таксама ўпэўненыя, што кожны чалавек мае права на годнае жыцьцё, нават калі ад яго ўжо мала што залежыць», — гавораць у BySol.
Новы збор будзе накіраваны на паліятыўную дапамогу Вадзіму. Ахвяраваньні дапамогуць аплаціць неабходнае мэдычнае абсталяваньне, лекі і паслугі мэдычнага пэрсаналу, неабходныя Вадзіму на гэты момант.
Сума збору — 7000 эўра. Іх хопіць на 4 месяцы: 500 эўра пойдзе на пакрыцьцё запазычанасьці за шпіталь у Кракаве, 2000 эўра — на жыльлё, 1600 эўра — сядзелка , 2900 эўра — ежа і неабходныя лекі.
- У мінулыя гады беларусы ня раз зьбіралі грошы на лячэньне хворых суайчыньнікаў. У 2023 годзе у Бэрліне на сабраныя беларусамі грошы была зробленая апэрацыя Віталю Тысеву. У 2024 годзе на лячэньне згвалтаванай у Варшаве беларускі Лізаветы за некалькі дзён сабралі 547 817 злотых (137,4 тысячы даляраў) з заяўленых 800 тысяч. Сродкі перавёў 10 471 чалавек.
Форум